Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Апорай дэмакратыі» на мясцовых выбарах сталі Менск і Магілёўшчына


Падлік галасоў на адным з менскіх участкаў

Ад 23 лютага 18 110 дэпутатаў мясцовых саветаў Беларусі могуць лічыць сябе афіцыйна абранымі. Сёньня Цэнтральная выбарчая камісія зацьвердзіла вынікі выбарчай кампаніі.

Паводле афіцыйных дадзеных, усяго падчас выбараў галасавалі за 22 301 кандыдата. А гэта азначае, што альтэрнатывы для выбарнікаў сёлета амаль не было. Толькі пры абраньні дэпутатаў Менскага гарадзкога і Магілёўскага абласнога саветаў ва ўсіх акругах без выключэньня было сама меней па два кандыдаты. Таму старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына назвала гэтыя рэгіёны «апорай дэмакратыі».

Высокая яўка на мясцовых выбарах, якая зусім не характэрная для абсалютнай бальшыні краінаў сьвету, Ярмошыну ня дзівіць. Яна кажа, што для Беларусі гэта звычайныя парамэтры. А актыўнасьць выбарнікаў тлумачыць, з аднаго боку, напружанай працай улады, а з другога — тым, што ў краіне шмат людзей, якія ўспрымаюць удзел у выбарах як свой асабісты грамадзянскі доўг.

На пытаньне журналістаў, ці не перабор — заклікі да датэрміновага галасаваньня, якія надзвычай часта гучалі ў грамадзкім транспарце Менску, старшыня ЦВК адказала, што яна іх ня чула. «Магчыма, таму, што я амаль ня ежджу грамадзкім транспартам», — удакладніла Ярмошына.

З 18 па 22 лютага ў ЦВК паступіла 99 скаргаў. 28 зь іх — аб прызнаньні вынікаў выбараў несапраўднымі. Ня ўсе яны яшчэ разгледжаныя. Цэнтравыбаркам такія скаргі перадае ў абласныя выбарчыя камісіі. Сёньня высьветлілася, што ня ўсе яны яшчэ разглядаліся, а ў тых, што ўжо абмеркавалі, падставаў для іх задавальненьня не знайшлі.

У нядзелю 18 лютага ў Беларусі прайшлі выбары дэпутатаў мясцовых саветаў. Паводле ЦВК, датэрмінова прагаласавалі рэкордныя 34,95%, але сумарная яўка — 77,05% — не дацягнула да рэкорду. Незалежныя назіральнікі назвалі выбары «максымальна бруднымі». Доля прадстаўнікоў апазыцыі ў новаствораных саветах дэпутатаў склала ўсяго 0,0055% — адзін чалавек на больш як 18 тысяч месцаў.

XS
SM
MD
LG