Лінкі ўнівэрсальнага доступу

New York Times: Расейскія боты актывізаваліся пасьля страляніны ў Флорыдзе


Дасьледнікі адзначылі ўсплёск паведамленьняў з акаўнтаў, якія яны зьвязваюць з расейскай кампаніяй уплыву.

Праз гадзіну пасьля першых паведамленьняў пра страляніну ў Флорыдзе на мінулым тыдні ў твітэр-аканутах, якія, як мяркуецца, зьвязаныя з Расеяй, зьявіліся сотні паведамленьняў, што ўзьнімалі дыскусію аб кантролі над зброяй, паведаміла газэта New York Times.

Газэта адзначае, што гэтыя акаўнты падхапілі навіну з хуткасьцю кабэльных тэлеканалаў. Некаторыя ўзялі на ўзбраеньне хэштэг #guncontrolnow (кантроль над зброяй цяпер). Іншыя выкарыстоўвалі #gunreformnow (рэформу зброі цяпер) і #Parklandshooting (стральба ў Парклэндзе).

У публікацыі гаворыцца, што раней у сераду, да масавага забойства ў школе ў Парклэндзе, штат Флорыда, многія з гэтых акаўнтаў былі сканцэнтраваныя на расьсьледаваньні расейскага ўмяшаньня на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША ў 2016 годзе, якое вядзе спэцыяльны пракурор Робэрт Мюлер.

«Гэта даволі тыпова для іх — падхопліваць такія гарачыя навіны, як гэтая, — кажа Джонатан Морган кіраўнік кампаніі New Knowledge, якая адсочвае кампаніі дэзінфармацыі ў Інтэрнэце. — Боты факусуюцца на любых тэмах, якія ўносяць разлад сярод амэрыканцаў. Амаль сыстэматычна».

Адной з самых вострых тэмаў у краіне сёньня лічыцца пытаньне аб рэгуляваньні абароту зброі, і ў гэтых дэбатах прыхільнікі Другой папраўкі да Канстытуцыі ЗША супрацьстаяць прыхільнікам кантролю над зброяй, адзначае New York Times. Паведамленьні, якія адпраўляліся з гэтых аўтаматызаваных акаўнтаў або ботаў, былі закліканыя ўзмацніць гэты раскол і яшчэ больш ўскладніць дасягненьне кампрамісу.

Газэта паказвае, што за гэтымі аўтаматызаванымі твітэр-акаўнтамі ўважліва сочаць дасьледнікі. Летась «Альянс у абарону дэмакратыі» ў супрацоўніцтве з вашынгтонскай дасьледчай арганізацыяй «Нямецкі фонд Маршала» стварылі сайт, які адсочвае сотні твітэр-акаўнтаў рэальных людзей, а таксама меркаваных ботаў, якіх яны зьвязалі з расейскай кампаніяй уплыву.

Дасьледнікі засяродзіліся на твітэр-акаўнтах, якія разьмяшчаюць інфармацыю ў адзіным рэжыме з добра вядомымі расійскімі прапагандысцкімі СМІ. Каб выявіць аўтаматызаваны бот, яны глядзяць на пэўныя адметныя прыкметы, напрыклад, адзначаюць вельмі вялікую колькасьць пастоў, якія выразна спалучаюцца з кантэнтам сотняў іншых акаўнтаў.

Дасьледнікі паведамілі, што яны назіралі, як боты пачалі публікаваць паведамленьні аб страляніне ў Парклэндзе адразу пасьля таго, як яна адбылася, паказвае New York Times.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG