Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доўгі язык у справе зь «белымі ніткамі»


Алена Германовіч
Алена Германовіч

Больш за два гады сядзяць у СІЗА гомельскія мытнікі, якіх абвінавацілі ў хабарніцтве. Практычна два аддзелы ўзялі ў палон чэкісты ў лютым 2016.

Пераважная большасьць не прызнае сябе вінаватымі. Былыя мытнікі даводзяць на судзе, што супрацоўнікі КДБ у літаральным сэнсе выбівалі ў іх паказаньні, патрабавалі «яўку» — білі, шантажавалі, чынілі псыхалягічны зьдзек… Некаторым абяцалі зьмяніць меру ўтрыманьня, — і маляўнічыя карцінкі утульнага цяпельца, сярод блізкіх, а ня ў шэрых халодных мурах былі тым гаплікам, каб узяцца па настойлівай просьбе «грамадзяніна начальніка» за асадку: «Хачу прызнацца, што я прымаў незаконныя грашовыя ўзнагароды, як і мае калегі». Здаецца, толькі двое чалавек не напісалі нічога на сябе і калегаў. А тых, каму абяцалі свабоду — падманулі чэкісты. Абяцанкі-цацанкі.

Адсюль у бліжэйшыя гады табе ня выбрацца

Справу зь «белымі ніткамі» разглядае зараз суд. «Белыя ніткі» — гэта стандартнае для большасьці абвінавачаньне, якое ўвечары, у цішы і цеплыні роднага дому магло гучаць як пачатак казкі: «У не ўстаноўленым сьледзтвам месцы, у няпэўны час, прыняў ад невядомых асобаў незаконнае грашовае ўзнагароджаньне за бесьперашкодны праезд не ўстаноўленага сьледзтвам транспартнага сродку». У халоднай камэры яно губляе казачную таямнічасьць, а артыкул 430 Крымінальнага кодэксу дадае пэўнасьці наконт будучыні — адсюль у бліжэйшыя гады табе ня выбрацца. Хіба толькі апраўдае суд — але гэта так імаверна, як і што раптам здарыцца цуд, і муры вакол разбурацца ад не ўстаноўленай сьледзтвам моцы.

«Белыя ніткі» — гэта сьведкі, на якіх «пячаткі няма дзе ставіць» — мэталісты, валютчыкі, кантрабандысты… Яны самі на кручку, з якога намагаюцца сасьлізнуць. Не дасі паказаньняў — пойдзеш замест тых «нары парыць». «Белыя ніткі» — гэта такія доказы віны, як дбайна запісаныя тэлефонныя размовы мытнікаў паміж сабой. «95% гэтых размоў ніяк ня тычацца крымінальнай справы!», — заявіў адзін з абвінавачаных. Як можна выхапіць доказы віны з гадзін пустой балбатні — не ўяўляю. Хіба толькі мытнікі скончылі курсы хітрай кансьпірацыі, і сярод сяброўскіх і ня вельмі размоваў пра грошы, жонак, будаўніцтва дому, карпаратыўныя сьвяты і начальства маглі зашыфраваць нейкія схаваныя коды, нейкі таемны, толькі ім вядомы сэнс.

Для чаго ў крымінальнай справе гэтыя размовы?

«Усё, што вы сказалі ў цемры, будзе абвешчана пры сьвятле, і што сказалі на вуха ў пакоях, будзе абвешчана на дахах». Вось ён — той дах, беларускі суд. Некалькі дзён тут праслухоўвалі «доказы» — пустыя размовы мытнікаў паміж сабой на побытавыя тэмы. Праўда, многім напэўна давялося за іх чырванець, а некаторыя тут жа прасілі прабачэньня ў калегаў і сваякоў, пра якіх у свой час непрыгожа выказваліся. У залі сядзіць некалькі дзясяткаў чалавек — адвакаты, жонкі, бацькі… І на ўсю магутнасьць суд уключае тыя размовы, дзе часам гучаць і плёткі, і кпіны з калегаў. Абвінавачаныя пратэстуюць — для чаго ў крымінальнай справе гэтыя размовы, калі там ні слова пра хабар, карупцыю? Суд даводзіць, што гэтыя размовы далучаныя да справы, значыць, іх трэба агалосіць. Зноў удзельнікі і наведвальнікі працэсу гадзінамі выслухоўваюць размовы пра начальства, працу, бацькоў і дзяцей… Не ведаю, ці адмыслова чэкісты далучылі ўсе гэтыя размовы «ні пра што» да справы, каб усіх перасварыць, ці проста закінулі ў матэрыялы справы ўсё, што пад рукамі было, ці яшчэ нейкая была ў іх мэта. А можа, каб не сказалі, што тэлефонныя размовы былі «парэзаныя», што дае падставы не даваць ім веры. Але абвінавачаныя заяўлялі, што ў справе некаторыя размовы пададзеныя ня цалкам, а некаторыя ўвогуле адсутнічаюць — напрыклад, такія, якія б маглі патлумачыць, пра якія грошы (насамрэч пазычаныя) ідзе гаворка. Былыя мытнікі лічаць, што так зроблена адмыслова — каб «падмацаваць» абвінавачаньне.

Можна быць упэўненым, што нікому ў залі — ні абвінавачаным, ні іх сваякам ці адвакатам, а асабліва калегам не быў даспадобы такі сэанс масавага выкрываньня — «абвяшчэньня таго, што сказана ў цемры — з дахаў».

Але ж гэта даішнікі, ня мытнікі

Былі ў справе і моманты, калі ясна гучала, але з вуснаў кантрабандыстаў, пра «грошы, падрыхтаваныя для даішнікаў». Але ж гэта даішнікі, ня мытнікі. Былі зафіксаваныя і размовы кантрабандысткі з былым мытнікам наконт магчымых перашкодаў пры праезьдзе праз мяжу — але чалавек той ужо даўно не працаваў на мытні, і не адмаўляецца на судзе, што дапамагаў украінцы «цягаць праз граніцу» сала, каву, цукеркі і прыправу.

… Зь ціхім жахам схамянулася, ідучы з суду, калі ўзгадала — колькі разоў трымала свой язык незацугляным, і ў тэлефонных гутарках магла сказаць рэзка ці непрыемна пра блізкіх людзей ці прыяцеляў. Уяўляю іх выцягнутыя па вэртыкалі твары — калі б яны гэта ўсё пачулі. Думаю — што страшней: КДБ, ці калі ад цябе праз неўтаймаванасьць у словах могуць адвярнуцца блізкія (хай і ня вельмі) людзі? Часам некаторыя асобы баяцца і скардзяцца, што іх могуць праслухоўваць «органы». Але чаго баяцца, калі чалавек не плянуе выбухаў, ці распаўсюду наркотыкаў? «Я думаю, што могуць і праслухоўваць, але я лічу, што калі я гавару тое, што думаю — то яны могуць паслухаць іншае, альтэрнатыўнае меркаваньне, і навярнуцца, разумееш?», — даводзіла мне адна асоба. Я думаю, што калі нехта раптам вырашыў бы мяне «слухаць», то праз суткі забегаў бы, як той Бянгальскі, з крыкамі «Галава, мая галава! Аддайце галаву!».

А вось плявузгаць лішняе — напэўна, ня варта. Потым некалі можа быць непрыемна. Але згаданай крымінальнай справы гэта ня тычыцца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG