Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пайшла з жыцьця мовазнаўца Валянціна Лемцюгова


Валянціна Лемцюгова была адным з рэдактараў "Слоўніка мовы "Нашай Нівы".
Валянціна Лемцюгова была адным з рэдактараў "Слоўніка мовы "Нашай Нівы".

Аб гэтым у сваім фэйсбуку паведаміла дэпутат і старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім.

«Учора не стала Валянціны Пятроўны Лемцюговай. 14 траўня 1991 году яна, як загадчык аддзела лексікалёгіі, брала мяне на працу ў Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, — напісала Анісім. — Зь яе імем зьвязана шмат важных для Беларусі і нашай філялягічнай навукі даследаваньняў. Але для мяне найперш яна была добразычлівым чалавекам, унікальнай жанчынай, выдатным навукоўцам, сапраўднай беларускай патрыёткай. Дастаткова прыгадаць, як яна адстойвала артыкул у Законе аб геаграфічных назвах, у якім прапісана, што спачатку назва даецца на беларускай мове».

У размове са Свабодай Алена Анісім пацьвердзіла, што Валянціна Лемцюгова сышла з жыцьця 3 сакавіка.

«Валянціна Пятроўна Лемцюгова ініцыявала распрацоўку і выданьне ўнікальнага «Слоўніка мовы „Нашай Нівы“ (1906-1915гг), — гаворыцца ў заяве ТБМ з нагоды сьмерці мовазнаўцы. — Пры яе непасрэдным удзеле быў прыняты Закон аб геаграфічных назвах, у якім юрыдычна замацавана практыка першаснага прысваеньня назваў геаграфічным аб’ектам на беларускай мове, перадача іх на лацінку, а таксама на іншыя мовы. Дзякуючы яе руплівай працы быў выдадзены нарматыўны Даведнік назваў населеных пунктаў па шасьці абласьцях. Нават такі кароткі пералік сьведчыць пра тое, што свае навуковыя намаганьні Валянціна Пятроўна накіроўвала на актуальныя для Беларусі даследаваньні. Мы, сябры Таварыства беларускай мовы, смуткуем з прычыны сьмерці Валянціны Пятроўны Лемцюговай і выказваем шчырыя словы спачуваньня родным і блізкім. Яе імя назаўсёды застанецца ў нашай гісторыі».

Валянціна Лемцюгова нарадзілася ў 1935 годзе ў Ленінградскай вобласьці побач зь фінскай мяжой у сям’і выхадцаў з Магілёўшчыны. Пасьля вайны Лемцюговы вярнуліся ў Беларусь. Валянціна Лемцюгова скончыла БДУ і з 1961 году працавала ў Інстытуце мовазнаўства АН БССР, узначальвала Тапанімічную камісію пры НАН РБ. Аўтар «Украінска-беларускага слоўніка (1980)», «Слоўніка цяжкасьцей беларускай мовы (у сааўтарстве)», «Слоўніка мовы «Нашай Нівы», працы «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» і іншых выданьняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG