Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рассельгаснагляд» наступае: пастаўкі фальсыфікаванай прадукцыі зь Беларусі набылі сыстэмны характар


Беларускае малако
Беларускае малако

Пастаўкі фальсыфікаванай малочнай прадукцыі зь Беларусі набылі сыстэмны характар. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні «Рассельгаснагляду».

Як адзначае ведамства, чарговым разам выяўлена наяўнасьць сухога малака ў вяршках, вырабленых ААТ «Мілкавіта». Акрамя таго, у канцэнтраваным малацэ гомельскага прадпрыемства таксама знойдзены аксібэндазол.

У сувязі зь неаднаразовым парушэньнем расейскага заканадаўства прынятае рашэньне аб увядзеньні абмежаваньняў на пастаўкі прадукцыі кампаніі, пачынаючы ад 6 сакавіка. «Мілкавіта» стала трэцім за тыдзень прадпрыемствам, якое спрабавала ўвезьці фальсыфікаваную прадукцыю. Раней аналягічныя парушэньні былі выяўленыя ў Глыбоцкага малочна-кансэрвавага камбінату і Слуцкага сыраробнага камбінату.

Акрамя таго, з аналягічных прычынаў уведзены шэраг захадаў абмежавальнага характару супраць іншых прадпрыемстваў. Так, уводзіцца ўзмоцнены лябараторны кантроль у дачыненьні да ААТ «Бабруйскі мясакамбінат» (бактэрыі групы Listeria); ААТ «Малако», вытворчы цэх Шуміліна (альбэндазолу сульфон); ААТ «Слуцкі мясакамбінат» (сальманэла ў ялавічыне); СТАА «Старфуд» (паўторнае выяўленьне доксіцыкліну).

Раней «Рассельгаснагляд» прыгразіў цалкам забараніць пастаўку малочнай прадукцыі зь Беларусі, пачынаючы ад 6 сакавіка. Але цяпер у Маскве праходзяць перамовы на чале зь віцэ-прэм’ерам Міхаілам Русым і міністрам сельскай гаспадаркі Леанідам Зайцам.

Чыноўнікі спадзяюцца, што да спыненьня экспарту справа ня дойдзе — Беларусь на малочным бізнэсе зарабляе 3 мільярды даляраў штогод.

У сваю чаргу Аляксандар Лукашэнка прыгразіў контрасанкцыямі, заявіўшы, што «без адказу такія рэчы не застануцца».

Беларуска-расейская харчовая вайна: 10 апошніх забаронаў на ўвоз беларускай прадукцыі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG