Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра народ і апазыцыю: «Гэта людзі замовілі»


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Нядаўна прачытаў у ФБ Паўла Севярынца вельмі горкую і паказальную замалёўку.

«Даваў сёньня інтэрвію „Сіцідогу“ ў „Чабурэчнай“ па Валадарскага, 9 (на трэцім паверсе гэтага будынку 25 сакавіка 1918 года прынялі Трэцюю Устаўную Грамату БНР). Фатаграфуемся. Афіцыянткі: «Вы што, у дзепутаты ідзёце?». Крый, Божа, кажу, проста ў вас месца гістарычнае. «Знаем. А ў нас 25 марта банкет!» Добра, кажу, малайцы. «Нет, вы не понялі, это не по поводу того, это люді заказалі».

Нет, вы не понялі, это не по поводу того, это люді заказалі

Хутчэй за ўсё афіцыянткі зусім ня мелі намеру пакрыўдзіць Севярынца, напэўна, нават і не зразумелі, што пакрыўдзілі. Яны, як вынікае з расповяду, да яго паставіліся хутчэй з сымпатыяй, ды і да гадавіны БНР зусім не адмоўна, была, маўляў, у нашай кафэшцы некалі адметная гістарычная падзея.

Але цікава, як патлумачылі. Маглі б сказаць: «Замовілі людзі не з вашага кола», «замовілі звычайныя людзі», маглі ж нават сказаць «замовілі такія людзі, як мы, нашага кола». Па сутнасьці яны менавіта гэта і мелі на ўвазе. Аднак рэспэкт Севярынцу, што ён перадаў, гледзячы па ўсім, словы, якія былі насамрэч сказаныя.

Бо сказанае — паказьнік адчуваньня вялікага разрыву, глыбокай прорвы. Аргумэнт да гарачых спрэчак пра культурна-палітычнае «гета», пра тое, ці існуе наагул такі зьвер — народ, альбо грамадзтва — адно сукупнасьць групаў разнастайных інтарэсаў і культурных кодаў.

Большасьць і меншасьць

Афіцыянткі ў «Чабурэчнай» супрацьпастаўлялі ў сваім адказе колу Севярынца не сваё, сувымернае кола, а менавіта народ. Назваць людзьмі толькі пэўную частку грамадзтва можна толькі лічачы яе пераважнай большасьцю, лічачы яе паводзіны, уяўленьні, каштоўнасьці, нормай і абсалютным мэйнстрымам.

Прычым, паўтаруся, гэтая ўяўленая афіцыянткамі большасьць — не вораг уяўленьням і каштоўнасьцям, прынамсі, Севярынца, для гэтай большасьці 25 сакавіка — не сымбаль «нацыяналістычнага шаленства», «бандэраўшыны», «тэлеграмы кайзэру», пра што кажа афіцыёз. Для іх гэта проста нічога, звычайны дзень, калі можна замовіць п’янку ў кафэ зь нейкай прыватнай, напэўна, вартай адзначэньня нагоды.

Палітоляг Павал Вусаў пэўны час таму напісаў пра «залаты мільён» беларусаў, якія паводле апытаньняў падтрымліваюць апазыцыю, галасуюць за яе, якія ня любяць уладу і гатовыя пратэставаць. І выснова (ці спадзеў) — а далей гэты «залаты мільён» накіне свае ўяўленьні і каштоўнасьці астатнім васьмі з паловай мільёнам, спрацуе, як дэтанатар.

Наконт колькасьці «залатога мільёна» можна спрачацца, але пытаньне — у гэтым мэханізьме перадачы імпульсу ад меншасьці да большасьці. Так, пераменаў дасягае, дамагаецца заўсёды меншасьць. Але не наадварот: не любыя перамены, якіх дамагаецца тая ці іншая меншасьць, спраўджваюцца, рэалізуюцца, справа ўва ўзаемаадносінах паміж меншасьцю і большасьцю, у сумяшчальнасьці іх установак і каштоўнасьцяў.

Калі для большасьці, для «людзей», меншасьць — кшталту марсіянаў, то і не адбудзецца ніякай дэтанацыі, ня будзе пераменаў. Ці будуць не тады, не такія і ня так.

Пра што гавораць усе?

Дарэчы, цікавая асаблівасьць нядаўніх мясцовых выбараў. Ня іх выніку — вынік чаканы і зразумела, якім чынам дасягнуты. Пасьля таго, як летась Аляксандар Лукашэнка ня стаў нават разглядаць сьціплыя прапановы аб зьменах выбарчага заканадаўства, распрацаваныя Цэнтарвыбаркамам, то вынік сёлетніх выбараў цудам зусім не выглядаў. Да таго ж, калі разыгрываецца 18 тысячаў мандатаў, то ўплыў нават «марсіянскай» меншасьці проста па тэорыі імавернасьці павінен даваць ненулявы вынік. Павінен. Калі няма вонкавай сілы, якая вызначае вынік.

Але я ў дадзеным выпадку пра іншае, пра націск, акцэнт, які рабілі апазыцыйныя кандыдаты сёлета на мясцовыя, лякальныя вострыя праблемы. Вельмі паказальны прыклад — 36809 подпісаў, сабраных у Берасьці, у тым ліку і падчас кампаніі, супраць пабудовы акумулятарнага заводу. Не за Расею ці супраць, не за Лукашэнку ці супраць, а вось каб не будавалі завод.

Палітык — той, хто грамчэй за ўсіх і часьцей за ўсіх гаворыць тое, што гавораць усе

Ну так, нічога той акцэнт на мясцовыя праблемы ў сэнсе разьмеркаваньня крэслаў дэпутатаў мясцовых саветаў ня даў. Але мясцовымі выбарамі жыцьцё, у тым ліку і грамадзкае, не сканчаецца. Як казаў прэзыдэнт ЗША Тэадор Рузвэльт: «Палітык — той, хто грамчэй за ўсіх і часьцей за ўсіх гаворыць тое, што гавораць усе». Усе — гэта як, гэта хто? Людзі розныя, рознае гавораць, памятаеце: грамадзтва — усяго толькі сукупнасьць групаў з рознымі інтарэсамі і каштоўнасьцямі. А неяк так. Галоўны орган палітыка — гэта скура, менавіта ёй ён мусіць адчуваць, чуць, пра што гавораць усе.

Апазыцыянэры, якія ішлі на сёлетнія выбары, як раз і спрабавалі адчуць трэнд, адчуць, што, кажучы словамі тых афіцыянтак, што размаўлялі з Севярынцам, «замаўляюць людзі», спрабавалі зьнесьці сьценку, якая існуе паміж імі разам зь іх аднадумцамі і большасьцю.

Людзьмі звацца

Не зусім справядлівы аргумэнт, што людзі (ці «людзі») у Беларусі проста запалоханыя, што яны ахопленыя апатыяй і г. д. Гэта ўсё мае месца, але роўна год таму, падчас пратэстаў супраць дэкрэту аб дармаедах, куды падзеліся і тая запалоханасьць, і апатыя? Было патрапленьне ў фокусную кропку, быў суплёт самых розных чыньнікаў. І пратэст тады насамрэч быў вельмі разнастайны, не адно мітынгі па ўсёй краіне, але і 60 тысячаў подпісаў супраць дэкрэту, і фактычны байкот яго выкананьня, які практыкавалі 90% атрымальнікаў «лістоў шчасьця».

Дарэчы, на чале мітынгаў пратэсту тады апынуліся як раз «марсіяне», мясцовыя актывісты, даўно вядомыя мясцовым жыхарам. Між іншым, па сутнасьці ў выніку леташніх пратэстаў амаль і не зьявілася новых твараў.

Так што летась, падчас пратэстаў, «людзі замаўлялі» менавіта гэта. І справа ня ў тым, што насамрэч мудрая і хітрая апазыцыя (куды ж дзяваюцца гэтыя яе здольнасьці ў іншы час) нешта накінула народу.

Я — іх лідэр і я мушу ісьці за ім

Тады было хутчэй паводле гістарычнага анэкдоту пра францускага рэвалюцыянэра ХІХ стагодзьдзя Аляксандра Ледру-Ралена. Падчас чарговых забурэньняў ён ішоў па Парыжы з сябрамі і ўбачыў натоўп, які некуды бег. Ён разьвітаўся з сябрамі і кінуўся да натоўпу. На пытаньне сяброў, чаго ён туды ірвецца, адказаў: «я — іх лідэр і я мушу ісьці за імі».

Так што гэта не беларуская апазыцыя летась была такая — гэта людзі наагул такія, паўсюль і заўсёды, калі ёсьць адпаведная нагода.

А летась — дык чаго беларусы, «людзі», «замаўлялі», таго яны, дарэчы, і дамагліся. А большага і не «замаўлялі».

Здаецца, ну дык вось не такія ўжо «марсіяне» насамрэч для «людзей» і марсіяне. Не такія. У крытычныя моманты. А ў астатнія, а ў звычайны час?

Вось сёлета пасьля мясцовых выбараў, пра што, прыгадваючы формулу Тэадора Рузвэльта, гаварылі ўсе? Пра тое, што выбары — адно рытуал? Не, пра гэта не гаварылі, гэта проста ўсе ведаюць. А вось калі б гаварылі, што насамрэч усе ж прагаласавалі за NN, а ўлады скралі яго (нашую) перамогу, тады б, напэўна, вынікі выбараў былі б іншыя.

Ну так, у якой Швэцыі ідзе на выбары палітычная сіла, якую падтрымлівае адно 10%, а ў астатніх 90% гэтая сіла выклікае вострае адчуваньне чужасьці і нават абурэньне — мае адпаведная партыя свае прыкладна 10% мандатаў у парлямэнце і муніцыпалітэтах. Але ж Беларусь — ня Швэцыя. Правілы гульні зусім іншыя.

Людзьмі звацца — гэта хацелі беларусы ў знакамітым вершу Купалы. Напэўна, і зараз таго ж хочуць. Але каб гэта спраўдзілася, тым больш адносна тых, хто зьбіраецца іх некуды весьці — такое стаўленьне не адно ад ўлады залежыць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG