Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусі 99. Арміі — 100. Гэта жарт?


Вайсковы парад у Горадні, 2018

Чытаю загалоўкі. «У Расеі адзначаюць стагодзьдзе Чырвонай арміі». «100 год Расейскай арміі і флёту адзначылі сьвяточным канцэртам». «Сьвята адзначылі ў адной з махачкалінскіх школ». Нарэшце «Столетие РККА: от Российской армии к Советской и обратно».

Я прыгаломшаны, я ў шоку. Хто брэша? Яны прысабечылі нашу беларускую армію! Чужыя ляўры. Так выходзіць.

Я асабіста быў на парадзе з нагоды: у Горадні баявая тэхніка праехала па вуліцы Сацыялістычнай і ўехала на Дзяржынскага, міма плошчы Леніна. Над аблвыканкамам і плошчай праляцелі тры пары самалётаў, салютуючы агнямі. Трываў моцны мароз і забарона продажу сьпіртнога ў крамах.

У Слоніме, дзе стаіць іншая наша брыгада, па вуліцы Чырвонаармейскай да цэнтру прайшла гусянічная тэхніка (у Горадні была толькі колавая, баяліся пашкодзіць вулічнае пакрыцьцё). Зь юбілеем! Ура!

Афіцыйныя рупары мне паведамлялі: «Любімай арміі — сто год!» Калі хто ня верыць, яму тлумачылі: «Гэты дзень стаў Днём нараджэньня Чырвонай арміі, якая абараніла і захавала наш народ». Наш народ, беларусаў? Ну ня рускіх жа, раз армія беларуская, адказваюць мне.

Дзяржаўныя СМІ мяне пераконвалі: «28 лістапада 1918 году загадам Рэвваенсавету N297 утворана Мінская вайсковая акруга. Ужо 14 сьнежня яна перайменаваная ў Заходнюю вайсковую акругу».

Але я працягваў сумнявацца. Як жа так? Па-першае, паміж 28 лістапада і 23 лютага істотная адлегласьць у часе. Па-другое, у назьве «мінская» не прагучала «беларуская». Па-трэцяе: нават слова «мінская» здалося бальшавікам занадта радыкальным, яны адразу скасавалі назву, а афіцыйныя СМІ сёньня нават гэтага не зразумелі.

Мяне найбольш зьбянтэжыла, што ніхто ў гэтыя дні не заўважыў неадпаведнасьці: Савецкая Беларусь была абвешчаная 1 студзеня 1919 году. А сто гадоў арміі адзначаюць амаль на год раней. Ніхто ня ўцяміў, што так не бывае.

А з Войскам Польскім? — пытаюцца з-за сьпіны. Спачатку армія паявілася, і толькі потым незалежнасьць. Гэта праўда. Але ня ўся. Па-першае, гэта была сапраўдная польская армія, не расейская камуністычная, як у нашым выпадку. Па-другое, Дзень незалежнасьці Польшчы адзначаецца з 11 лістапада 1918 году, а Дзень Войска Польскага — з 15 жніўня 1920-га. А не наадварот.

Нагадаю, што вядомы савецкі фільм аб утварэньні Чырвонай арміі называўся недвухсэнсоўна: «Мы, русский народ». Я яго нядрэнна памятаю. І сёньня можна прачытаць у анатацыі: «Па вялікім рахунку фільм ня столькі рэвалюцыйны, колькі патрыятычны, таму што расказвае аб рускім салдаце».

Няўжо нашы ваякі так і не зразумелі, што бралі чарку за армію, якая паўстала тады, калі не існавала дзяржавы, якой яны служаць? Няўжо ў галовах ня ўзьнікла ніякіх пытаньняў? Як гэтая армія змагалася за стварэньне беларускай дзяржаўнасьці? Гэта ж самае істотнае пытаньне, хіба не? Бо іначай мы адзначалі тое ж самае, што і ў Махачкале.

Павярну пытаньне інакш: страху няма, калі за вашу незалежнасьць змагаўся нехта іншы, дапамагаў. У выніку зьбегу акалічнасьцяў. Так, Булак-Булаховіч пасабіў эстонам, як вядома. Аднак Чырвоная армія ў 1918-м змагалася, каб беларускай дзяржаўнасьці не было.

Вось вам і сто гадоў беларускай арміі… Вось вам і «чарка з падвохам».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG