Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя японскага мастака ў беларускай турме атрымала ўзнагароду


Японскі мастак Даічы Ёшыда. Здымкі і малюнкі прадстаўленыя Ёка Ёшыдай

Публікацыя беларускай Свабоды пра японскага мастака Даічы Ёшыду ў віцебскай калёніі прызнана найлепшай працай месяца на Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа. Упершыню яна зьявілася на нашым сайце 23 студзеня. 20 лютага Дзьмітры Шылаў, адвакат Ёшыды, атрымаў адказ зь Вярхоўнага суду, які палічыў прысуд японскаму мастаку справядлівым. Ён застаецца ў калёніі.

27-гадовы Даічы Ёшыда ляцеў з Кіева ў Токіё. Ён не парушыў законаў ні Ўкраіны, ні Японіі. Але, ступіўшы на транзытную тэрыторыю ў Беларусі, дзе не плянаваў спыняцца, ён трапіў у турму.

«Я знаходжуся ў жахлівых умовах ужо год. Маё мэнтальнае здароўе падарванае. Я памятаю кожную рэч, якую я бачыў», — піша Даічы Ёшыда зь Віцебскай калёніі ўзмоцненага рэжыму № 3.

Ліст Даічы Ёшыды зь Віцебскай калёніі ўзмоцненага рэжыму № 3
Ліст Даічы Ёшыды зь Віцебскай калёніі ўзмоцненага рэжыму № 3

Паводле афіцыйнай інфармацыі, грамадзянін Японіі Даічы Ёшыда асуджаны на 4 гады 6 месяцаў зьняволеньня за незаконны перавоз і перамяшчэньне празь дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі (ч. 2 арт. 295 і ч. 1 арт. 333-1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь).

У матэрыялах сьледзтва гаворыцца, што ў багажы грамадзяніна Японіі знайшлі 10 замкоў і 4 ствольныя каробкі да вінтовак Мосіна розных гадоў.

На гісторыю японскага мастака зьвярнуў увагу «француз з патронам» Жалян Віё.

Малады падарожнік, які сам паказаў беларускаму мытніку патрон і спытаў, ці можа яго правозіць, правёў два месяцы ў гомельскім ізалятары. Жаляна апраўдалі. Пасьля вызваленьня ён казаў, што па беларускіх турмах сядзіць шмат невінаватых людзей. Гісторыю Даічы Ёшыды ён лічыць вельмі падобнай да свайго беларускага досьведу.

«Я мастак, я малюю коміксы»

Коміксы Даічы Ёшыды
Коміксы Даічы Ёшыды

Даічы Ёшыда мае 27 гадоў. Ён скончыў унівэрсытэт у Японіі па спэцыяльнасьці «Гішпанская мова і літаратура», а ў апошнія гады захапіўся маляваньнем манга.

Ягоная маці Ёка Ёшыда кажа, што Даічы нельга назваць дасьведчаным падарожнікам, хоць ён бываў ва Ўсходняй Эўропе. Расейскай мовай Даічы не валодае зусім. Ангельскую, кажа маці, ведае, але не выдатна. Гэта відаць і па ягоным лісьце, які ёсьць у рэдакцыі.

У чэрвені 2016 Даічы запрасілі ў Адэсу на Летні фэстываль. Так ён трапіў ва Ўкраіну.

У Кіеве Даічы купіў часткі антыкварнай агнястрэльнай зброі праз краму. Як кажа маці Ёка, яго цікавіла ваенная гісторыя. Да таго ж ён хацеў, каб ягоныя коміксы (манга) выглядалі рэалістычна.

«Гэта вядомая ва Ўкраіне крама, яна мае ліцэнзію на продаж зброі, і калі яны прадаюць часткі, то яны заўсёды дэактываваныя. Крама Parabellum існуе на рынку Ўкраіны больш як 10 гадоў. Яе рэпутацыю сто разоў правяралі ўсе органы ды сілавыя структуры. Калі б у іх была хоць нейкая памылка ў дзейнасьці, то іх бы закрылі», — кажа Свабодзе кіраўнік Украінскай асацыяцыі ўласьнікаў зброі Георгі Ўчайкін.

«На фатаздымку знаёмы твар. Так, ён набываў у нас часткі гістарычнай зброі, — сказалі Радыё Свабода ў краме Parabellum. — Мы сапраўды прадаём гістарычную зброю, і такія часткі да вінтоўкі Мосіна ў нас сапраўды ёсьць у наяўнасьці. Яны не забароненыя для перамяшчэньня па тэрыторыі Ўкраіны, але сваім кліентам пры іх продажы мы настойліва рэкамэндуем пры намеры вывезьці іх з тэрыторыі Ўкраіны зьвяртацца па дазвол да мытных органаў і дазвольных структур тых краін, куды яны плянуюць вывозіць гэтыя часткі. Ніякіх дакумэнтаў на вываз частак зброі за межы Ўкраіны мы не выдаём. Выдаём толькі таварны чэк на прададзеныя тавары. І калі б гэты грамадзянін мог нам паказаць яго, мы змаглі б дакладна сьцьвярджаць, набываў ён у нас гэтыя часткі зброі ці не».

Скан квіткоў на самалёт
Скан квіткоў на самалёт

15 жніўня 2016 году Даічы меўся ляцець па маршруце Кіеў (аэрапорт «Жуляны») — Токіё (аэрапорт «Narita»). Квіток зь дзьвюма транзытнымі перасадкамі ў аэрапортах Менску і Абу-Дабі набыў у авіякампаніі Ethihad Airways.

Паводле адваката, Даічы казаў на судзе, што зьвяртаўся да службаў аэрапорту «Жуляны» з пытаньнем, ці можа ён правозіць набытыя часткі зброі. Супрацоўнікі нібыта сфатаграфавалі кожны прадмет і адсканавалі ягоны пашпарт.

«Праз паўгадзіны мне сказалі, што магу», — піша ён у лісьце з калёніі.

Усе часткі агнястрэльнай зброі былі разьмешчаныя ў зарэгістраваным багажы. Паводле правілаў авіяцыйнай бясьпекі міжнароднага аэрапорту Кіева «запасныя часткі і элемэнты зброі» дазваляюцца да перавозу ў зарэгістраваным багажы пры наяўнасьці адпаведнага дазволу. Тут жа ёсьць і згадка пра тое, што пры пералётах за мяжу, апроч агульных міжнародных патрабаваньняў авіяцыйнай бясьпекі, могуць прымяняцца дадатковыя абмежаваньні, прадугледжаныя мясцовым заканадаўствам.

Коміксы японскага мастака Даічы Ёшыды
Коміксы японскага мастака Даічы Ёшыды

Паводле багажнай квітанцыі, Даічы меўся атрымаць свой багаж у аэрапорце Narita ў Токіё. Як кажа абаронца Даічы Ёшыды адвакат Дзьмітры Шылаў, «ня маючы адпаведнай адукацыі (паводле дыплёму Даічы — філёляг) і досьведу (Даічы не служыў у войску), Даічы Ёшыда ня ведаў і ня мог ведаць, што набытыя ім рэчы зьяўляюцца складовымі часткамі агнястрэльнай зброі, прыдатнымі да выкарыстаньня, таксама ён ня ведаў, якім чынам авіяперавозчык павінен быў даставіць ягоны зарэгістраваны багаж да месца прызначэньня, то бок Даічы Ёшыда ня меў намеру перамяшчаць набытыя ім рэчы празь мяжу Беларусі і тым больш перавозіць іх па тэрыторыі Беларусі: згодна з п. 182 Авіяцыйных правіл паветраных перавозак пасажыраў, багажу, грузаў Рэспублікі Беларусь выдача зарэгістраванага багажу адбываецца ў аэрапорце, да якога зарэгістраваны багаж быў прыняты да перавозу».

Правілы бясьпекі ў аэрапорце Narita ў Токіё таксама кажуць, што часткі зброі могуць знаходзіцца ў зарэгістраваным багажы.

Такім чынам, Даічы Ёшыда атрымаў дазвол ад службаў бясьпекі ў аэрапорце вылету ў Кіеве і не парушыў правілаў правозу багажу, прынятых у аэрапорце прылёту ў Токіё.

«Украінскія мытнікі не ацанілі гэты багаж як забаронены»

У Менск Даічы ляцеў рэйсам «Белавія». У транзытнай зоне Нацыянальнага аэрапорту «Менск» яго затрымалі.

Скан пашпарту Даічы Ёшыды
Скан пашпарту Даічы Ёшыды

«Ён ляцеў хворы, быў затрыманы праз свой багаж, прапусьціў рэйс, і з высокай тэмпэратурай яго зьмясьцілі ў мясцовы шпіталь, — кажа маці мастака Ёка Ёшыда. — Упершыню ён патэлефанаваў нам з інфэкцыйнага шпіталя і сказаў, што неўзабаве вернецца дахаты. Ён не хацеў уяжджаць у Беларусь, але быў вымушаны. У ягоным пашпарце няма беларускага штампу, бо ён ляцеў транзытам. Але калі ён ляжаў у шпіталі, яго арыштавалі за тое, што ў ягоным багажы былі гэтыя рэчы».

Паводле прадстаўніцы транспартнай пракуратуры, у багажы Даічы Ёшыды знайшлі 10 замкоў і 4 ствольныя каробкі да вінтовак Мосіна ўзору розных гадоў.

«Сытуацыя выглядае недарэчна, — кажа кіраўнік Украінскай асацыяцыі ўласьнікаў зброі Георгі Ўчайкін. — Бо 10 замкоў і 4 ствольныя каробкі да вінтоўкі Мосіна гэты грамадзянін ня мог прыхаваць ад украінскіх мытнікаў і памежнікаў. Яны іх бачылі і пасьля надгляду прапусьцілі на рэйс, то бок яны не расцанілі гэты багаж як забаронены».

Адвакат, у сваю чаргу, кажа, што «Даічы Ёшыда быў упэўнены ў законным характары сваіх дзеяньняў пры перавозе свайго багажу, бо авіяперавозчык — ТАА „Авіякампанія „Белавія““ — зарэгістраваў і прыняў да перавозу ўвесь ягоны багаж без абмежаваньня».

На сайце Нацыянальнага аэрапорту «Менск» у правілах правозу багажу пра абмежаваньні наконт частак зброі ў зарэгістраваным багажы не гаворыцца. Паводле правілаў багаж транзытных пасажыраў, аформлены да пункту канчатковага вылету, надглядаецца бязь іхнай прысутнасьці.

«Суд быў сапраўдным вар’яцтвам»

Коміксы японскага мастака Даічы Ёшыды
Коміксы японскага мастака Даічы Ёшыды

Даічы арыштавалі і на тры месяцы адправілі ў турму ў Жодзіна. Ёка са словаў сына кажа, што яна «жорсткая» і «цяжкая для выжываньня». У турме ў Менску японскаму мастаку было не прасьцей.

«Ён быў абсалютна вынішчаны мэнтальна, не арыентаваўся ў часе, цяпер у яго дэпрэсія, — кажа яна. — Ён распавядаў, што ў турме жахлівыя антысанітарныя ўмовы, — працягвае Ёка. — Туалету няма, а толькі дзірка ў падлозе ў куце камэры. Няма паперы, у камэры брудна і сыра. Ежы не хапае, і яна вельмі нездаровая, занадта салёная і не пажыўная. Ён распавядаў, што хварэў некалькі разоў, але яму ані разу не давалі лекаў».

Перакладчык зь японскай мовы зьявіўся ў Даічы толькі тады, калі яму выставілі абвінавачаньне. Да таго зь ім камунікавалі па-ангельску.

Справу Даічы Ёшыды разгледзеў суд Кастрычніцкага раёну Менску ў красавіку 2017 году. Яго прызналі вінаватым у незаконным перавозе складовых частак агнястрэльнай зброі (ч. 2 арт. 295 КК РБ) і незаконным перамяшчэньні іх празь мяжу (ч. 1 арт. 333-1 КК РБ). Асудзілі на 4 гады 6 месяцаў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

«Ён прафэсійны мастак. Скончыў унівэрсытэт па спэцыяльнасьці „Гішпанская мова і літаратура“. Інтэлігентны чалавек трапіў у такую складаную сытуацыю», — кажа ягоны беларускі абаронца адвакат Дзьмітры Шылаў.

Сам Даічы і ягоны абаронца з прысудам нязгодныя.

«У дзеяньнях Даічы Ёшыды адсутнічае суб’ектыўны бок складу злачынстваў, ва ўчыненьні якіх яго прызналі вінаватым. І першы, і другі артыкул прадугледжваюць пакараньне, толькі калі чалавек дзейнічаў з прамым намерам, — кажа адвакат. — Гэта азначае, што чалавек павінен быў бы дакладна ведаць, што гэтыя часткі — складовыя часткі зброі і што іх нельга везьці, але ўсё роўна б гэта рабіў, бо меў на гэта намер».

Коміксы японскага мастака Даічы Ёшыды
Коміксы японскага мастака Даічы Ёшыды

Паводле адваката, акалічнасьці, у якіх адбываўся перавоз, паказваюць, што намеру злачынна дзейнічаць у Даічы Ёшыды не было зусім. Даічы набыў гэтыя рэчы афіцыйна ў краме, служба бясьпекі ўкраінскага аэрапорту дапусьціла яго на борт самалёта. Сам Даічы ніколі не служыў у войску і ня можа вызначыць, ці зьяўляецца частка зброі складовай (асноўнай) і баяздольнай.

Адвакат таксама зьвяртае ўвагу, што ані сьледзтва, ані суд не зьвярнуліся да службаў украінскага аэрапорту, каб спраўдзіць словы Даічы Ёшыды. Радыё Свабода накіравала адпаведныя запыты ў Дзяржаўную мытную службу Ўкраіны, памежную службу і міжнародны аэрапорт у Кіеве.

«Ён нават ня ведаў, за што яго пакаралі, пакуль яму адвакат не паведаміў празь некалькі месяцаў пасьля апошняга паседжаньня, — кажа маці. — Яму далі нейкую паперку па-расейску, якую ён зусім ня можа прачытаць». Ёка Ёшыда кажа, што хоць Даічы відавочна не валодае расейскай мовай, дакумэнты яму выдавалі па-расейску.

«Ён месяцамі не разумеў, што адбываецца, пакуль мы не арганізавалі для яго пераклад, — кажа яна. — Стаўленьне да яго недапушчальнае і несправядлівае».

«У яго не было аніякай думкі пра тое, каб везьці забароненыя рэчы, — кажа адвакат. — Ён не сумняваўся, што гэтыя рэчы дазволеныя да перамяшчэньня і адказнасьці за іх захоўваньне няма. Мая пазыцыя — тут няма складу крымінальнага правапарушэньня, і ён павінен быць апраўданы».

Цяпер скарга на прысуд Даічы Ёшыду знаходзіцца на разглядзе ў намесьніка старшыні Вярхоўнага суду, — сказаў абаронца Даічы Ёшыды адвакат Дзьмітры Шылаў.

«Дапамажыце мне, — піша Даічы ў лісьце з калёніі. — Я падаў прашэньне ў Вярхоўны суд. Але я ня веру ў справядлівасьць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG