Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «чэмпіянаце па штрафах» сярод журналістаў зьмяніўся лідэр: суд аштрафаваў Жукоўскага яшчэ на 245 рублёў


Кастусь Жукоўскі

Суд Чыгуначнага раёну Гомля пакараў 7 сакавіка былога кандыдата ў дэпутаты Кастуся Жукоўскага штрафам у памеры 245 рублёў за паклёп на супрацоўніка ДАІ.

Агулам сума штрафаў Жукоўскага з улікам сёньняшняга склала 2205 рублёў (раней яго штрафавалі за супрацу з тэлеканалам «Белсат» ў якасьці журналіста-фрылянсэра). Гэта на 49 рублёў больш, чым у ранейшага лідэра — журналіста з Глыбокага Зьмітра Лупача.

Жукоўскаму далі штраф за «пярэваратня ў пагонах»

Яшчэ падчас выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы Жукоўскі, будучы кандыдатам у дэпутаты Гомельскіх абласнога й гарадзкога саветаў, зладзіў пікет каля ўправы дзяржаўтаінспэкцыі на вуліцы Фядзюнінскага. Крытычныя выказваньні кандыдата на пікеце абярнуліся адміністрацыйнай справай. Старшы інспэктар ДАІ, маёр міліцыі Ўладзімер Кадзетаў напісаў заяву ў Чыгуначны РАУС, што Жукоўскі паклёпнічаў на яго — называў «пярэваратнем у пагонах», які «ня мае права служыць у міліцыі», казаў пра складаньне «ліпавых» пратаколаў.

На падставе заявы Кадзетава і быў складзены адміністрацыйны пратакол пра паклёп (артыкул 9.2 КаАП), які разгледзеў сёньня судзьдзя Чыгуначнага раёну Дзьмітры Дзябой.

«Я ў міліцыі служу дваццаць гадоў, у тым ліку пятнаццаць — у ДАІ. Маю адзнакі „Выдатнік ДАІ“ і „За выдатную службу“. Пратаколаў склаў за гады службы шмат, ніякія суды іх не адмянялі», — казаў у судзе Кадзетаў.

Жукоўскі віны не прызнаў, але пацьвердзіў, што сапраўды ўжываў занатаваныя ў адміністрацыйным пратаколе выразы. Ён згадваў, што фраза «пярэваратні ў пагонах» была ў ягонай перадвыбарчай праграме, і паабяцаў абскардзіць штраф.

Жукоўскі патлумачыў, што ягоныя выказваньні грунтаваліся на відэаздымках складаньня Кадзетавым двух пратаколаў на гомельскага будаўніка Паўла Главацкага.

Тыя пратаколы, казаў ён, не адпавядалі рэчаіснасьці. Суд Чыгуначнага раёну адмяніў на той час штраф Главацкаму, накладзены міжраённым аддзелам ДАІ за нібыта парушэньне ім як пешаходам правілаў дарожнага руху.

Пра гэта сьведчыў сёньня ў судзе і сам Павал Главацкі, прынёс нават відэазапіс падзеі. Аднак судзьдзя Дзябой не задаволіў хадайніцтва адказчыка, які прасіў далучыць гэты відэазапіс да справы, — палічыў яго недатычным да цяперашняга разбору. Зачытаў таксама даведку з ДАІ: міжраённы аддзел паўторна аштрафаваў будаўніка Главацкага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG