Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпіяда: выяўлена ўжо некалькі выпадкаў ужываньня допінгу


Допінг-проба расейскага кёрлінгіста Аляксандра Крушальніцкага на зімовых Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане дала станоўчы вынік. Паведамленьні аб тым, што ўскрытая напярэдадні проба «Б» паказала наяўнасьць забароненага прэпарату мэльдонія, у аўторак афіцыйна пацьвердзіла дэлегацыя Алімпійскіх атлетаў з Расеі ў Пхёнчхане.

Канцэнтрацыя мэльдонія, выяўленая ў допінг-пробе, адпавядае аднаразоваму прыёму прэпарату, гаворыцца ў заяве. У ёй падкрэсьліваецца, што эфэкт ад ужываньня прэпарату дасягаецца толькі пры рэгулярным ужываньні. Паводле прадстаўнікоў дэлегацыі, прымаць мэльдоній аднакратна «абсалютна бессэнсоўна».

У допінг-пробах Крушальніцкага, узятых да ад’езду на Алімпіяду, сьлядоў забароненых прэпаратаў выяўлена не было. Сам атлет мяркуе, што падчас збораў у Японіі яму маглі падсыпаць мэльдоній ў напой.

Крушальніцкі заваяваў на Гульнях бронзавы мэдаль у пары з Анастасіяй Брызгалавай.

5 сьнежня Міжнародны алімпійскі камітэт адхіліў зборную Расеі ад удзелу ў зімовай Алімпіядзе ў Паўднёвай Карэі. Два расьсьледаваньні пацьвердзілі, што Крэмль арганізаваў сыстэму ўжываньня допінгу ў спорце. Расейскім спартоўцам, якія даказалі, што не ўжывалі допінг, дазволілі спаборнічаць пад нэўтральным сьцягам. У выніку для ўдзелу ў Гульнях было зарэгістравана 169 атлетаў, якія спаборнічаюць як «Алімпійскія атлеты з Расеі».

Прэс-служба Спартовага арбітражнага суду (СAS) паведамляе таксама, што ў допінг-пробе форварда зборнай Славеніі па хакеі Жыгі Егліча выяўлены забаронены прэпарат — фэнатэрол.

Хакеіста са Славеніі адхілілі ад удзелу ў матчах зборнай на зімовых Гульнях, і на працягу 24 гадзін ён павінен пакінуць Алімпійскую вёску. Спартовы арбітражны суд прыме канчатковае рашэньне адносна тэрміну дыскваліфікацыі пасьля завяршэньня Алімпійскіх гульняў у Пхёнчхане.

Жыга Егліч згуляў за зборную Славеніі ў Пхёнчхане тры матчы, забіў адну шайбу. Славенцы ў сваім актыве маюць дзьве перамогі і займаюць другое месца ў групе B.

29-гадовы хакеіст выступае ў Кантынэнтальнай хакейнай лізе (КХЛ), пачынаў гэты сэзон у «Тарпэда» (Ніжні Ноўгарад, Расея), а затым перайшоў у «Нафтахімік» (Ніжнякамск, Расея).

Спартовец з Расеі пакінуў алімпійскую вёску праз падазрэньні ў допінгу

XS
SM
MD
LG