Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ты заседзеўся». Актывістка FEMEN паспрабавала перашкодзіць Бэрлюсконі прагаласаваць


Напаўаголеная актывістка руху FEMEN заскочыла на стол з выбарчымі бюлетэнямі перад былым прэм’ер-міністрам Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі, калі ён прыйшоў прагаласаваць на ўчастак.

Падчас акцыі дзяўчына крычала «Час сышоў, Бэрлюсконі. Ты заседзеўся». Празь некалькі сэкунд ахоўнікі зьнялі дзяўчыну са стала і вынесьлі з залі, а палітык прагаласаваў.

У Італіі сёньня праходзяць парлямэнцкія выбары. На перамогу прэтэндуюць тры галоўныя палітычныя сілы — правацэнтрысцкая кааліцыя былога прэм’ер-міністра Сыльвіё Бэрлюсконі, кіруючыя левацэнтрысты і папулісцкая «Рух пяці зорак».

Сацыялягічныя апытаньні ў апошнія два тыдні перад галасаваньнем не праводзіліся, што абцяжарвае прагнозы. Паводле апошніх апытаньняў, праведзеных у сярэдзіне лютага, лідзіравала кааліцыя Бэрлюсконі. Аднак, па дадзеных тых жа апытаньняў, ніводная з палітычных сілаў не атрымае абсалютнай большасьці, а такім чынам, неабходна будзе стварыць кааліцыйны ўрад.

Сытуацыя ўскладняецца тым, што сам Бэрлюсконі нават у выпадку перамогі правацэнтрысцкай кааліцыі ня зможа заняць пасаду прэмʼера, бо ён быў раней асуджаны за фінансавыя злачынствы. Экс-прэмʼер падтрымлівае кандыдатуру кіраўніка Эўрапарлямэнту Антоніё Таяні на пасаду кіраўніка ўраду. Аднак калі партыя Бэрлюсконі атрымае на выбарах менш галасоў, чым яе саюзьнікі па кааліцыі з Лігі Поўначы, на пасаду прэмʼера будзе прэтэндаваць ужо кіраўнік Лігі Поўначы Матэа Сальвіні. Гэты палітык вядомы рэзкай антымігранцкай рыторыкай і сымпатыяй да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

Папярэднія вынікі галасаваньня стануць вядомыя ў ноч на панядзелак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG