Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна афіцыйна прызнала Расею дзяржавай-агрэсарам


Прэзыдэнт Украіны Пётр Парашэнка падпісаў закон аб рэінтэграцыі Данбасу, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы ў Twitter.

«Сёньня, як я і абяцаў, падпісваю закон аб рэінтэграцыі Данбасу, які ніводнай літарай не закранае міжнародных абавязацельстваў Украіны, уключаючы Менскія дамоўленасьці», — заявіў Парашэнка.

Парлямэнт Украіны прыняў закон «Аб асаблівасьцях дзяржаўнай палітыкі па забесьпячэньню дзяржаўнага сувэрэнітэту Ўкраіны на часова акупаваных тэрыторыях у Данецкай і Луганскай абласьцях» 18 студзеня.

У дакумэнце, у прыватнасьці, ёсьць пункт аб прызнаньні Расеі дзяржавай-агрэсарам. Дзеяньні Ўкраіны ў рэгіёне вызначаюцца як стрымліваньне і адпор расейскай узброенай агрэсіі ў Данецкай і Луганскай абласьцях на падставе артыкулу 51 Статуту ААН, які вызначае права дзяржаваў на самаабарону. У дакумэнце таксама адзначаецца, што часовая акупацыя Расейскай Фэдэрацыяй тэрыторыяў Украіны, незалежна ад яе працягласьці, зьяўляецца незаконнай і не стварае для Расеі ніякіх тэрытарыяльных правоў.

19 студзеня народныя дэпутаты ад «Апазіцыйнага блёку» зарэгістравалі ў Вяпхоўнай Радзе Ўкраіны праект пастановы аб адмене рашэньня аб прыняцьці закону, тым самым заблякаваўшы падпісаньне дакумэнту.

6 лютага Вярхоўная Рада Ўкраіны не падтрымала ўнесены «Апазыцыйным блёкам» праект пастановы.

8 лютага старшыня парламенту Андрэй Парубій падпісаў праект закону.

Міністэрства замежных справаў Расеі заяўляе, што дакумэнт супярэчыць Менскім пагадненьням і пагражае эскаляцыяй на ўсходзе Ўкраіны.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG