Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Значыць, трэба закрываць межы». Маці асуджаных за распаўсюд наркотыкаў крытыкуюць пазыцыю міністра Шуневіча


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Сябры грамадзкіх ініцыятываў «Маці 328» і «Наша права», у якія аб’ядналіся бацькі асуджаных за распаўсюд наркотыкаў, зьбіраюць подпісы пад чарговым зваротам у кіроўныя органы краіны з заклікам зьмякчыць 328 артыкул Крымінальнага кодэксу і ўдасканаліць практыку ягонага прымяненьня.

«Мы ўжо зьвярталіся ў Нацыянальны сход і шмат каго там пераканалі, што зьмены да палягчэньня адказнасьці патрэбныя. У Адміністрацыі прэзыдэнта, у пракуратуры з намі таксама шмат хто пагаджаецца. Але ведаем, што ў Вярхоўным судзе і Міністэрстве ўнутраных спраў — супраць. Але мы спадзяёмся на чарговую судовую рэформу і зноў зьбіраем подпісы», — сказала карэспандэнту Свабоды актывістка ініцыятывы «Наша права» Алёна Яцкевіч.

Алёна Яцкевіч не пагадзілася зь міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам, які ў тэлепраграме «Контуры» выказаўся супраць лібэралізацыі законаў адносна распаўсюду наркотыкаў.

«Мы дапускаем магчымасьць разгляду гэтага пытаньня заканадаўцамі. Але маё цьвёрдае перакананьне, што мы дасягнулі пэўных — хай не звышсур’ёзных — вынікаў (у барацьбе з наркотыкамі). І рабіць крок назад, на нашу думку, нельга. Але калі будзе прыняты такі закон, дык мы, людзі ў пагонах, натуральна, яго будзем выконваць», — сказаў Ігар Шуневіч 4 сакавіка.

«Сядзіць 9 гадоў за 0,3 грама»

Алёна Яцкевіч
Алёна Яцкевіч

Чаму прапануюць удасканаліць антынаркатычны артыкул Крымінальнага кодэксу маці асуджаных за распаўсюд наркотыкаў?

У Алёны Яцкевіч сын адбыў 3 гады з 9 прысуджаных. Ён мае цяжкую інваліднасьць, але гэта не дае права на датэрміновае вызваленьне.

«Сядзіць за знойдзеныя ў яго 0,3 грама. А людзі, якія завозяць наркотыкі чамаданамі, маюць тыя ж тэрміны», — кажа Алёна. Яе прэтэнзіі да дзейных антынаркатычных артыкулаў у асноўным такія: яны дазваляюць выносіць пакараньні, несувымерныя з учынкамі, а практыка перасьледу за наркотыкі поўная памылак, правакацый, а часам і фальшывых спраў.

«Павінна быць нейкае разьмежаваньне паводле памеру. У сына знайшлі 0,3 грама курыльнай сумесі, але колькі там наркотыку, дык ніхто і не вызначаў, хоць варта было б. Напісалі ў справе, што „меў намер на збыт“, і суд з гэтым пагадзіўся.

Ведаю, што ёсьць справы, дзе кіляграмамі марыхуану прадавалі, дык тыя ж тэрміны даў суд, што мой сын за 0,3 грама невядома чаго. І такіх спраў — большасьць, калі садзяць па дробязі, прыдумляючы збыт. Падзяліўся ў кампаніі цыгарэтай — ужо збытчык! Поўна спраў, дзе напісана: „У нявысьветленым месцы, у нявысьветлены час, з мэтай збыту“...

Пры гэтым распаўсюднікі вялікіх партый наркотыкаў, сапраўдныя наркабароны рэдка трапляюць у іхнія сеткі, сам Шуневіч гэта прызнае. Але ж такая барацьба нічога ня дасьць. Калі ня можаце злавіць сапраўдных дылераў, дык зачыняйце межы, бо вязуць жа да нас наркотыкі чамаданамі», — абураецца Алёна Яцкевіч.

Жанчына дадае, што па-ранейшаму ў інтэрнэце поўна сайтаў, якія прапаноўваюць наркотыкі.

«Вось сёньня набярыце ў інтэрнэце „купіць курыльную сумесь“, і вам выскачыць неймаверная колькасьць прапаноў. Як тры гады таму было, калі падвысілі адказнасьць за распаўсюд наркотыкаў, гэтак усё застаецца і цяпер. Наркакантроль кажа, што яны іх закрываюць, але тыя, маўляў, зноў адчыняюцца. Але ёсьць жа ў нас кампутарныя адмыслоўцы-геніі. Няўжо нельга адразу заблякаваць такія сайты, як толькі яны зьяўляюцца?» — абураецца Алёна Яцкевіч.

«Ужо 15 тысяч сядзіць за наркотыкі. Якімі яны вернуцца?»

Ірына, актывістка ініцыятывы «Маці 328», таксама змагаецца за ўдасканаленьне сыстэмы адказнасьці за распаўсюд наркотыкаў.

«Тое, што цяпер робяць зь юнакамі, якія раз аступіліся, мы ўспрымаем як генацыд. Бо за кратамі апынуліся яшчэ дзеці: 17, 18, 19 гадоў — сярэдні ўзрост. Калі ёсьць сярод іх да 30 гадоў, дык іх няшмат. І вось уявіце сабе — яны будуць сядзець па 10–15 гадоў. І якімі яны вярнуцца адтуль? Гэта ж будуць абвучаныя зэкі — 15 тысяч. Як іх прыме грамадзтва? Куды іх працаўладкаваць? Да таго ж сярод іх шмат залежных ад наркотыкаў, а іх там ніхто ня лечыць».

Ірына прапануе зьменшыць ніжні парог пакараньня за распаўсюд наркотыкаў ды даць магчымасьць судзьдзям улічваць тое, што малады чалавек памыліўся ўпершыню. Таксама яна прапануе ўвесьці розную адказнасьць за распаўсюд розных наркотыкаў у залежнасьці ад іх шкоднасьці. «За моцныя наркотыкі — адно пакараньне, за слабыя — іншая сыстэма», — кажа Ірына.

У Ірыны сын за кратамі зь сярэдзіны 2016 году. Першы прысуд юнаку адмянілі, цяпер у Жодзінскім ізалятары ён чакае новага суду.

«Сын курыў каноплі, якія сам вырошчваў. Гэта тая ж марыхуана, лёгкі наркотык, які шмат дзе ўвогуле легалізаваны. Ён ня піў, не хуліганіў, як іншыя хлопцы ў пад’езьдзе. Цяпер сьвеціць да 15 гадоў. За што такое жорсткае пакараньне?» — Ірына падтрымлівае тых, хто выступае за легалізацыю марыхуаны.

У руху «Маці 328» спаслаліся на досьвед змаганьня з наркотыкамі ў Кітаі, дзе буйных наркадылераў караюць вельмі жорстка, аж да расстрэлу, але знойдзеная ў кішэні юнака «трава» цягне толькі на адміністрацыйнае пакараньне.

«Моладзь трэба выхоўваць, пераконваць, а ня толькі караць», — кажа Ларыса Жыгар з ініцыятывы «Маці 328».

Ларыса Жыгар
Ларыса Жыгар

«Ёсьць беларускі банк, празь які ідуць наркатычныя грошы, але яго не чапаюць»

Яшчэ адна істотная праблема, паводле Ірыны з руху «Маці 328», — у дрэннай практыцы ўжываньня антынаркатычных законаў.

«Праваахоўнікі працуюць з калясальнымі парушэньнямі. Звычайная рэч — адсутнасьць сапраўднай базы доказаў. Яны проста хапаюць гэтых неразумных падлеткаў, правакуюць адных супраць іншых, пішуць ім распаўсюд і адпраўляюць справы ў суды, дзе гэтак жа хутка штампуюць абвінаваўчыя прысуды».

Міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч у праграме «Контуры» сказаў, што наркотыкі спараджаюць шэраг іншых злачынстваў, зь якімі павінны змагацца праваахоўнікі. Ірына з руху «Маці 328» з гэтым згодная.

«Але чаму праваахоўнікі дазваляюць дзейнасьць па распаўсюдзе наркотыкаў у шырокім асартымэнце праз інтэрнэт?», — пытаецца Ірына.

Паводле яе зьвестак, у краіне дзейнічае сама меней 76 інтэрнэт-крамаў, якія прапануюць вялікі асартымэнт наркотыкаў, у тым ліку цяжкіх. Чаму ж не ўдаецца прыцягнуць арганізатараў гэтай сеткі да адказнасьці?

«У іх як прыдумана? Ёсьць інтэрнэт-крамы, якія працуюць, а ёсьць такія, што сьпяць, але гатовыя ў любы момант запрацаваць, калі зачыняць дзейныя крамы.

Дзейнічае плацёжная сыстэма, якая забясьпечвае аплату праз адзін зь вядомых беларускіх банкаў, у якім адкрытыя рахункі пэўных асобаў, якія не прайшлі вэрыфікацыі. Праваахоўнікі добра ведаюць пра гэты банк, ведаюць, што ён парушае пункт 16 дэкрэту № 6, але ніякіх захадаў ня робяць.

Між тым забаронена фізычным асобам, якія не прайшлі вэрыфікацыі, адкрываць рахунак у банку. Але яны дзейнічаюць, такіх рахункаў, паводле нашых зьвестак, у гэтым банку больш за сто. Плацяжы па іх ужо сёлета перасягнулі некалькі мільёнаў даляраў.

Дык вось, плацяжы з інтэрнэт-крамаў праходзяць менавіта па рахунках таго банку і сыходзяць у Расею, а адтуль трапляюць на амэрыканскі рынак. Карацей, гэта цэлая сыстэма фінансавых апэрацый.

Але чамусьці нашы праваахоўнікі яе не спыняюць. Ім, відаць, гэтак лягчэй — змагацца з дробнымі „закладчыкамі“», — мяркуе Ірына.

«Хацела быць чэмпіёнкай у боксе». Як 16-гадовая магіляўчанка атрымала 8 гадоў «за наркотыкі»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG