Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня бойцеся татаў у радзільнях


Калі нарадзіўся мой малодшы брат, тата ўбачыў яго толькі на выпісцы з радзільні: раней не паложана. Бо тата для беларускай сыстэмы аховы здароўя — гэта не адзін з самых блізкіх людзей немаўляці, а перш за ўсё носьбіт страшэнных мікробаў і інфэкцый, якія чапляюцца на татаў, але чароўным чынам абмінаюць мэдыкаў і сьвятароў (іх без праблем пускаюць і ў рэанімацыі). Мама не была радая гэтай ізаляцыі, але рэальнага выбару ня мела.

Мікробы ды інфэкцыі чапляюцца на татаў, але чароўным чынам абмінаюць мэдыкаў і сьвятароў.

Большасьць жанчын, якія нараджаюць у беларускіх радзільнях, аказваюцца ў падобнай сытуацыі: пасьля родаў яны не знаходзяцца ў атачэньні самых родных людзей, а існуюць па графіку дня пасьляродавага аддзяленьня. Камусьці шанцуе больш, і яны маюць магчымасьць быць у платнай палаце і бачыцца з роднымі, але такіх жанчын адносна няшмат.

Здавалася б, на фоне ўсіх гэтых абставінаў навіна пра тое, што родныя цяпер паўсюль змогуць наведваць жанчын пасьля родаў, мусіць успрымацца як цуд. Татам больш не давядзецца лазіць праз вокны (калі палата на першым паверсе) ці спрабаваць разглядзець малое ў вакно (калі палата вышэй), а жанчыны ня вымушаны будуць спускацца ў агульны хол, каб убачыцца з роднымі. Нарэшце радзільня будзе менш нагадваць турму!

Лічаныя радасныя галасы тонуць у бясконцых абурэньнях.

Але грамадзкая рэакцыя на новаўвядзеньне мяне шакавала: лічаныя радасныя галасы тонуць у бясконцых абурэньнях. Асноўныя прычыны для незадавальненьня такія: па-першае, таты прынясуць мікробы, па-другое, жанчыны ня хочуць «у пяцімясцовых палатах бачыць натоўпы чужых мужыкоў».

Змагацца з аргумэнтамі пра страшныя татавы мікробы, якія палохаюць больш за унутрыбальнічныя інфэкцыі (і дарма!) новым пакаленьням мэдыкаў давядзецца яшчэ вельмі доўга. Паакуль што з гэтым страхам можна проста зьмірыцца. А вось з аргумэнтам, што наведваньні мусяць быць забароненыя, бо ў нас у адной палаце і так шмат жанчын, усё куды цікавей.

Нарэшце ў лякарнях нешта стала больш гуманным.

Дзяржава не імкнецца рабіць у радзільнях адна- ці двухмясцовыя палаты, але абураюцца зараз чамусьці зусім ня гэтым. Людзі незадаволеныя менавіта тым, што ў радзільні змогуць трапіць таты ды іншыя сваякі парадзіх. Нарэшце ў лякарнях нешта стала больш гуманным, але масавая рэакцыя такая, што ўлады могуць цяпер абсалютна легітымна заявіць, што «грамадзтва не гатовае».

Але калі дзяржава і сапраўды клапоціцца пра дэмаграфічную сытуацыю, дык яна проста абавязана зрабіць усё магчымае, каб у жанчын не было нагодаў параўноўваць радзільню з турмой, а роды там са згвалтаваньнем.

Сёньня мэдыкі пагадзіліся з тым, што наведваньне мужчынам сваёй партнэркі і дзіцяці ў радзільні добра ўплывае на сямейныя стасункі. Заўтра, магчыма, пагодзяцца паўсюль прымаць роды у найбольш зручнай для парадзіхі, а не акушэркі, пазыцыі. А там ужо недалёка і да рэвалюцыйнай ідэі аб тым, што немаўля неабавязкова адразу пасьля нараджэньня ўзважваць і замяраць, а варта б пакласьці спачатку маці на грудзі.

Мне вельмі хочацца верыць, што і ў беларускіх радзільнях аднойчы можна будзе нараджаць па-людзку.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG