Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тут канвой, там канвой — у хатцы нашай і за мяжой


Алена Германовіч

У Дзень сьвятога Валянціна мяне за руку ўзяў мужчына! Так мог бы пачацца нейкі твор паэтычнай формы з лірычным зместам. Але я не паэт, таму далей — суворая проза жыцця.

Пасьля нечаканай блізкасьці з чужым чалавекам я займела вострае жаданьне

Ад дотыку чужой рукі мне не зрабілася мякка, лагодна, прыемна і салодка на душы. Сэрца не кульнулася ў ружовую бездань ад зьнянацку рэалізаванай патаемнай мары блізкасьці з асобай супрацьлеглага полу, не затрымцела, не спынілася, не паскорыла ўдары. Папраўдзе, пасьля гэтага моманту нечаканай блізкасьці з чужым чалавекам я займела вострае жаданьне ўступіць зь ім у яшчэ больш цесны кантакт, іншымі часткамі цела. Напрыклад, дакрануцца рукой са сьціснутым кулаком да яго твару. Але час і абставіны здарэньня, а таксама дэкляраваная законам «непазьбежнасьць пакараньня» зацуглялі мяне як каня, зацягнулі мяне ў пастку штампаў нацыянальнай сьвядомасьці «Ён жа ў форме, а ты без», «Ён начальнік, ты дурань», «Ён пры выкананьні, а ты проста цягаесься бяз справы».

Мяне сустрэў прадстаўнік органаў, з папуляцыі «міліцыянэр звычайны»

Досыць. Справа была так. Прыйшла я ў суд як прадстаўнік сродкаў масавай інфармацыі, а там мяне сустрэў прадстаўнік органаў, з папуляцыі «міліцыянэр звычайны». Канвойны. За шклом сядзеў абвінавачаны. Калегам карцела зьняць яго ў анфас і профіль. Статкавы інстынкт, калектыўнае несьвядомае прымусіла і мяне ліхаманкава выцягваць з кішэні мабільны. Дарагі, з добрай камэрай. Як толькі я націснула на сярэдзіну экрана, каб зафіксаваць стан абвінавачанага, паказаць грамадзкасьці — во, гляньце, сядзіць, не рабіце так, як ён, і потым для замацаваньня дыдактычнага матэрыялу размаляваць яго ў тэксьце штампамі «сядзеў, не адважваўся і вочы падняць, абхапіўшы галаву рукамі» — тут і схапіў мяне канвойны за руку. Нібыта ў палон узяў. Другая рука сутаргава сьціскалася ў кулак, але ж вы ведаеце — я пісала, што нельга міліцыянэраў біць, яны ў форме, пры

Але недзе выбухнуў сьмехам Унутраны Цэнзар

выкананьні. Мы бясформенныя — і таму, мусіць, і схільныя да невыкананьня закону, і таму дзейнічаць трэба на папярэджаньне: хапай за руку, пакуль не пасьпелі і падумаць пра злачынства! «Адпусьціце маю руку! Для чаго вы мяне хапаеце і штурхаеце?», — абурылася я. «Не падыходзьце блізка!», — пагрозьліва насупіўся ён, але руку нарэшце адпусьціў. Багна, жабурыньне, шэрае рэчыва заварушылася пад чэрапам на хвіліну, выпускаючы на паверхню бурбалкі паветра зь нейкімі дзіўнымі і недарэчнымі асадкамі: «правы чалавека», «годнасьць», «асабістыя межы», «недатыкальнасьць асобы»… Але недзе выбухнуў сьмехам Унутраны Цэнзар: «Ты дома, дзетка!». Дома. Ага, дакладна. Я і забылася, што ва Ўкраіне я была ўчора. А паміж учора і сёньня — дзірка ў часе памерам зь нябыт. Учора — гэта там, сёння — тут. Але мы жывем тут Учора, а тое, што было ўчора там — павінна было б за гэтыя гады зрабіцца ў нас Сёньня. Цывілізаванай нормай. Напрыклад, не хапаць за рукі незнаёмых людзей. Не штурхаць іх толькі з-за таго, што ты ў форме, а яны — не.

На ўсялякі выпадак я не хадзіла па залі

Учора я таксама была на судзе, але па той бок паўднёвай мяжы. Там судзілі нашага «шпіёна». Там таксама быў канвой — як жа безь яго ў судзе. І іх канвой мяне таксама зьдзівіў. Я ледзь не самлела, калі ў час судовага пасяджэньня карэспандэнты хадзілі па залі і рабілі здымкі, а канвой іх не хапаў за рукі! Нешта там ненармальнае. На ўсялякі выпадак я не хадзіла па залі. Бо парадак жа. Прыехаў хоць ва Украіну, але Беларусь кампактна ўмясьцілася ў жабурыньні маленькім файлам «Не хадзі, не сядзі, не пераходзь пуці, не падыходзь блізка, ня стой далёка». Але тое, што я сядзела сабе ціха, не мільгацела па залі, не выратавала мяне ад кантакту з канвоем. Ты не ідзеш да яго — сам прыйдзе, Магамет такі. У той момант, як я ціхенька, нібыта шпіён, нешта занатоўвала, да мяне падышоў канвойны. І пачаў адцягваць тумбу. Я назірала за ім зь ціхім жахам: «Напэўна, да мяне лацьвей падабрацца, зараз па руках будзе біць!». А ён азірнуўся і прашаптаў: «Каб яна вам не замінала, калі здымаць будзеце». А калі я ўпэўнілася, што па руках тут ня б’юць — пачала паціху размотваць клубкі калючага дроту ў галаве, паралельна падбірацца паціху і да абвінавачанага за шклом, здымаючы яго то сьпераду, то збоку, употайкі прыглядаючы бакавым і ўнутраным зрокам за канвоем: «Ну дзе тая мяжа, за якой ужо нельга?!». Тыя мае нямыя ўнутраныя пытаньні не разумелі, а толькі адсоўваліся, калі бачылі якога «чалавека з камэрай», каб не замінаць яму. Сьвет, перакулены дагары нагамі! А сакратарка, уявіце, не размаўляла з намі як з малымі-дурнымі (такі стыль стасункаў вітаецца і практыкуецца ў нашых судах, супрацоўнікі якіх аддаюць загады кароткімі камандамі:

Сьвет, перакулены дагары нагамі!

«Ня стойце, не здымайце, не сядайце, не хадзіце, тут дзяржаўныя сімвалы!»), а выконвала тое, што павінна рабіць — занатоўваць для гісторыі хаду працэсу. Ах, што ж ты такое пішаш. Там жа вэрхал і анархія, Майданы і карупцыя, у нас тут парадачак і стабільнасьць. А каб мець у сваім багажы вось гэтыя два апошнія — то нешта трэба аддаць у ахвяру. Якраз тыя недарэчныя паняцьці, якія так часта ўчора ўзгадвалі ва ўкраінскім судзе — «правы чалавека», «годнасьць асобы», «павага да чалавека», «гарантаванае Канстытуцыяй права даваць паказаньні на роднай мове».

…Сяджу я, пішу я, а Унутраны Цэнзар рагоча: «Пішы, пішы, пісака! Плявузгай на родны суд! Наступным разам ня толькі за руку схопяць!».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG