Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У якой з партый на мясцовых выбарах найбольш кандыдатаў з крымінальным мінулым


Да выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў Беларусі дапускаюцца і тыя асобы, якія раней былі асуджаныя. Але да пачатку выбарчай кампаніі іх судзімасьці ўжо павінны быць пагашаныя. А пачынаючы з 2013 году ў афіцыйных біяграфіях кандыдатаў у дэпутаты абавязкова паказваюць усе крымінальныя судзімасьці, якія былі раней, незалежна ад тэрміну прысуду. Ці шмат сярод зарэгістраваных кандыдатаў у абласныя і сталічны гарадзкі саветы людзей з крымінальным мінулым, высьвятлялі карэспандэнты Свабоды.

У лідэрах — лібэральныя дэмакраты

Сярод кандыдатаў з крымінальным мінулым — 11 партыйцаў. 5 зь іх прадстаўляюць Лібэральна-дэмакратычную партыю, па 2 — Абʼяднаную грамадзянскую і «Справядлівы сьвет», па 1 — Камуністычную партыю і Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасьці.

Першы намесьнік старшыні ЛДП Алег Гайдукевіч у размове са Свабодай сказаў, што не палохаецца такога лідэрства.

Алег Гайдукевіч, архіўнае фота
Алег Гайдукевіч, архіўнае фота

«Нашы кандыдаты цудоўна ведалі, што зьвесткі пра іх ранейшую судзімасьць дойдуць да выбарнікаў. І калі яны не баяцца пра гэта публічна заяўляць, то гэта азначае, што прэтэндэнты ўжо перажылі мінулае, зрабілі з гэтага правільныя высновы, — сказаў Гайдукевіч. — Таму я лічу, што няма патрэбы хаваць мінулую судзімасьць. Нашмат горш было б, каб гэтыя дадзеныя схавалі і толькі пасьля людзі даведаліся, што яны абралі дэпутатам чалавека, які калісьці быў пад судом».

Гайдукевіч кажа, што партыйнае кіраўніцтва даверыла вылучэньне кандыдатаў у мясцовыя саветы рэгіянальным партыйным філіям.

«Калі абіралі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, то ўсіх нашых прэтэндэнтаў зацьвярджаў партыйны зьезд. На мясцовых выбарах мы так ня робім. Я ведаю кандыдатаў з Гомельшчыны. З усіх іх судзімасьць ужо зьнятая. Гэта было даўно. Самае галоўнае — які гэты чалавек цяпер. А памылкі, асабліва ззамаладу, бываюць», — кажа Алег Гайдукевіч.

Віцебск: Пра судзімасьць напісалі, пра мэдалі — «не хапіла месца»

Падпалкоўнік у адстаўцы, сябар партыі левых «Справядлівы сьвет» Вадзім Кузьмін бярэ ўдзел у выбарах не ўпершыню. І кожнага разу ён вымушаны аспрэчваць аўтабіяграфічныя зьвесткі, пададзеныя пра яго ў друку.

Падчас мінулых мясцовых выбараў, калі ён быў кандыдатам у дэпутаты гарадзкога і абласнога саветаў, гарадзкая газэта «Віцьбічы» наблытала з фактам колішняй судзімасьці Вадзіма Кузьміна. Артыкул № 66 выбарчага заканадаўства кажа, што такія факты неабходна згадваць. Аднак, на думку спадара Кузьміна, гэтым вырашылі скарыстацца, каб зганіць ягонае імя.

«У „Віцьбічах“ падалі і ня тыя даты, і ня той артыкул. А вось пра тое, што судзімасьць ужо даўно зьнятая, паведаміць „забыліся“. Сёлета сытуацыя паўтарылася, і я падаў скаргу ў пракуратуру», — кажа кандыдат.

Скаргі зь ягонага боку былі і раней. Ды толькі разьбіралі іх ужо пасьля таго, як аўтабіяграфічныя матэрыялы выходзілі з друку.

З улікам ранейшага досьведу сёлета Вадзім Кузьмін загадзя зьвярнуўся да старшыні ЦВК з пытаньнем, як павінна быць сфармуляваная інфармацыя пра судзімасьць у ягоным выпадку. Атрымаў адказ за подпісам Лідзіі Ярмошынай, што зьвесткі павінны быць наступныя: «быў судзімы па арт. 206, судзімасьць пагашаная, на цяперашні час судзімасьцяў ня мае».

Вадзім Кузьмін, архіўнае фота
Вадзім Кузьмін, архіўнае фота

Кузьмін кажа, што сёлета ён адмыслова папярэджваў супрацоўнікаў гарадзкой газэты, каб не давалі нагоды для скандалу, і паказваў ім ліст з ЦВК. Аднак з друку выйшаў нумар з дакладна такімі ж памылкамі, як у 2014 годзе.

Спадар Кузьмін падаў скаргу ў пракуратуру. Ён патрабуе друкаванага абвяржэньня і выпраўленьня памылак.

Былы вайсковец мае і яшчэ адну крыўду.

«Пра судзімасьць яны памятаюць, а пра тое, што я ўзнагароджаны трыма ордэнамі за працу па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС, — не. Нідзе ня пішуць, што я ўзнагароджаны пяцьцю мэдалямі, што ў мяне чатыры адукацыі. Кажуць, што «не хапае месца», — кажа Вадзім Кузьмін.

Гомель: рэгіён, дзе найбольш кандыдатаў з судзімасьцю

Сярод амаль паўтары сотні кандыдатаў у дэпутаты Гомельскага абласнога савету — паўдзясятка чалавек, якія былі не ў ладах з законам.

Абласная выбарчая камісія паведамляе, што кандыдат у дэпутаты па Чырвонаармейскай выбарчай акрузе № 4 Сяргей Бубновіч у 2000 годзе быў асуджаны за хуліганства — паводле часткі 2 артыкула 201 Крымінальнага кодэксу. Чалец Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці Бубновіч балятуецца яшчэ і ў Гомельскі гарадзкі савет у Яфрэмаўскай акрузе № 14. Гарадзкая камісія дадае, што асуджаны кандыдат быў умоўна, судзімасьці цяпер ня мае.

Судзімасьць за хуліганства васьмігадовай даўнасьці значыцца і ў біяграфічных зьвестках вядомага ў горадзе блогера Максіма Філіповіча. Ён таксама кандыдат у дэпутаты двух саветаў — абласнога і гарадзкога.

«Спрачаўся зь міліцыяй, быў крыху выпіўшы. Атрымаў штраф. Да выбараў думаў, што аштрафавалі мяне па адміністрацыйным артыкуле. Аказваецца, па крымінальным», — кажа Філіповіч.

Інфармацыю пра ўмоўнае асуджэньне за прымус да заключэньня дамовы або выкананьня абавязаньняў выбарчая камісія паведаміла і ў біяграфічных зьвестках кандыдата ў дэпутаты аблсавету ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі ў Мазураўскай акрузе № 20 Вольгі Ігнаценкі.

Яе калега па партыі, майстар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Ўладзімер Якімаў, які балятуецца адначасна ў абласны і гарадзкі саветы, у 2005 годзе быў асуджаны за незаконны абарот наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў ды іх прэкурсараў (частка 1, артыкул 328 Крымінальнага кодэксу).

Яшчэ адзін кандыдат у дэпутаты ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі, Алег Баліцкі, быў асуджаны ў 2012 годзе за выманьваньне крэдыту або датацыі, але цяпер судзімасьці ня мае — яна зьнятая. Ён балятуецца ў абласны і гарадзкі саветы.

У кандыдата ў дэпутаты Гомельскіх гарадзкога і абласнога саветаў Уладзіслава Грышачкіна значыцца судзімасьць паводле двух артыкулаў — рабунак і замах на злачынства. Грышачкін таксама сябра Лібэральна-дэмакратычнай партыі.

Доўгатэрміновы назіральнік на мясцовых выбарах, праваабаронца Леанід Судаленка лічыць, што публікацыя зьвестак пра колішнюю судзімасьць кандыдатаў супярэчыць артыкулу 99 Крымінальнага кодэксу, дзе гаворыцца пра адсутнасьць прававых наступстваў пасьля зьняцьця судзімасьці.

«Публікаваць такія зьвесткі пра кандыдатаў пачалі пасьля Плошчы-2010. Так вырашыла Цэнтральная выбарчая камісія. Гэта, безумоўна, дыскрымінацыйнае рашэньне, скіраванае на прыніжэньне кандыдата з калішняй судзімасьцю ў вачах выбарнікаў», — кажа праваабаронца Судаленка.

Горадня: Кандыдат судзімасьці не хавае, але ёй не ганарыцца

У 1992 годзе сябра АГП Ігар Банцар быў асуджаны Гарадзенскім судом на тры гады пазбаўленьня волі ўмоўна. Сам Банцар кажа, што ня тоіць гэтага факту, але і не ганарыцца ім. Паводле яго, на сустрэчах з выбарнікамі і ў сацыяльных сетках адказвае ўсім цікаўным пра момант, які насамрэч быў у ягоным жыцьці.

Ігар Банцар
Ігар Банцар

«Я быў 19-гадовым хлопцам. Абставіны склаліся так, што ня мог паступіць па-іншаму, бо людзі падманулі ня толькі мяне, але і іншых, і я заступіўся за сябе і за іншых. У акрузе, дзе я вылучаюся, мяне таксама людзі добра ведаюць, бо жыву там больш за 30 гадоў, я ва ўсіх навідавоку».

У дэпутаты гарадзкога савету Банцар вылучаецца з асабістай ініцыятывы, а кандыдатам у абласны савет стаў па рашэньні Абʼяднанай грамадзянскай партыі.

Магілёўшчына: двое вылучэнцаў са зьнятаю судзімасьцю

У Асіповічах вылучэнец партыі левых «Справядлівы сьвет» Мікалай Рахманаў у сваіх агітацыйных улётках згадаў, што «ў 2002–2003 годзе была правіна, якая пагашаная». У Асіповіцкай акруговай выбарчай камісіі № 48 пацьвердзілі: кандыдат на дэпутацтва мае зьнятую судзімасьць. Але ўдакладняць, што ўчыніў Рахманаў, ня сталі.

У 2016 годзе, калі партыйны актывіст вылучаўся ў Палату прадстаўнікоў, акруговая камісія № 89 паведаміла, што Рахманава ў 2002 годзе каралі за крадзеж (артыкул 205, частка 1) і ў 2003 годзе за хуліганства (артыкул 339, частка 1).

У Дрыбіне пра зьнятую судзімасьць вылучэнца ў аблсавет, дырэктара акцыянэрнага таварыства «Трылесіна-Агра» Пятра Малініна напісала мясцовая раёнка «Савецкая вёска». Высьветліць, у чым быў абвінавачаны кіраўнік гаспадаркі, не ўдалося.

Жыхары раёну, якія не пажадалі, каб іх імя называлася, сказалі, што пад крымінальны перасьлед Малінін трапіў два дзясяткі гадоў таму. Некалькі месяцаў праседзеў у няволі. Што яму інкрымінавалася і што прысудзілі, прыгадаць не змаглі. Адзначылі, што неўзабаве пасьля адседкі яго прызначылі кіраваць гаспадаркай, якую ён зрабіў адной з найлепшых у раёне.

Сам вылучэнец лічыць, што эпізод крымінальнага перасьледу ў біяграфіі ня стане перашкодай для выкананьня ім дэпутацкіх абавязкаў. Ён дадаў, што зьнятая судзімасьць не перашкаджае яму 18 гадоў заставацца дырэктарам гаспадаркі.

Пётар Малінін беспартыйны. У Дрыбіне яго лічаць найбольш імаверным кандыдатам у аблсавет. Ягоны канкурэнт — галоўны ўрач раённага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Рыгор Басякоў.

Менск: тры кандыдаты з крымінальным мінулым

Сяргей Скрабец
Сяргей Скрабец

У сталіцы па 10-й Пляханаўскай акрузе балятуецца 55-гадовы былы намесьнік старшыні камісіі ў Палаце прадстаўнікоў Сяргей Скрабец. Ён вылучэнец Абʼяднанай грамадзянскай партыі. У афіцыйнай улётцы напісана, што кандыдат «раней меў судзімасьць па ч. 4 арт. 16 — ч. 2 арт. 237 (саўдзел у выманьваньні крэдыту або субсыдыі) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь».

Скрабец сказаў Свабодзе, што гэтая судзімасьць у яго пагашаная яшчэ 12 гадоў таму. Так, ён браў крэдыт, каб адкрыць у Беларусі філію вядомага расейскага цукерачнага канцэрну «Бабаеўскае». І калі б улады не нарабілі яму мноства перашкодаў, то ён бы ўжо даўно разьлічыўся з крэдытам і папаўняў беларускі бюджэт.

Па 13-й Купалаўскай акрузе за мандат дэпутата змагаецца 44-гадовы Андрэй Панфіленка. Ён памочнік (па гаспадарцы) старшыні праўленьня гаражнага спажывецкага каапэратыву «Надзея-аўта», чалец Лібэральна-дэмакратычнай партыі.

«Раней меў судзімасьці па ч. 3 арт. 87 (крадзеж маёмасьці, зьдзейсьнен[ы] шляхам крадзяжу) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, па ч. 1 арт. 174 (ухіленьне бацькоў ад утрыманьня дзяцей альбо кампэнсацыі выдаткаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманьне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забесьпячэньні) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь».

«Першы раз атрымаў два гады ўмоўна. Зь сябрам у 17 гадоў залезьлі на будоўлю. Мы нічога ня скралі, але нас злавілі і навесілі судзімасьць, бо там зьніклі нейкія дзьверы, аконныя рамы, шкло. Было гэта 25 гадоў таму.

Другая гісторыя такая. Я гляджу сваё дзіця, плачу яму грошы. Але атрымалася так, што я не заплаціў на працягу году тры месяцы — быў у камандзіроўцы. Далі 200 гадзін папраўчых работ», — кажа кандыдат.

У Купрыянаўскай выбарчай акрузе № 21 сярод прэтэндэнтаў 41-гадовы Альберт Ерафеенка. Ён загадчык складу таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Эўрагандаль», сябра Камуністычнай партыі Беларусі.

«Меў судзімасьць па арт. 339 частка 2 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (хуліганства)».

Ерафеенка лічыць, што такая афіцыйная інфармацыя пра яго «не зусім этычная».

«Была звычайная бойка. Але ўсё ўжо як бы кампэнсавана, выкуплена. У нас так здараецца: адмоўныя бакі часам выпінаюцца, пэўныя заслугі замоўчваюцца».

Карняенка: «Вэртыкальшчыкі змагаюцца за яўку, бо ў іх спаборніцтва, хто лепш служыць уладзе»

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG