Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 сакавіка: жорсткая дэпіляцыя бэнзапілой


На дзяржаўным тэлебачаньні ў барацьбе паміж фэмінізмам і патрыярхатам перамаглі грошы.

Сёньняшнюю раніцу я пачала з праграмай «Наша раніца» на АНТ, — надта ўжо заінтрыгавала абвестка, што 8 сакавіка ў эфіры будзе «своеасаблівы патрыярхат». Нам абяцалі «ідэальны жаночы дзень вачыма мужчын» зь неафіцыйным слоганам сьвяточнай праграмы «Адчуйце наш боль, мужчыны!». Так я даведалася, што ідэальны жаночы дзень вачыма мужчын — гэта дзень, поўны болю.

Высьветлілася, што найлепшы падарунак каханай — гэта калготы.

З самой перадачы высьветлілася, што дзьве найвялікшыя любові ўсіх жанчын — гэта мужчыны і шопінг, а найлепшы падарунак каханай — гэта калготы. Вядоўца разам з прадстаўніцай кампаніі па вытворчасьці калготаў доўга і непрыстойна штучна абмяркоўвалі, як выбраць правільную пару (падглядзець у шафе, які памер носіць жанчына), і што зялёныя калготы — гэта найлепшы спосаб ашчасьлівіць жанчыну, бо яны а) шыкоўныя, б) цяпер у модзе.

У мяне склалася адчуваньне, што калі ў наступным сакавіку нейкая кампанія, што прадае бэнзапілы, захоча рэкляму на АНТ, раніцай восьмага сакавіка нам раскажуць, што менавіта бэнзапіла — тое, што можа зрабіць шчасьлівай любую жанчыну. Багіні і багі маркетынгу, гэта ваш шанец!

Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Пакуль што ў эфіры восьмага сакавіка па-ранейшаму гучаць стандартныя пажаданьні «любові», «каханьня», «кветак», «маладосьці» і «прыгажосьці», але запалу ў галасах вядучых ужо няма. Гэта ўсё — па інэрцыі.

Яны па інэрцыі ўстаўляюць у праграму «ідэальнага жаночага дня» дэпіляцыю, бо звыклі да шаблённага ланцужку думкі «любая жанчына хоча быць прыгожай — прыгажосьць патрабуе ахвяраў — любой жанчыне ў радасьць ахвяры дзеля прыгажосьці». Але калі вядучы Яўген Булка крычыць ад болю падчас дэпіляцыі, дык ужо немагчыма паверыць, што гэтая працэдура можа быць часткай ідэальнага дня.

У эфіры панавала канцэпцыя «нічога асабістага — проста бізнэс».

Калі б ранішняя праграма была пра ідэальны дзень, дык лягічнай высновай было б «кіньце вы ўсе гэтыя дэпіляцыі і іншы мазахізм». Але ў эфіры панавала канцэпцыя «нічога асабістага — проста бізнэс». Таму нам прапанавалі лязэрную эпіляцыю як альтэрнатыву васковай дэпіляцыі. Гэта нібыта не балюча і нібыта назаўжды пазбаўляе «няправільных» валасоў. Мяркуючы па шматлікіх водгуках жанчын, і тое, і другое — хлусьня, але чаго не зробіш дзеля рэклямы!

Карацей, сьвяточны эфір атрымаўся зусім не сьвяточным. Вядучыя спрабавалі схаваць бясконцую рэкляму ў патрыярхальную абгортку з пажаданьняў жанчынам быць прыгожымі і радаваць іх (мужчын) вочы, але выглядалі гэтыя спробы вельмі няўдала. Хай у наступным годзе і праўда замест рэклямы дэпіляцыі будзе сюжэт пра бэнзапілы, — ёсьць верагоднасьць, што гэта будзе прынамсі весела.

Ты дачакалася вясны
Але няма бэнзапілы
Каб гэты дуб хутчэй сьпіліць
І наймілейшай ў сьвеце быць

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG