Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Закладнік бальшавікоў». 100 гадоў таму ў Магілёве забілі ксяндза Яўгена Сьвятаполк-Мірскага


Крыж памяці на месцы масавых расстрэлаў. Тут забілі і каталіцкага сьвятара Сьвятаполк-Мірскага

Пробашча касьцёла Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і дэкана Магілёўска-Горацкага Яўгена Сьвятаполк-Мірскага ўзялі ў закладнікі, каб спыніць наступ на горад польскага легіёну Доўбар-Мусьніцкага.

Ксёндз Яўген Сьвятаполк-Мірскі
Ксёндз Яўген Сьвятаполк-Мірскі

Калі ўльтыматум ня быў задаволены, бальшавікі правялі над сьвятаром хуткі суд рэвалюцыйнага трыбуналу і прысудзілі яго да расстрэлу. Ксяндза зьвінавацілі ў змове ды саўдзеле ў арганізацыі мяцяжу супраць губвыканкаму і рэвалюцыі, а таксама ў дапамозе польскім легіёнам захапіць горад.

Забілі ксяндза ва ўрочышчы, якое ў часы сталінскага тэрору стала месцам масавага зьнішчэньня людзей. Цяпер над гэтай мясьцінаю на праспэкце Дзімітрава паставілі Крыж памяці.

Магілёўскі гісторык Натальля Прачакова кажа, што існуе паданьне, як перад расстрэлам бальшавікі патрабавалі, каб ксёндз адрокся ад веры. На што той адказаў: «Цела забіць можаце, але душу не заб’яце».

Яўгена Сьвятаполк-Мірскага пахавалі праз тыдзень пасьля забойства, калі горад быў узяты польскім легіёнам. Апошнім месцам спачыну сьвятара сталі каталіцкія могілкі. На магіле ксяндза і ў касьцёле Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Паны Марыі сёньня адправяць у яго памяць богаслужбы.

Магіла Сьвятаполк-Мірскага
Магіла Сьвятаполк-Мірскага

Дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандар Яшэўскі адзначае, што ксяндза Яўгена Сьвятаполк-Мірскага забілі за яго адданасьць веры, а таксама за тое, што ён выступаў супраць бальшавіцкіх рэпрэсіяў і самой іх улады, якая «прынесла людзям шмат зла».

«Мы імкнёмся ўспамінаць ахвяраў не дзеля таго, каб варушыць жудасныя моманты гісторыі чалавецтва і Каталіцкай царквы, але каб вучыцца, — кажа Аляксандар Яшэўскі. — Бо гісторыя ёсьць настаўніцай нашага жыцьця, таму ўспамін можа дапамагчы нам пераацаніць пэўныя каштоўнасьці, якімі сёньня неабходна жыць, а якія варта абмінаць».

касьцёл Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, у якім служыў Сьвятаполк-Мірскі
касьцёл Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, у якім служыў Сьвятаполк-Мірскі
У каталіцкай сьвятыні ёсьць мэмарыяльная шыльда ў памяць аб сьвятарах-пакутніках. Сярод імёнаў згадваецца і Сьвятаполк-Мірскі
У каталіцкай сьвятыні ёсьць мэмарыяльная шыльда ў памяць аб сьвятарах-пакутніках. Сярод імёнаў згадваецца і Сьвятаполк-Мірскі

Паводле гісторыка Натальлі Прачаковай, старшыня Магілёўскага губэрнскага выканкаму Савету працоўных, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў у студзені-сакавіку 1918 году Міхаіл Гольдман, які непасрэдна вінаваты ў забойстве ксяндза Святаполк-Мірскага, перажыў яго на 20 гадоў. Партыйнага дзеяча, выкладчыка Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту расстралялі ў 1938 годзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG