Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Схема 000-179. Выбарчая камісія прызналася ў парушэньнях, але ня бачыць у гэтым праблемы


Экс-кандыдат у дэпутаты Менскага гарсавету, актывіст руху «За Свабоду», Мікіта Семяненка атрымаў адказ ад старшыні Менскай выбарчай камiсii наконт шматразовага галасаваньня адной асобы на ўчастках Кунцаўшчыны. Камісія прызнала парушэньні, але ня бачыць у гэтым праблемы.

Падчас датэрміновага галасаваньня на мясцовых выбарах грамадзкі актывіст Дзяніс Краўчук прагаласаваў на трох розных участках Менску бязь менскай рэгістрацыі. Праверыць паводзіны выбарчай камісіі Семяненка папрасіў Галоўнае ўпраўленьне па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю. ГУБАЗіК перанакіраваў зварот экс-кандыдата ў саму выбарчую камісію, на дзеяньні якой скардзіўся Семяненка.

Пра трохразовае галасаваньне Краўчука зь відэазапісам, які гэта пацьвярджае, Свабода паведамляла.

У адказе, які падпісаў старшыня Менскай гарадзкой выбарчай камiсii Дзьмітры Шаўцоў, гаворыцца, што фатаздымкі, якія Семяненка падаў як доказ, нічога не пацьвярджаюць.

Тым ня менш факт неаднаразовага галасаваньня Краўчука старшыня выбарчай камісіі прызнаў. Паводле Шаўцова, на выбарчым участку № 68 Краўчук атрымаў бюлетэнь для галасаваньня, прад’явіўшы пашпарт і дагавор найму жылога памяшканьня, і быў занесены ў сьпіс выбарнікаў дадаткова, што не супярэчыць выбарчаму заканадаўству.

«Гэта поўная лухта. — пракамэнтаваў гэты адказ Свабодзе сам Дзяніс Краўчук. — На відэа добра чуваць, што я не прасіў уносіць сябе ў ніякія сьпісы. Пра гэта ўвогуле не было размовы. Яны ўсё гэта прыдумалі. Поўная хлусьня. Калі для іх відэа — ня доказ, то невядома, што для іх доказ».

«У пратаколе чыста мэханічная памылка». Старшыня камісіі тлумачыць, чаму лічбы не сыходзяцца

Два наступныя галасаваньні Краўчука на ўчастках №№ 64 і 73 Шаўцоў прызнаў. Ён назваў гэта «парушэньнем чальцамі выбарчых камісіяў працэдуры дадатковага ўключэньня грамадзян у сьпісы выбарнікаў». Але, паводле старшыні Менскай гарадзкой выбарчай камісіі, парушэньне не паўплывала на вынік выбараў.

«Адназначнае працэдурнае парушэньне не паўплывала на вынікі галасаваньня. Апусканьне Краўчуком у скрыню ліста для галасаваньні з надпісам „Фальсыфікацыя“ ня сьведчыць аб якіх-небудзь іншых парушэньнях з боку камісіі», — гаворыцца ў адказе.

Шаўцоў паабяцаў узманіць мэтадычную працу з чальцамі выбарчых камісіяў.

21 лютага заяву ў Сьледчы камітэт з просьбай праверыць дзеяньні ўчастковых выбарчых камісіяў накіраваў і сам Краўчук. Сёньня ён атрымаў адказ. Зь яго вынікае, што СК не зьбіраецца займацца гэтай справай, бо ня лічыць, што магчымае парушэньне паўнамоцтваў выбарчай камісіяй знаходзіцца ў яго кампэтэнцыі. Магчымыя незаконныя дзеяньні выбарчай камісіі, паволе Сьледчага камітэту, павінна ацаніць сама выбарчая камісія.

Дзяніс Краўчук, які прагаласаваў тройчы, зьвярнуўся ў Сьледчы камітэт

Адказ са Сьледчага камітэту
Адказ са Сьледчага камітэту

«Усе парушэньні відавочныя. — гаворыць Краўчук. — Усе дэталі бачныя на відэа, і ацэнку павінны былі даваць сьледчыя. На відэа са школы N201 старшыня і чальцы выбарчай камісіі ўпершыню мне нагадваюць пра дададковы сьпіс, ужо постфактум. Узьнікае пытаньне, а як тады я атрымаў бюлетэнь? Хіба гэта не парушэньне для іх? Але ўлады цяпер будуць усяляк выкручвацца. Яны ж ня будуць самі сябе караць».

Актывіст грамадзкага руху «Дзея» Дзяніс Краўчук пабачыў у інтэрнэце паведамленьне пра тое, што адміністрацыя навучальных устаноў упісвае алоўкам у пашпарты студэнтаў пэўныя лічбы, і пасьля ўладальнікі такіх пашпартоў ходзяць па некалькіх участках і галасуюць на іх.

Дзяніс паставіў сабе лічбы 000-179 і таксама паспрабаваў прагаласаваць на двух выбарчых участках у менскіх школах, фіксуючы гэта на камэру мабільнага тэлефона.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG