Лінкі ўнівэрсальнага доступу

500 тысяч украінцаў ваявалі на ўсходзе Ўкраіны. Штотыдзень на Данбасе ўчынялі самагубства 2-3 вайскоўцы


У сярэднім у зоне баявых дзеяньняў на Данбасе штотыдзень учынялі самагубства 2-3 вайскоўцы. Такую статыстыку агучыў галоўны вайсковы пракурор Украіны Анатоль Матыёс у эфіры тэлеканалу «112 Украіна».

«Вельмі сумная статыстыка самагубстваў сярод людзей, якія доўгі час знаходзяцца (на тэрыторыі баявых дзеяньняў). У сярэднім на тыдзень 2-3 чалавекі», — сказаў ён.

«Гэта тыя, хто знаходзіцца ў зоне Антытэрарыстычнай апэрацыі», — удакладніў ён, дадаўшы, што вядзеньне статыстыкі самагубстваў сярод удзельнікаў баявых дзеяньняў не ў кампэтэнцыі ваеннай пракуратуры.

Матыёс падкрэсьліў, што ўдзел у баях на ўсходзе Ўкраіны ўзялі больш за 500 тысяч чалавек.

«А сусьветная статыстыка кажа, што да 80% зь іх маюць тыя ці іншыя прыкметы посттраўматычнага сындрому, які палягае і ў жорсткасьці ў сям’і, і ў агрэсіі, і ў неўспрыманьні мірнага жыцьця», — дадаў ён.

Узброены канфлікт на Данбасе пачаўся вясной 2014 году пасьля расейскай анэксіі Крыму. У сьнежні 2017 году маніторынгавая місія ААН па правах чалавека ва Ўкраіне заявіла, што за пэрыяд ад 14 красавіка 2014 да 15 лістапада 2017 году ў выніку канфлікту на Данбасе загінулі 10 303 чалавекі, 24 778 атрымалі раненьні, паводле стану на 22 жніўня 2017, колькасьць людзей, зьніклых бязь вестак у сувязі з канфліктам, складала ад 1 да 1,5 тысячы. За 2017 год назіральнікі зафіксавалі на Данбасе 16 тысяч выпадкаў парушэньня рэжыму спыненьня агню — гэта амаль удвая больш за леташнія паказьнікі.

Кіеў і краіны Захаду абвінавачваюць Расею ва ўзброенай падтрымцы сэпаратыстаў, Масква гэтыя абвінавачваньні абвяргае.

Перамовы Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе рэгулярна праходзяць у Менску. У 2017 годзе Беларусь арганізавала 26 сустрэч трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны. Апошнім часам, аднак, вядуцца размовы пра тое, што перамовы пра ўрэгуляваньне канфлікту на ўсходзе Ўкраіны могуць быць перанесеныя зь Менску ў іншае месца.

«Хоць у Антарктыду, абы быў посьпех», — Макей пракамэнтаваў інфармацыю пра магчымы перанос перамоваў па Данбасе

XS
SM
MD
LG