Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сырыйскія праваабаронцы заявілі пра гібель 15 расейцаў у Дэйр-эз-Зоры


Нафтавая вышка ў Сырыі. Архіўнае фота.

У сырыйскай правінцыі Дэйр-эз-Зор пры спробе пранікнуць на склад зброі, як мяркуецца, загінулі 15 расейцаў. Пра гэта са спасылкай на Сырыйскі цэнтар маніторынгу парушэньняў правоў чалавека, які базуецца ў Лёндане, паведамляе газэта The Guardian.

Загінулыя расейцы, паводле зьвестак праваабаронцаў, працавалі ў нейкай «прыватнай кампаніі», якая займаецца аховай падкантрольных сырыйскім уладам нафтавых і газавых радовішчаў.

Паведамляецца, што разам з грамадзянамі Расеі пры выбуху на складзе зброі загінулі восем узброеных прыхільнікаў Башара Асада.

Калі гэта адбылося, невядома. Акрамя гэтага, у публікацыі самога Сырыйскага цэнтру маніторынгу парушэньняў правоў чалавека не пазначана, што пры выбуху загінулі менавіта 15 расейцаў. Дасьледчая група Conflict Intelligence Team (CIT) заклікала ставіцца да інфармацыі Сырыйскага цэнтру з асьцярогай.

Раней стала вядома, што 7 лютага ў сырыйскай правінцыі Дэйр-эз-Зор пры авіяўдары кааліцыя ЗША загінулі байцы «прыватнай расейскай ваеннай кампанія Вагнер». Разам з войскамі Асада яны нібыта спрабавалі захапіць нафтавае радовішча. Дакладная колькасьць загінулых расейцаў невядомая. У цяперашні час вядомыя імёны сямі зь іх.

«ЧВК Вагнера», як мяркуецца, курыруе бізнэсмэн Яўген Прыгожын, блізкі сябар прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Летась СМІ паведамлялі, што структуры Прыгожына атрымаюць доступ да нафтавых і газавых радовішчаў на тэрыторыі Сырыі, а займацца іх аховай будзе менавіта «ЧВК Вагнера».

XS
SM
MD
LG