Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-дэпутат Дзярждумы распавёў у судзе, як і калі Пуцін вырашыў анэксаваць Крым


Ільля Панамароў.

Расея ўвяла свае войскі ў Крым у 2014 годзе яшчэ да ліста-звароту да расейскіх уладаў прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча, калі ён уцёк у Расею пасьля Эўрамайдану. Пра гэта заявіў у сераду экс-дэпутат расейскай Дзярждумы Ільля Панамароў на пасяджэньні суду ў справе аб дзяржаўнай здрадзе Януковіча, які праходзіць у Кіеве.

Па словах былога дэпутата, рашэньне аб анэксіі Крыма, згодна з інфармацыяй яго крыніц, было прынятае расейскім прэзыдэнтам пасьля нарады ў ноч з 22 на 23 лютага 2014 года.

«22 лютага Пуцін ледзьве не патрапіў у авіякатастрофу ў Сочы на верталёце і ўспрыняў гэта як спробу замаху на яго замежных спэцслужбаў. У гэты ж дзень адбыліся ўцёкі Януковіча, і ў Пуціна быў такі настрой, што вакол змова. У ноч з 22 на 23 лютага сабралі тэрміновую нараду. Большасьць яе ўдзельнікаў выступілі супраць анэксіі Крыма, паколькі гэта супярэчыць Канстытуцыі Расеі, аднак Пуцін настаяў на анэксіі », — паведаміў у судзе сьведка Панамароў.

Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў абверг словы Панамарова пра інцыдэнт з верталётам Пуціна.

Па словах Панамарова, ужо 23 лютага працэдура анэксіі была запушчана. У канцы лютага, акрамя ваенных Чарнаморскага флёту, якія легальна знаходзіліся на паўвостраве, у Крыме незаконна зьявіліся першыя ўзброеныя падразьдзяленьні расейскай арміі.

Ільля Панамароў, які цяпер жыве ў Кіеве, адзіны з дэпутатаў, які падчас галасаваньня ў Дзярждуме ў сакавіку ў 2014 году не падтрымаў далучэньне Крыма да Расеі.

Януковіча, акрамя дзяржаўнай здрады, абвінавачваюць у дапамозе прадстаўнікам расейскіх уладаў і вядзеньні агрэсіўнай вайны. У якасьці галоўнага доказу абвінавачаньня фігуруе фотакопія лістоў-зваротаў Януковіча да расейскага Савету Фэдэрацыі і прэзыдэнта Пуціна (ад 1 сакавіка 2014 году — Радыё Свабода) з просьбай увесьці войскі на тэрыторыю Ўкраіны. Да таго часу Януковіч ужо быў адхілены Вярхоўнай Радай ад улады, аднак сам сябе ён называў «легітымным прэзыдэнтам».

Чакаецца, што 15 лютага ў судзе па хадайніцтве пракурораў сьведкавыя паказаньні, у прыватнасьці, дасьць сакратар Савету нацыянальнай бясьпекі і абароны Аляксандр Турчынаў, а на наступным тыдні — прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка.

Крым быў далучаны да Расеі ў 2014 годзе па выніках рэфэрэндуму, які быў праведзены насуперак заканадаўству Ўкраіны і пасьля таго, як паўвостраў узялі пад кантроль расейскія войскі. Кіеў і краіны Захаду лічаць гэта анэксіяй і парушэньнем міжнароднага права. Расейскія ўлады настойваюць на тым, што Крым далучаны да Расеі законна.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG