Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турчынаў заявіў, што не даваў загадаў зьнішчыць Віктара Януковіча


Аляксандар Турчынаў
Аляксандар Турчынаў

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны, былы выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Аляксандар Турчынаў заявіў, што ніколі не даваў загадаў фізычна зьнішчыць экс-прэзыдэнта Віктара Януковіча. Пра гэта, як паведамляе «Ўкраінская праўда», ён заявіў падчас допыту ў судзе ў справе аб дзяржаўнай здрадзе Віктара Януковіча.

«Я не даваў каманду нікому ліквідаваць, ці страляць, ці яшчэ нешта рабіць, што пагражала б жыцьцю Януковіча», — сказаў ён.

«Няхай хаця б адзін чалавек скажа, што я такі загад даваў. Такога ніколі не было і не магло быць. Больш за тое, вельмі важна, каб Януковіч быў жывы ва Ўкраіне. Важна было, каб ён добраахвотна напісаў заяву аб складаньні паўнамоцтваў, і спакойна сядзеў на лаве падсудных, і адказваў за тыя злачынствы, якія ён учыняў або якія яму інкрымінуюць», — сказаў ён.

У судзе Турчынаў таксама заявіў, што Віктар Януковіч ня мог заставацца прэзыдэнтам ня толькі з прычыны ўцёкаў, але і з прычыны сваіх неканстытуцыйных дзеяньняў.

Турчынаў таксама паведаміў пры дачы паказаньняў, што 28 лютага 2014 году яму патэлефанаваў старшыня Дзяржаўнай думы РФ Сяргей Нарышкін і пагражаў. Ён паведаміў, што Расейская Фэдэрацыя прызнае Турчынава толькі як старшыню Вярхоўнай Рады і прынцыпова не прызнае ягоныя паўнамоцтвы як выканаўцы абавязкаў прэзыдэнта. «Яны лічаць, што мы сілай захапілі ўладу», — сказаў Турчынаў.

Паводле Турчынава, прадстаўнік расейскай улады падкрэсьліў, што легітымным прэзыдэнтам у РФ лічаць Януковіча. І менавіта ад яго гатовыя ўспрымаць любую інфармацыю:

«Нарышкін пачаў пагражаць, што ў выпадку гібелі расейскамоўных грамадзян яны маюць патэнцыял, здольны зьнішчыць і новую ўкраінскую ўладу, і фактычна гаворка ішла пра ўварваньне РФ ва Ўкраіну», — заявіў Турчынаў.

Далей Турчынаў сказаў Нарышкіну, што Расея парушае ўсе міжнародныя дамовы, ня мае ні палітычных, ні юрыдычных падставаў знаходзіцца на тэрыторыі Ўкраіны. «На што Нарышкін адказаў, што ў РФ будуць усе падставы», — паведаміў Турчынаў.

Паводле Турчынава, гаворка ішла пра тое, што на наступны дзень парлямэнт Расеі даў дазвол уводзіць войскі ва Ўкраіну, а палітычнай падставай быў зварот Януковіча да Пуціна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG