Паводле дадзеных паліцыі, у выніку наезду грузавіка на людзей у цэнтры Стакгольму загінулі прынамсі чатыры чалавекі і 15 параненых. Інцыдэнт адбыўся на адной з самых ажыўленых пешаходных вуліц гораду — Дротнінгатан.
Пакуль што ніякая арганізацыя не ўзяла на сябе адказнасьці за напад, але швэдзкія ўлады разглядаюць яго як тэрарыстычную акцыю.
Беларуска Лана Руднік апынулася побач зь месцам здарэньня. «Бачылі паніку, мноства напалоханых людзей, якія імчалі праз гандлёвы цэнтар на вуліцу,» — расказала яна карэспаднэнту Радыё Свабода.
«Крычалі ці то пра выбух ці то пра моцны ўдар. Потым маладая пара, якая была ці не на той вуліцы, распавяла, што там грузавік уехаў у людзей і там шмат целаў ляжыць на вуліцы.
Дзяўчына была ў страшным шоку і не магла гаварыць, распавядаў хлапец (не ведаю, ці сам ён бачыў, ці са словаў дзяўчыны). Адразу ж загучалі і пэрыядычна цяпер гучаць сырэны хуткай і паліцыі, у небе над цэнтрам верталёт».
Хваля тэрору ў Заходняй Эўропе 2015-2017
13-14 лістапада 2015, Парыж і Сэн-Дэні (Францыя). Сэрыя скаардынаваных нападаў на працягу 35 хвілінаў адбылася ў шасьці розных месцах у Парыжы. Першая страляніна пачалася ў рэстаране і бары ў 10-ай акрузе Парыжу. Пасьля была страляніна і выбух бомбы падчас рок-канцэрту ў тэатры «Батаклян» у 11-ай акрузе. Было ўзята каля 100 закладнікаў, усяго загінула 89 чалавек. Іншыя бомбы выбухнулі ў раёне стадыёну «Стад дэ Франс» у парыскім прадмесьці Сэн-Дэні падчас футбольнага матчу Францыя – Нямеччына.
22 сакавіка 2016, Брусэль і Завэнтэм (Бэльгія). Раніцай у аўторак 22 сакавіка выбухнулі тры бомбы, начыненыя цьвікамі – дзьве на брусэльскім лётнішчы ў Завэнтэме і адна на станцыі мэтро Мальбэк. Падчас нападаў загінулі 32 чалавекі і трое нападнікаў.
14 ліпеня 2016, Ніца (Францыя). Увечары 14 ліпеня 19-тонны грузавік уехаў у натоўп людзей, якія адзначалі нацыянальнае сьвята Францыі – Дзень узяцьця Бастыліі – на Ангельскай набярэжнай у Ніцы, у выніку чаго загінула 86 чалавек.
19 сьнежня 2016, Бэрлін (Нямеччына). 12 чалавек загінула ў выніку таго, што грузавік уехаў у натоўп людзей на Калядным кірмашы ў Бэрліне. Празь некалькі дзён нападнік, які ўцёк у Італію, застрэліў італьянскага паліцыянта падчас звычайнай праверкі, пасьля чаго быў забіты паліцыянтамі.
22 сакавіка 2017, Лёндан (Вялікабрытанія). 5 людзей загінула, калі нападнік пераехаў мінакоў на мосьце Вэстмінстэр, а пасьля ўдарыў нажом паліцыянта каля будынку Парлямэнту.
Адказнасьць за ўсе гэтыя тэрарыстычныя акты ўзяла на сябе арганізацыя «Ісламская дзяржава».