Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За патрыятызмам і ўкраінізацыяй схавалася ўсё тая ж савецкая сыстэма


У пачатку лютага кіраўнік Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці Ўладзімір Вятровіч даў справаздачу аб фактычным завяршэньні дэкамунізацыі ва Ўкраіне.

Паводле яго словаў, перайменавалі 52000 вуліц і дэмантавалі 2,5 тысячы помнікаў Леніну ды «іншым камуністычным правадырам» на тэрыторыі Ўкраіны. Такім чынам плян выкананы. А дэкамунізацыю, як працэс пазбаўленьня ад сымбаляў камуністычнага рэжыму, прадстаўляюць як самую пасьпяховую рэформу пасьля Майдана.

20-21 лютага 2014 пачалася стыхійная дэкамунізацыя. Помнікі зносілі і да гэтага, але ніколі ў такім маштабе і з такой рашучасьцю. Знос помнікаў Леніну ва Ўкраіне стаў фэномэнам найноўшай гісторыі Ўкраіны, неад’емнай часткай Рэвалюцыі годнасьці, яе візуальным увасабленьнем.

Акт зносу помніка Леніна паказаў погляды ўкраінскага грамадзтва на ўнутраную і зьнешнюю палітыку ў сытуацыі, калі іншых сродкаў данесьці сваю незадаволенасьць ня было.

Для мяне тыя падзеі мелі і прафэсійны інтарэс. У 2013 годзе я наведала гарады і мястэчкі Цэнтральнай Украіны з мэтай зафіксаваць помнікі Леніну, якія заставаліся амаль на кожнай гарадзкой плошчы. Вынікам падарожжа і шматгадовай навуковай працы стала дысэртацыйная праца, а пасьля і кніга «Каменны госьць: Ленін у Цэнтральнай Украіне». Выхад кнігі супаў з афіцыйным завяршэньнем дэкамунізацыі. Сёньня помнікі Леніну, як і вуліцы зь яго імем, застаюцца толькі на акупаваных тэрыторыях.

Дэмантаж помніка Леніну ў Запарожжы. 17 траўня 2016г.
Дэмантаж помніка Леніну ў Запарожжы. 17 траўня 2016г.

Але ці зрабіў посьпех дэкамунізацыі нас бліжэй да Эўропы і яе каштоўнасьцяў? Наша разуменьне савецкасьці, як і эўрапейскасьці, даволі вузкае. Апошняе часта зводзіцца толькі да ўзроўню жыцьця і якасных сацыяльных паслуг. Затое застаюцца па-за ўвагай такія характарыстыкі краін Эўропы як адкрытасьць, калі праца ўстаноў і іх кіраўнікоў зьяўляецца адкрытай для грамадзкасьці, і сумленнасьць, калі плягіят зьяўляецца падставай для адстаўкі міністра. Зразумела, пазбавіцца ад помнікаў было прасьцей, чым дэсаветызаваць грамадзтва і ўладу.

У заходнеўкраінскім Тэрнопалі знімаюць помнік Леніну. 8 жніўня 1990 г.
У заходнеўкраінскім Тэрнопалі знімаюць помнік Леніну. 8 жніўня 1990 г.

Мы пасьпелі прызвычаіцца і ўжыцца з савецкімі практыкамі і сьветапоглядамі. Больш за тое, постсавецкі пэрыяд зрабіў «савецкае» яшчэ больш жывучым, трансфармаваўшы і прыстасаваўшы яго да новых умоў. «Савецкасьць» цяжка ўлавіць і ідэнтыфікаваць, часта мы не заўважаем (або робім выгляд, што не заўважаем) праявы гэтай савецкасьці ў нашай штодзённасьці.

Мітынг каля будынку ЦК КПУ на наступны дзень пасьля абвешчаньня незалежнасьці Ўкраіны. 25 жніўня 1991 г.
Мітынг каля будынку ЦК КПУ на наступны дзень пасьля абвешчаньня незалежнасьці Ўкраіны. 25 жніўня 1991 г.

Сёньня стала грамадзкай нормай мець антысавецкія погляды і асуджаць любыя праявы настальгіі па СССР, і адначасова кожны дзень ужываць савецкія практыкі. Узьнікае парадаксальная сытуацыя, калі дастаткова маладыя людзі ня менш савецкія, чым людзі старэйшага ўзросту.

Гэта пацьвярджаюць і вынікі дасьледаваньня. Паводле апытаньня, праведзенага Цэнтрам «Новая Эўропа» (разам з GfK і Фондам Фрыдрыха Эбэрта), маладыя ўкраінцы ў цэлым гатовыя мірыцца з карупцыяй. Толькі траціна апытаных заявіла, што хабарніцтва не мае апраўданьня. 51% падтрымалі тэзіс пра неабходнасьць «моцнай рукі», якая кіравала Украінай для грамадзкага дабра. Хоць 58% апытаных наогул пагаджаюцца з тым, што дэмакратыя зьяўляецца добрай формай праўленьня. А 79% апытаных заявіла, што для працаўладкаваньня перш за ўсё неабходныя сувязі.

Гэтыя людзі вырасьлі ўжо ў незалежнай Украіне і хадзілі ва ўкраінскую школу, якая, як бачым, таксама спрыяе ўзнаўленьню савецкіх установак.

Хто ж такі homo sovieticus? Ёсьць шэраг крытэрыяў, па якіх вымяраюць прыхільнасьць савецкаму пэрыяду. У прыватнасьці, гэта: захаваньне савецкіх помнікаў і сьвятаў, а таксама станоўчая адзнака дзеячаў таго пэрыяду. Ва Ўкраіне няўхільна памяншаецца колькасьць тых, хто станоўча ставіцца да савецкіх сымбаляў, сьвяткуе савецкія даты.

Паводле апытаньня Цэнтра Разумкава, у 2016 годзе толькі 10% украінцаў паказалі сваю прыналежнасьць да савецкай культурнай традыцыі.

Ад распаду СССР прайшло ўжо амаль тры дзесяцігодзьдзі. Значная частка насельніцтва ня мае непасрэднага вопыту жыцьця пры камуністычным ладзе. Таму, наколькі мэтазгодна пытацца пра настальгію па СССР? Гэтае пытаньне дагэтуль часта зьяўляецца ў апытаньнях. Ці не правакуе яно толькі канфлікт? Замест таго, каб дапамагчы зразумець, як мінулае ўплывае на нашу сучаснасьць.

Уплыў савецкага пэрыяду на сучаснае ўкраінскае грамадзтва надзвычай цяжка ахапіць. Да гэтага часу мы маем справу з захаваньнем і прайграваньнем савецкай культуры кіраваньня і камунікацыі.

Акцыя "Пахаваньне СССР", арганізаваная Суполкай незалежнай моладзі Ўкраіны. Кіеў, 1 кастрычніка 1990 г.
Акцыя "Пахаваньне СССР", арганізаваная Суполкай незалежнай моладзі Ўкраіны. Кіеў, 1 кастрычніка 1990 г.

У 1990-х гадах былыя савецкія інстытуты былі перайменаваныя, але не рэфармаваныя. А новыя ўстановы ствараліся на ўзор папярэдніх. Згодна з мадэльлю паводзінаў і кіраваньня, адносінаў унутры ўстановы, арганізацыя працы заставалася бязь зьменаў. Часта некаторыя асобы заяўляюць пра імкненьне да адкрытасьці, роўнасьці, сумленнасьці, а на практыцы дзейнічае па-іншаму, паказваючы на тое, што гэта толькі тэорыя, а рэальнасьць патрабуе зусім іншага.

Іншай праявай савецкасьці ёсьць жаданьне асоб, якія займаюць высокія і ня вельмі пасады ў органах улады, атрымаць «асаблівае» абслугоўваньне ў падсправаздачных ім установах і арганізацыях. А тыя, у сваю чаргу, прывыклі не супярэчыць кіраўніцтву, ад якога залежыць (або яны думаюць, што залежыць) абсалютна ўсё.

Спроба зьмяніць мадэлі кіраваньня і працоўных адносінаў стала значна больш вялікім выклікам, чым знос скампрамэтаваных сымбаляў, але і больш актуальным. Пры гэтым, памылкова лічыць, што вірусам «савецкасьці» заражаныя толькі дзяржустановы. Іх дзейнасьць проста больш заўважна.

Пашкоджаны невядомымі помнік савецкаму дзеячу Мікалаю Шчорсу ў Кіеве, які падлягае дэкамунізацыі. 2017 год.
Пашкоджаны невядомымі помнік савецкаму дзеячу Мікалаю Шчорсу ў Кіеве, які падлягае дэкамунізацыі. 2017 год.

Вядома, пасьля Майдана нямала чаго зьмянілася, пачаліся рэформы ў асобных сфэрах. Хочацца думаць, што насельніцтва гатова да пераменаў. Магчыма, нават ёсьць палітычная воля на гэта. Але ці ўсьведамляем мы да канца сутнасьць гэтых зьмен, як яны зьменяць наша паўсядзённае жыцьцё? Ці не здарыцца нешта, як са Шчорсам у Кіеве, калі неадназначны і канфліктны помнік проста зачынілі вялікім сьцягам Украіны. У выніку, за патрыятызмам і ўкраінізацыяй схавалася ўсё тая ж савецкая сыстэма.

Аляксандра Гайдай — кандыдат гістарычных навук, навуковы супрацоўнік Музэя гісторыі Кіева. Выпускніца Нацыянальнага унівэрсытэта «Кіева-Магілянская акадэмія». Аўтар кнігі «Каменны госьць: Ленін у Цэнтральнай Украіне»

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG