Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назарбаеў распавёў аб прапанове Трампа перанесьці перамовы пра Данбас зь Менску


Прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў

Прэзыдэнт Казахстану, які наведаў ЗША з афіцыйным візытам, расказаў аб пэрспэктывах новага дыялёгу пра сытуацыю на Данбасе і ўрэгуляваньне сырыйскага канфлікту.

Перамовы пра ўрэгуляваньне канфлікту на ўсходзе Ўкраіны могуць быць перанесеныя зь Менску ў іншае месца. Пра гэта 18 студзеня паведаміў прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў на прэс-канфэрэнцыі ў Нью-Ёрку па выніках пасяджэньня Рады Бясьпекі ААН, паведамляе DW.

Паводле Назарбаева, з падобнай прапановай выступіў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.

«Менск-1 застопарыўся, у тупіку», — падкрэсьліў Назарбаеў, дадаўшы, што адчуваецца патрэба ў новым дыялёгу.

«Увогуле, гэта першапачаткова павінна было быць у Казахстане... Дамовіліся, што ў гэтым кірунку будзем працаваць», — падкрэсьліў ён.

Пры гэтым адным з асноўных пытаньняў можа стаць увядзеньне «блакітных касак» (Узброеныя сілы ААН, міжнародныя міратворчыя сілы. — РС) у Данецк і Луганск, сказаў прэзыдэнт Казахстану.

Сырыйскія пэрспэктывы

Закрануў палітык і праблему перамоваў у Астане аб сырыйскай праблематыцы з удзелам Расеі, Турэччыны і Ірану. На думку Назарбаева, гэтая сустрэча стала эфэктыўным дадаткам да жэнэўскага фармату. «Цяпер гаворка ідзе пра тое, каб сабраць вялікі зьезд народаў Сырыі, каб вырашыць палітычныя пытаньні» і «правесьці новыя выбары», — указаў палітык.

Прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў 16 студзеня прыбыў з афіцыйным візытам у ЗША, дзе адбылася ягоная сустрэча з амэрыканскім прэзыдэнтам Дональдам Трампам.

Працяг сюжэту: «Хоць у Антарктыду, абы быў посьпех», — Макей пракамэнтаваў інфармацыю пра магчымы перанос перамоваў па Данбасе

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG