Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арсэнал страху. Расгвардыя і МУС Расеі гатовыя да пратэстаў на 10 млрд рублёў


Вайсковыя спаборніцтвы ў Балашысе, зладжаная Расгвардыяй для кадэтаў і моладзі. 5 жніўня 2017 году.

Аналіз сайту дзяржаўных закупак і профільных сайтаў сілавых міністэрстваў Расеі і прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу паказвае, што ў Расеі ствараецца сыстэма падаўленьня, забясьпечаная самымі найноўшымі дасягненьнямі тэхнічнай думкі.

Карэспандэнт Радыё Свабода Уладзімір Воранаў зрабіў спэцыяльнае расьсьледаваньне. Сярод пастаўшчыкоў значацца беларускія прадпрыемствы МАЗ і БелАЗ.

Пастаноўка задачы

Ужо сталі звыклымі і нават штодзённымі зводкі навінаў аб тым, як МУС і войскі Нацыянальнай гвардыі РФ рыхтуюцца супрацьстаяць «каляровым рэвалюцыям», «Майдану расейскаму» і ўвогуле «масавым парушэньням грамадзкага парадку» — пад гэтым эўфэмізмам звычайна маюць на ўвазе грамадзянскія пратэсты.

Яшчэ 15 сьнежня 2016 году начальнік упраўленьня Фэдэральнай службы войскаў Нацыянальнай гвардыі РФ па Алтайскім краі палкоўнік Аляксандар Маўль заявіў на брыфінгу для журналістаў, што войскі Нацыянальнай гвардыі стварылі для барацьбы зь «пятай калёнай» і іншымі «рэвалюцыйнымі хваляваньнямі».

Так ці інакш, гаворка ідзе пра гатоўнасьць карных структур да падаўленьня магчымых масавых выступаў насельніцтва. Наколькі такая пагроза рэальная, пытаньне асобнае, але цалкам відавочна, што Крэмль сапраўды чагосьці баіцца, да чагосьці сур’ёзна рыхтуецца.

Таму ня толькі зьявілася больш жорсткае карна-забароннае заканадаўства, ствараюцца новыя сілавыя структуры і перафарматуюцца існыя, але яны яшчэ актыўна пераўзбройваюцца.

Канцэпцыю гэтага пераўзбраеньня прадставіў віцэ-прэм’ер Дзьмітрый Рагозін. Выступаючы 25 траўня 2017 году ў падмаскоўным Чырвонаармейску на адкрыцьці форуму «Дзень перадавых тэхналёгій праваахоўных органаў», ён заявіў:

«Расгвардыя павінна быць ўзброеная да зубоў, і ня проста да зубоў, але самым высакаякасным узбраеньнем, перш за ўсё нелетальнымі сродкамі ўзбраеньня, якія дазволяць вырашаць задачы, зьвязаныя з процідзеяньнем ўнутраным пагрозам без прымяненьня жорсткай сілы».

«Лавіна» супраць «зброі пралетарыяту»

Намэнклятура спэцтэхнікі для барацьбы зь «пятай калёнай» сапраўды багатая, а назвы сыстэм экзатычныя — часьцей за ўсё выкарыстоўваюцца назвы разбуральных прыродных зьяў.

Так, для разгону дэманстрацый Нацгвардыя атрымала ў сваё распараджэньне спэцыяльную інжынэрную машыну «Тарнада», распрацаваную спэцыялістамі Інстытуту спэцтэхнікі на шасі грузавога аўтамабіля падвышанай праходнасьці «Урал-4320».

Як паведаміў намесьнік дырэктара Фэдэральнай службы войскаў Нацыянальнай гвардыі — галоўнакамандуючы войскаў нацыянальнай гвардыі РФ генэрала Сяргея Ярыгін, «Тарнада» можа ўжывацца ў спэцапэрацыях спыненьня «масавых парушэньняў грамадзкага парадку, а таксама для аказаньня дапамогі расейцам пры увядзеньні рэжыму НС».

Машына, браніраваная, як значыцца на сайце вытворцы, «па 2-ім клясе абароны ад агнястрэльнай зброі», абсталявана байніцамі для вядзеньня агню, вадамётнай устаноўкай з цыстэрнамі і бакамі, сыстэмай распыленьня газаў, у карме знаходзіцца крана-маніпулятарная ўстаноўка з выноснымі апораміі пультам кіраваньня, маецца бульдозэрны адвал, радыёстанцыя, сыстэмы відэаназіраньня і рэгістрацыі, сыгнальныя гукавыя прылады, пажарна-тэхнічнае ўзбраеньне, лябёдка, рассоўная драбіна, а таксама прылада, пазначаныя як «Ляфэт».

«Ляфэт» — гэта гранатамётная сыстэма залпавага агню «нелетальнага дзеяньня», прызначаная для «аказаньня псыхафізычнага ўзьдзеяньня на правапарушальнікаў пры спыненьнi масавых беспарадкаў».

Увогуле, машына шматмэтавая: можа разганяць натоўп, разьбіраць завалы і пераадольваць барыкады. Першыя «Тарнада» ужо паступілі на ўзбраеньне сапёрных падразьдзяленьняў 5-га апэратыўнага палку асобнай дывізіі апэратыўнага прызначэньня імя Дзяржынскага.

Вадамётны аўтамабіль «Шторм», як з гонарам паведамляе сайт прадпрыемства, гэта «выдатна абароненая браніраваная машына з вадамётам, супраць якой зброя пралетарыяту не спрацоўвае». Машына створана, каб «спыняць групавыя супрацьпраўныя дзеяньні і масавыя беспарадкі».

І ня толькі магутныя вадамёты: «Вада (якой у машыны 6 тон) — толькі адзін са складнікаў барацьбы з дэманстрантамі. У камплекце вадамётнага аўтамабіля „Шторм“ ёсьць яшчэ газ, фарба і пена. Фарба, зробленая на бурачны аснове, падмешваецца ў ваду — яна абсалютна бясьпечная, затое вельмі дрэнна адмываецца, і гэта дапамагае адзначаць найбольш актыўных удзельнікаў. „Падфарбаваных“ бузацёраў можна адлоўліваць ўжо пасьля заканчэньня асноўных падзей.

Сьлёзацечны або газ на пярцовай аснове гэтак жа падмешваецца ў ваду».

Пры ўсім гэтым, як сьцьвярджае вытворца, «Шторм» лічыцца «даволі гуманным сродкам».

Беларуская прадукцыя

А вось АБР на шасі МАЗ — сапраўдны монстар: яго бакі зьмяшчаюць дзевяць тон вады, плюс яшчэ 200 літраў «спэцсродку» — сьлёзатачывага газу, 30-літровы бак для фарбавальніка, 60-літровы пенабак і іншыя цікавыя прыстасаваньні.

А цяпер вось некаторыя з заказаў 2016 году, ужо выкананых у 2017 годзе.

Згодна з толькі адной заяўкаю, МУС РФ закупіла спэцаўтамабіляў на 1,399 млрд рублёў. Толькі 69 аўтамабіляў гэтай заяўкі прызначаныя для транспарціроўкі нарадаў паліцыі, усе іншыя — аўтазакі: 71 аўтазак беларускай вытворчасьці (на шасі БелАЗа) і 314 аўтазакаў расейскай вытворчасьці. Усяго 385 аўтазакаў, і гэта толькі адзін выяўлены заказ, але далёка не адзіны.

Таксама ў лютым 2017 году ў рамках дзяржзаказу МУС ужо закупіла на 951,546 млн руб яшчэ 883 адзінкі спэцтэхнікі — строга па графе «Сродкі транспартныя апэратыўна-службовыя на перавозку асоб, якія знаходзяцца пад вартай», у тым ліку 113 уласна аўтазакаў, 345 аўтамабіляў АДЧ і 425 патрульных Уазаў.

Цалкам расьсьледаваньне нашага карэспандэнта чытайце і глядзіце тут.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG