Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брусэль працягнуў на год абмежаваныя санкцыі супраць уладаў Беларусі


22 лютага Рада Эўрапейскага зьвязу прыняла рашэньне працягнуць абмежавальныя меры супраць Беларусі на год, да 28 лютага 2019 году.

Сярод абмежавальных мераў – забарона на пастаўкі зброі, забарона на экспарт тавараў якія могуць быць скарыстаныя для ўнутраных рэпрэсій, а таксама замарожваньне актываў і забарона на ўезд чатырох чалавек, якіх падазраюць у датычнасьці да палітычных зьнікненьняў.

Раней з усёй зброі, якая можа выкарыстоўвацца як лятальная, у Беларусь дапускалі толькі біятлённую.

Цяпер Эўразьвяз дадае да сьпісу выключэньняў яшчэ і паляўнічую і спартовую малакалібэрную зброю.

Упершыню ЭЗ увёў эмбарга на пастаўкі зброі, а таксама забараніў выдаваць візы 174 асобам, уключна з прэзыдэнтам Лукашэнкам, і замарозіў актывы гэтых асобаў і чатырох беларускіх кампаній пасьля гвалтоўнага здушэньня пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні 2010 году.

У лютым 2016 году Брусэль выкрасьліў са сьпісу санкцый прадпрыемствы і 170 чалавек, у тым ліку і беларускага прэзыдэнта, спаслаўшыся на тое, што сытуацыя ў галіне правоў чалавека палепшылася.

Санкцыі супраць 4 чалавек будуць працягнутыя — гэта Віктар Шэйман, Уладзімер Навумаў, Дзьмітры Паўлічэнка і Юры Сівакоў. Эўразьвяз кажа пра падазрэньні ў іх датычнасьці да зьнікненьня Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юр’я Захаранкі і Зьмітра Завадзкага.

18 гадоў таму зьніклі Ганчар і Красоўскі

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG