Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія выбары як Хэлаўін


Paval Kasciukievič: «У дзень выбараў адведаць родную школу, зайсьці ў буфэт, які зладзілі ў колішнім кабінэце завуча па выхаваўчай працы, і публічна там выпіць гарэлкі з плястыкавага кубачка. Зроблена».

Цудоўны атракцыён для замежных турыстаў! Хочаш бухнуць у школе? Пад музычку і шашлычкі? Ласкава запрашаем у Беларусь. Карнавал ладзіцца прыблізна раз на два гады: на мясцовыя, парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары.

За ўсе апошнія два дзесяцігодзьдзі ці болей я ня бачыў разгорнутага водгуку іншаземных турыстаў пра п’янку ў беларускіх школах на выбарах. Можа дзе было, але звычайна абмяжоўваюцца «савецкім ГУМам», сталінскім Праспэктам, кандовым абслугоўваньнем Белчыгункі і да таго падобнымі дробязямі-рудымэнтамі СССР.

Таксама і сёлета 18 лютага па беларускіх гарадах хадзілі турысты і, магчыма, нават ведалі, што ладзяцца выбары. І не падазравалі што вунь там, дзе пад сьмешнаватую музыку скачуць перад дзьвярыма з чырвона-зялёнай атрыбутыкай, адбываецца незвычайнае шоў.

Падазраю, што заходнія турысты наўрад ці ведаюць, што традыцыя «карнавалу» з танцамі і алькаголем на выбарчых участках не арыгінальная лукашэнкаўская, а паходзіць з часоў Савецкага Саюзу. Але тады ладзілася асэнсаванае, ідэйна падмацаванае сьвята без двукосьсяў. Выбары былі безальтэрнатыўнымі, але людзям укідалася ў галаву, што магчымасьць галасаваць усім — гэта вялікае дасягненьне саветаў. А дасягненьні трэба адзначаць.

Хто сумняваўся, ці ісьці на выбары, тым прапаноўвалі магчымасьць набыць дэфіцыт. І танна выпіць. А як ня выпіць на сьвята? СССР мог сам сабе маляваць якую-заўгодна яўку. Там ня трэба было пускаць «карусельшчыкаў» па выбарчых участках. Улады вядомымі ім мэтадамі імкнуліся прышчапіць менавіта сьвята. Як Новы Год, Сёмага Лістапада ці Васьмое Марта. Масавае сьвята.

Цяпер дэфіцыту няма, кошты ў буфэтах на выбарчых участках практычна тыя самыя, што і ў крамах, магчымасьць галасаваць усім улада не сама прыдумала, а выпіць у сярэдняй школе для старэйшых звычка, а для маладзейшых хіба прыкол для вытанчаных натур. Гэткі сабе панк-сьцёб. Дзе дадатковага абсурду і пікантнасьці дадае той факт, што напіцца можна ня проста ў грамадзкім месцы, а ў дзіцячай установе. Ці тое законна, ніхто нават не пытаецца.

Беларусь — гэта ніякі не Савецкі Саюз. Гэта імітацыя Савецкага Саюзу. Магчыма, для той часткі электарату, якая настальгуе па сваім юнацтве. Для часткі, якая натуральным чынам сыходзіць.

Усе ведаюць пра Хэлаўін, але мала хто ведае пачатковую сутнасьць гэтага дня. Часта чытаеш абурэньні, маўляў, што гэта за сьвята такое — сьвята мёртвых. Хэлаўін на пачатку быў зусім ня сьвятам.

Старажытныя кельты выходзілі на парад у самы цёмны, самы страшны дзень году, як яны меркавалі, калі злыя духі трапляюць у сьвет людзей. Каб чэрці не забралі да сябе, людзі прыкідаліся сваімі для дэманаў. Таму ў страшных масках дрогаліся ў брыдкіх танцах.

Мне падаецца, што дзе сьвядома, дзе падсьвядома, многія беларускія грамадзяне без прымусу ідуць на выбарчыя ўчасткі, бяруць чарку і нават танцуюць, каб прадэманстраваць сваю ляяльнасьць, ня быць зьедзенымі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG