Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква. Мэмарыял ахвярам сталінізму. Надпісы па-беларуску


Надпіс па-беларуску на «Сьцяне смутку»
Надпіс па-беларуску на «Сьцяне смутку»

Вельмі хацелася на ўласныя вочы пабачыць помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў, які нечакана для многіх паўстаў у Маскве напрыканцы мінулага году. Крочу амаль бязьлюдным у зімовую сьцюдзёную раніцу праспэктам Акадэміка Сахарава. Навігатар паказвае, што я ў патрэбным месцы, але, калі меркаваць па таблічках на сьценах будынкаў, гэта — вуліца Мясьніцкая. Выпадковая масквічка ў адказ на пытаньне кажа, што праз гэтыя таблічкі тут і мясцовыя ня першы год блытаюцца.

Мэмарыяльная шыльда на адным з будынкаў пацьвярджае, што я не заблукаў. Зьвяртаю ўвагу на дзіўнаваты зьмест шыльды:

Мэмарыяльная шыльда, якая тлумачыць, чаму праспэкт названы імем Андрэя Сахарава
Мэмарыяльная шыльда, якая тлумачыць, чаму праспэкт названы імем Андрэя Сахарава

«Праспэкт названы ў 1990 годзе ў гонар Ляўрэата Нобэлеўскай прэміі Андрэя Дзьмітрыевіча Сахарава... У гады Вялікай Айчыннай вайны ўнёс значны ўклад у стварэньне новых відаў узбраеньняў». Калі ня ведаць гісторыі, можа падацца, што Нобэлем Сахараў уганараваны за стварэньне зброі. Хоць насамрэч Нобэлеўская прэмія міру прысуджана яму ў 1975 годзе як дысыдэнту і праваабаронцу «за мужную барацьбу са злоўжываньнем уладай і любымі формамі ўціску чалавечай годнасьці».

А вось і мэмарыял, названы ў Расеі «Сьцяной смутку» — помнік працы скульптара Георгія Франгуляна. Высокія бронзавыя барэльефы з сымбалічнымі выявамі мноства чалавечых абрысаў. Сям-там паміж гэтымі абрысамі ў сьцяне — вольнае месца, праход у выглядзе чалавечай фігуры: сам маеш магчымасьць стаць сюды і падумаць, што ты таксама мог ці можаш апынуцца на гэтым месцы.

Абрысы ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў: ёсьць месца для кожнага
Абрысы ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў: ёсьць месца для кожнага

Але найбольш уразілі рэльефныя бронзавыя скрыжалі па краях сьцяны. Позірк адразу выхапіў з мноства разнамоўных надпісаў беларускае слова: «ПАМЯТАЙ». У адным месцы, у другім, у трэцім....Ведаю, што гэта слова накрэсьлена тут на 22 мовах сьвету, але чамусьці падалося, што па-беларуску — найчасьцей і найбольш рэльефна і выразна. Магчыма, проста гэта — асаблівасьць майго беларускамоўнага ўспрыманьня. І яшчэ падумалася: можа, гэта — адзіны ў Маскве помнік з надпісамі па-беларуску.

«Памятай» — заклік па-беларуску на Сьцяне смутку ў Маскве
«Памятай» — заклік па-беларуску на Сьцяне смутку ў Маскве

Дарога да помніка выбрукавана валунамі з найбольш вядомых лягераў ГУЛАГа — усяго з 58 расейскіх рэгіёнаў. Але валуноў ня бачна пад нечапанай сьнежнай коўдрай, на якой, здаецца, засталіся толькі нашы з дачкой сьляды....

Многія расейскія праваабаронцы наракалі: месца для такога мэмарыяла адмыслова абрана ўладамі надта малалюднае і недастаткова сымбалічнае. Гэтую б сьцяну паставіць проста на Лубянцы, аперазаўшы ёю будынак КДБ-ФСБ, ды так, каб усе супрацоўнікі, ідучы на працу, праходзілі праз гэтыя аркі...

Хоць, калі зыходзіць з нашых беларускіх рэаліяў....Вы можаце сабе ўявіць, каб улады дазволілі і прафінансавалі ўзьвядзеньне антысталінскага мэмарыялу дзе-небудзь у межах другога транспартнага кальца Менску — напрыклад, у раёне Акадэміі навук, і каб адкрываў яго асабіста Аляксандар Лукашэнка? Ды яшчэ каб вуліца насіла імя праваабаронцы і змагара з таталітарызмам?

Сумясьціць несумяшчальнае

Увогуле, сытуацыя з гістарычнымі сымбалямі і стаўленьнем да іх з боку цяперашняй расейскай улады вельмі своеасаблівая, непасьлядоўная, супярэчлівая.

З аднаго боку, Крэмль забараняе дэманстрацыю сатырычнага фільма «Сьмерць Сталіна»; з другога — стварыў і фінансуе зь дзяржбюджэту дзейнасьць вялізнага Музэя гісторыі ГУЛАГа (у 2015 годзе музэй пераехаў у новы будынак у Маскве, павялічыўшы плошчы ў 4 разы. 28 лютага сёлета там адкрыўся Цэнтар дакумэнтацыі — месца, дзе можна знайсьці зьвесткі пра рэпрэсаваных сваякоў). З аднаго боку, прэзыдэнт Пуцін асабіста адкрывае Сьцяну смутку; з другога — усяго праз два месяцы пасьля гэтага ён жа сьвяткуе 100-годдзе ВЧК-КГБ і ўганароўвае «доблесных вэтэранаў спэцслужбаў». (Дарэчы, і дзіўны зьмест мэмарыяльнай дошкі Дзьмітрыя Сахарава — з гэтага ж супярэчлівага шэрагу). Імкненьне сумясьціць несумяшчальнае — нават у галоўных дзяржаўных сымбалях сёньняшняй Расеі: імпэрскі манархічны герб, бела-блакітна-чырвоны сьцяг, пад якім у 1991 годзе зрыналі камуністаў, і крыху падпраўлены гімн камуністычнага СССР. Гэта прыблізна так, калі б у Беларусі вярнулі гістарычную Пагоню, але пакінулі сьцяг БССР ды зацьвердзілі гімн «Магутны Божа».

Сьцяна смутку — тысячы безыменных і безаблічных ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.
Сьцяна смутку — тысячы безыменных і безаблічных ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Беларуская пасьлядоўнасьць

У Беларусі ў гэтым сэнсе палітыка адносна сымбалічных падзеяў і асобаў куды больш пасьлядоўная. Помнік Дзяржынскаму стаіць непахісна на сваім месцы, насупраць КДБ. Абаронцы Курапатаў ужо на працягу чвэрці стагодзьдзя вымушаныя раз-пораз класьціся пад бульдозэры, адбіваючы народны мэмарыял ад горадабудаўнічых ідэй зладзеяватых чыноўнікаў. У дзяржавы не знайшлося грошай нават на тое, каб агарадзіць месца нацыянальнай трагедыі, хоць адначасова мільёны выдаткаваны на абуладкаваньне міфічнай «Лініі Сталіна».

Адзінае выключэньне, якое выглядае супярэчлівым у гэтым шэрагу: адрозна ад Расеі, у Беларусі дазволілі пракат фільма «Сьмерць Сталіна». Але, мяркую, зрабілі гэта беларускія чыноўнікі зусім не таму, што шануюць «бацьку народаў» меней, чым у Расеі. Проста быў зручны выпадак, каб паказаць, што хаця б у дробязі здольныя прадэманстраваць уласную самастойнасьць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG