Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра адну праўду і групавы крымінал. Адказ Ганьне Севярынец


Сяргей Дубавец

Цяпер модна спрачацца з папулярнай блогеркай Ганнай Севярынец. Выкажуся і я, хоць рэдка калі зь ёй нязгодны.

Ганна піша: «Сталінскія рэпрэсіі — і ўвогуле любыя рэпрэсіі — пачынаюцца тады, калі нейкая група людзей раптам вырашае, што яе групавая праўда — больш «праўдзівая» за іншыя праўды, што яны, у сілу валоданьня гэтай праўдай, могуць судзіць, караць і мілаваць, мала таго: што яны могуць судзіць, караць і мілаваць не асобных людзей, а класы, нацыі, карпарацыі — агулам».

Гучыць патэтычна, але беспрасьветна. Чаму тады масавыя рэпрэсіі не адбываюцца па ўсім сьвеце, у якой-небудзь незалежнай Літве, напрыклад, ці Чэхіі, ці Швэцыі? Больш за тое, яны там і ня могуць адбывацца, нават і ўявіць сабе, што яны там адбываюцца, немагчыма. А ў Беларусі магчыма. Тыя ж выбары, калі ўгледзецца, што гэта, як ня масавыя рэпрэсіі нейкай адной «групы» над іншымі? Тыя ж масавыя працэсы над мытнікамі ці егерамі, той жа перасьлед журналістаў Белсату? Дзе гэтаму ўсяму канец?

Ганна канца ня бачыць, бо ў яе адна «групавая праўда» гвалціць іншыя праўды, бо, паводле Ганны, праўдаў шмат: «І толькі ня трэба казаць мне, што праўда — адна. Мы жывем у дваццаць першым стагодзьдзі, і чыталі ўжо (павінны былі, як мінімум) увесь эўрапейскі постмадэрн. Нішто не прадукуецца на сьвеце так лёгка і подла, як жалезабэтонная праўда, адзіная з усіх праўдаў на сьвеце».

У Ганны атрымліваецца, што ў постмадэрных эўрапейскіх Літве, Чэхіі ці Швэцыі няма масавых рэпрэсіяў таму, што там шмат нежалезабэтонных праўдаў. Але ўсё роўна наадварот. Ганна блытае слова «праўда» з разнастайнасьцю праяваў жыцьця, чаго ў нас і сапраўды параўнальна няшмат. А праўда ў Літве, Чэхіі і Швэцыі адна, прычым жалезабэтонная. І называецца яна законам. Тое, што ў Беларусі Ганна называе «групавой праўдай» самі праваахоўнікі называюць альгарытмам, які, у сваю чаргу, падмяняе сабой закон на ягоную супрацьлегласьць. Паводле закону фальсыфікаваць выбары — крымінальнае злачынства, паводле альгарытму — норма. Ці вось як з масавымі працэсамі, якія арганізуе КГБ, а пасьля падтрымліваюць пракуратура і суд. Глядзіце, як выглядае жалезабэтонная праўда ў Канстытуцыі РБ:

«Артыкул 26. Ніхто ня можа быць прызнаны вінаватым у злачынстве, калі яго віна ня будзе ў прадугледжаным законам парадку даказаная і ўстаноўленая прыгаворам суду, які ўступіў у законную сілу. Той, каго абвінавачваюць, не павінен даказваць сваю невінаватасьць».

Крымінальна-працэсуальны кодэкс расшыфроўвае гэты пастулят наступным чынам:

«Артыкул 16

1. Асоба, абвінавачаная ў зьдзяйсьненьні злачынства, лічыцца невінаватай, пакуль яе вінаватасьць у зьдзяйсьненьні злачынства ня будзе даказаная ў прадугледжаным гэтым Кодэксам парадку і ня будзе ўстаноўленая прысудам суду, які ўступіў у законную сілу.

2. Абвінавачаны не абавязаны даказваць сваю невінаватасьць. Орган крымінальнага перасьледу, суд ня мае права перакладаць абавязак даказваньня на абвінавачанага.

3. Сумневы ў абгрунтаванасьці выстаўленага абвінавачаньня тлумачацца на карысьць абвінавачанага.

4. Прысуд ня можа быць заснаваны на здагадках».

Калі я пісаў пра суд над Алесем Юркойцем і ягонымі калегамі, я яшчэ ня ведаў, што ў жыцьці ўсё настолькі наадварот і што гэтая справа настолькі тыповая. Пасьля арышту Алесь год сядзеў у турме безь ніякіх на тое падставаў (глядзі п. 1). Яшчэ год ён сядзеў пасьля таго, як на яго «паказаў» калега і год пакуль ішоў суд, у якім Алесь даказваў, што калега яго агаварыў (глядзі п. 2). Агаварыў, дарэчы, словамі «мне здаецца» (глядзі п. 4).

Зьвярну асаблівую ўвагу на трэці пункт. Ён, дакладней, ягонае невыкананьне з боку ўладаў, тлумачыць усё наша сёньняшняе жыцьцё, усю грамадзкую атмасфэру. Бо ён патрабуе павагі да чалавека, гуманных адносінаў між людзьмі. Тым часам прэзыдэнт патрабуе караць усіх і ўся «жэстачайшэ», сьледам чыноўнікі ажыцьцяўляюць масавыя рэпрэсіі. Якая ж тут іхная «групавая праўда»? Гэта банальнае парушэньне закону. Закону, дарэчы, які па сутнасьці нічым не адрозьніваецца ад законаў Літвы, Чэхіі ці Швэцыі. Але па выніку колькасьць апраўдальных прысудаў там складае 20, а то й 50%. А ў нас? 0,1%! І выбары там ніхто не фальсыфікуе, бо гэта крымінальнае злачынства.

У груп могуць быць розныя погляды, жаданьні, памкненьні. Але праўда для ўсіх адна — закон. І ўся справа толькі ў тым, ці ён выконваецца, ці падмяняецца адваротным па сутнасьці альгарытмам, які ніякая не «групавая праўда», а самая што ні ёсьць хлусьня і крымінал.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG