Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта наліваюць на выбарах? Якія могуць быць варыянты адказаў? «Адказ на паверхні», «усім і так вядома»? Але што вядома? «Добрая старая» савецкая традыцыя?

Ясна, хацелася б больш сучаснага тлумачэньня, але праўда ў гэтым, вядома, ёсьць. Выхадны быў пры Сталіне адзін, галасаваньне, зразумела, — у нядзелю. Вось табе і яркая падзея сярод шэрых будняў. І потым: у Савецкім Саюзе заўсёды не хапала месцаў для «культурнага расьпіцьця», заўсёды. А тут — ты пад аховай партрэтаў, самой савецкай улады. Цёпла, сьветла. Абстаноўка ўрачыстая, заахвочваюць узяць чарку, дык чаму ня ўзяць?

Але сёньня чаму гэта выглядае як грубае парушэньне грамадзкага парадку? Таму што падчас любога масавага мерапрыемства, тым больш з ідэалягічным прысмакам продаж сьпіртнога строга забаронены. Як і само расьпіцьцё. У грамадзкіх месцах. Некалі на фэстываль нацыянальных культураў у Горадні стэляжы з гарэлкай стаялі ў вулічных шапіках. Даўно гэтага няма. Любое, часам для большасьці гараджанаў малаважнае мерапрыемства — выпускныя ў школах — прычына для забароны і гарэлкі і піва. З гэтым вельмі строга.

А на выбарах нічога не памянялася. І чым далей, тым больш гэта выглядае анамаліяй.

Ну вось зайшоў я ў школьны буфэт, што на выбарчым участку. Што я бачу? Двух мужчынак за сталом з плястыкавымі кубачкамі з празрыстай. І немалую чаргу побач школьнікаў і настаўніц. Вялікі выбар піражкоў, і новыя падвозяць, гарачыя. А перад вачыма савецкае шампанскае, віно беларускага таксама разьліву, нямала піва, пляшка каньяку і гарэлка трох гатункаў. Гарадзенскага заводу, каб падаткі — у мясцовы бюджэт. Што ж, «рачыцельна».

Але чаму гарэлка? Пяціклясьнік піць ня будзе. Дый не паложана. Настаўніцы таксама. Супрацоўнік «МЧС», што дзяжурыў на ўчастку, набыў сасіску ў цесьце.

Што ж гэта атрымліваецца: нават на Навагоднюю ялінку прапускалі на плошчу празь міліцэйскія брамкі, зазіралі ў заплечнікі, зь півам нельга нават. А тут палітычнае табе мерапрыемства, тут табе пэдагогі, дзеці — і выязная гарэлачная крама ў школьным буфэце.

Рацыянальна гэта растлумачыць самому сабе нібыта немагчыма. Гэта ўсё роўна што пры змаганьні з рэклямай тытуню на дзяржаўным узроўні на выбарчых участках частаваць цыгарэтамі. Іншага параўнаньня не магу і прыдумаць.

Я распытваў тых, хто не пайшоў галасаваць. Чаму? І сярод адказаў былі такія: не галасую, але цікаўлюся — хто ідзе ў дэпутаты. Дык вось: сёлета зусім ужо амаль ніякай інфармацыі не было. Ні партрэтаў асабліва на тумбах, ні ў паштовых скрынках. А раней пастаянна ўкідалі. І бывала, што зь дзясятак кандыдатаў розных. Дый потым: якая сёньня розьніца — галасаваць за хірурга ці за тэрапэўта, альбо за дырэктара адной школы ці іншай? Дзеля чаго? Каб у буфэце чарку ўзяць? Усе гэтыя дэпутаты мясцовыя ніякіх рэальных паўнамоцтваў ня будуць мець, ні на што ўплываць — таксама.

Але для большасьці гэта няважна. Для большасьці гэта сапраўды рытуал. Савецкі народ стварыў Сталін. Выбары таксама. І народ у душы не памяняўся ў большасьці сваёй. А вось выбары, нагадаю, аднойчы перасталі быць сталінскімі. Начальства страціла на імі кантроль. А без кантролю яно як бяз рук. Таму гарэлка — няхай дробязь, але неабходная для антуражу, для захаваньня падмуркаў, створаных Ёсіфам Вісарыёнавіча. І гэта зусім не галаслоўна, што ён дбаў аб тым, якімі быць выбарам.

Ён гэта мог рабіць «ёрнічаючы». Што такое савецкія выбары? На пытаньне Роя Говарда з амэрыканскага газэтнага канцэрну Сталін сказаў: «выбары ў СССР будуць хлыстом у руках насельніцтва супраць дрэнна працуючых органаў улады». 1936 год. Сам то ён, канечне, працаваў добра. Тым самым хлыстом. І супраць насельніцтва.

Канец 1937 году. Арышты, расстрэлы. А Сталін выступае на выбарчым сходзе, расхвальвае абстаноўку і самі выбары. Тлумачыць, што яны — «усенароднае сьвята». І што такіх «свабодных і дэмакратычных» выбараў ніколі нідзе не было «ў гісторыі чалавецтва».

Ну, а раз сьвята, то чарку перакуліць — сам бог вялеў, дарагія таварышы.

Калі я пасьля журфаку прыйшоў у абласную газэту, трапіў у аддзел «савецкай работы і быту». Займаўся саветамі, выбарамі і працякаючымі кранамі. Хадзіў на сэсіі абласнога савету. Народ тады зусім быў неабазнаны: навошта існуюць адначасова абкам партыі, аблвыканкам ды яшчэ абласны савет «выбіраюць»? На адно месца ў бюлетэні, як вядома, было адно прозьвішча.

Чалавеку немагчыма было растлумачыць: чаму савет стаіць над «аблвыканкамам», які якраз займаецца выбарамі дэпутатаў гэтага савету, усё трымае пад кантролем. Пачынаючы са сьпісаў будучых дэпутатаў, якія складаюцца ў самім аблвыканкаме. Выбарамі займаліся супрацоўнікі арганізацыйна-інструктарскага аддзелу. Кіраўніком абласной выбарчай камісіі ставілі, прынамсі пазьней, кіраўніка больш «нэўтральнага» аддзелу працы аблвыканкаму.

У канчатковым выніку на першай сэсіі выбіралі кіраўніка савету. Яны з памочнікам нагадвалі кватарантаў: займалі пакой у гмаху аблвыканкаму з сотнямі кабінэтаў. У 1990-я сыстэма зрабілася менш закасьцянелай, але пры Лукашэнку ёй цалкам вярнулі былы савецкі кшталт. Прычым здаралася, што да паловы выбарчых акругаў зноў бывалі як пры Брэжневе ці Сталіне: толькі з адным кандыдатам. Выбіралі, карацей, з аднаго прозьвішча.

Так што ў падрахунку сапраўды застаецца сутнасьць, замацаваная ў мазгах самім Сталіным. Першае: такіх дэмакратычных выбараў сьвет яшчэ ня бачыў. Другое: выбары — гэта ўсенароднае сьвята. Таму гарэлцы ліцца ў буфэтах на выбарчых участках да сканчэньня сьвету. Хаця зацікаўленьня ў ёй насамрэч няма. З 11-й да 12-й, калі людзі на ўчастак прыходзілі даволі актыўна, асабліва жанчыны, гарэлку ніхто не купляў.

У чым прычына? Першае: беларусы сталі меней піць, меней купляць гарэлкі. Яна стала для іх менш важнай. Ня кажучы: выветрылася з галавы памяць пра часы гарэлачнага дэфіцыту, калі вечна не хапала, калі ўсё было па талёнах.

Другое: яны ўсё ж лепей за савецкага чалавека адчуваюць — дзе варта піць, а дзе для гэтага месца не зусім адпаведнае, нават калі прапануюць ці проста ёсьць магчымасьць. І вось якраз выбары, якія б ні былі, перасталі масава лічыць месцам для чаркі. Трэцяе: у школьным буфэце тым больш мала смаку ад чаркі. Апошняе: усё ж на ўчастку ўсё афіцыйна, дзяжураць людзі ў мундзірах, так што разьняволеным не адчуеш сябе па-сапраўднаму.

Могуць быць і іншыя прычыны. Хаця я дапускаю, што на ўчастку, дзе буфэт у заводзкай сталоўцы, чарка лепей пойдзе. Але ў любым разе адбываюцца пэўныя пературбацыі ў галовах, а начальства гэтага ці не разумее, ці ігнаруе: у выбарчым буфэце гарэлка павінна быць і ўсё тут.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG