Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падазраваны ў нападзе ў Стакгольме назваў матыў сваіх дзеяньняў


Грамадзянін Узбэкістану Рахмат Акілаў, які абвінавачваецца ў наезьдзе на пешаходаў у Стакгольме ў красавіку 2017 году, у судзе заявіў, што такім чынам спрабаваў вывесьці Швэцыю з кааліцыі супраць экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава».

«Я хацеў, каб Швэцыя перастала пасылаць салдат у зоны ваенных канфліктаў, дзе атакуюць «Ісламскую дзяржаву», сказаў Акілаў на пасяджэньні суда 20 лютага ў Стакгольме.

Падсудны выступаў па-расейску зь перакладчыкам. Ён дадаў, што яго «не натхняў» нейкі канкрэтны напад, але ён ведаў аб ранейшых тэрактах у Бэрліне, Лёндане і Ніцы, дзе нападнікі выкарыстоўвалі транспартныя сродкі для наезду на людзей.

У пачатку судовага працэсу, 13 лютага, Акілаў прызнаў сябе вінаватым. Яго абвінавачваюць у тым, што ён скраў грузавік і наехаў на ім на пешаходаў перапоўненай вуліцы ў цэнтры Стакгольму 7 красавіка. Тады загінулі пяць чалавек. Інцыдэнт кваліфікавалі як тэракт.

Абвінавачваньне просіць для 39-гадовага Акілава пажыцьцёвага зьняволеньня.

Судовыя слуханьні будуць праходзіць да мая ўключна, а прысуду чакаецца ў чэрвені.

Міністар замежных справаў Узбэкістану Абдулазіз Камілаў раней заяўляў, што Акілаў выехаў з Узбэкістану на заробкі ў Швэцыю, пасьля чаго на радзіме яго абвінавацілі ў рэлігійным экстрэмізьме. Акілава абвясьцілі ў міжнародны вышук. Спэцслужбы лічылі, што ён патрапіў пад уплыў таджыкскай арганізацыі экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава».

Швэдзкая паліцыя пацьвердзіла арышт падазраванага ў датычнасьці да нападу ў Стакгольме

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG