Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слонімца пакаралі ўмоўным тэрмінам за несанкцыянаваны доступ да чужых кампутараў


У Слоніме асуджаны Ўладзімер Качарга, былы супрацоўнік «Газеты Слонімскай», які пасьля звальненьня з працы рабіў несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі рэдакцыі, а таксама да паштовых скрыняў прыватнага прадпрыемства «БэнэфітМэдыя», зь якім супрацоўнічаў два месяцы паводле дамовы падраду.

Паводле рашэньня суду, Уладзімер Качарга асуджаны на 1 год 6 месяцаў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 1 год. Дадаткова Качарга мае выплаціць 2205 рублёў (90 базавых велічынь) штрафу і адбыць 90 гадзін грамадзка-папраўчых работ. У яго канфіскавалі кампутар, а таксама тэлефон, зь якіх ён учыняў несанкцыянаваны доступ да кампутараў «Газеты Слонімскай» і паштовых скрыняў прыватнага прадпрыемства «БэнэфітМэдыя».

Ведаў паролі і чытаў чужыя ліставаньні

Падчас судовага сьледзтва высьветлілася, што заяву ў міліцыю аб несанкцыянаваным уваходзе ў паштовыя скрыні падалі прадстаўнікі прадпрыемства «БэнэфітМэдыя». Сьведка Зьміцер Ілясевіч, прыватны прадпрымальнік, расказаў, што яму патэлефанаваў са Слоніма прадстаўнік газэты «РекламаСити» і прапанаваў разьмясьціць рэкляму ў сваім выданьні.

Такая прапанова яго вельмі зьдзівіла, бо наконт разьмяшчэньня той рэклямы ён вёў тэлефонныя перамовы і кампутарную перапіску толькі са сваёй сястрой з «БэнэфітМэдыя» Эмай Александровіч. Пасьля гэтага сьведка патэлефанаваў сястры і сказаў, што ў яе фірме завёўся «крот».

Пазьней міліцыя высьветліла, што Качарга раней супрацоўнічаў паводле дамовы падраду з прыватным прадпрыемствам з Горадні «БэнэфітМэдыя», ведаў паролі доступу да паштовых скрыняў і несанкцыянавана ўваходзіў у пошту прадпрыемства, праглядаў ліставаньне. Тое самае ён рабіў і ў дачыненьні да «Газеты Слонімскай» супрацоўнікам якой раней таксама зьяўляўся.

Абвінавачваньні прызнаў часткова

У судзе Качарга прызнаў абвінавачваньні толькі часткова: маўляў, заходзіў на паштовыя скрыні «Газеты Слонімскай» і «БэнэфітМэдыя» зь цікавасьці ды каб даведацца, на які наклад адпраўляюць выдаўцы заяўкі ў Горадзенскую друкарню. Якія-кольвек карысьлівыя памкненьні падсудны адмаўляў. Уладзімер Качарга зьяўляецца дырэктарам ТАА «Андко плюс» і выканаўцам абавязкаў галоўнага рэдактара газэты «РекламаСити». Да гэтага некалькі гадоў працаваў вядучым тэхнічным рэдактарам і сыстэмным адміністратарам «Газеты Слонімскай» і супрацоўнічаў паводле дамовы падраду з прыватным прадпрыемствам з Горадні «БэнэфітМэдыя».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG