Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У цябе ёсьць адно права. Быць каханай. Ці табе гэтага мала?»


Наста Захарэвіч.

Тэмай каханьня пранізана ўся масавая культура: рамантычная лінія — гэта абавязковая частка любога мастацкага сцэнару (выключэньні бываюць хіба што ў культурных прадуктах, створаных для маленькіх дзяцей).

Але праблема ня толькі ў тым, што жыцьцё без рамантычных стасункаў ці хоць бы няшчаснага каханьня выдаецца за непаўнавартаснае, але і ў тым, што традыцыйныя апісаньні «шчасьлівага каханьня» — гэта хутчэй апісаньні катастрофы.

На шчасьце, ужо зьяўляюцца мастацкія творы, у якіх можна пабачыць партнэрскія стасункі, але гэта яшчэ вельмі далёка ад мэйнстрыму. Абсалютная большасьць сцэнараў таго, як разьвіваюцца рамантычныя лініі, выглядае вельмі патрыярхальна: жанчыны хочуць «пераходу на новы ўзровень», але чакаюць прапановы ад мужчыны, нэрвуюцца і спрабуюць зразумець, што зь імі ня так; мужчыны бачаць у каханых прыслугу і максымум, на што пагаджаюцца — гэта «дапамагчы з хатнімі справамі»; дзеці аўтаматычна становяцца клопатам жанчыны, і менавіта яе кар’ера аказваецца пад пагрозай пасьля родаў.

Спасылка на каханьне — ідэальны спосаб маніпуляваць.

Важная частка ўсіх гэтых сцэнароў — той факт, што праблемы ніколі не абмяркоўваюцца. Праўда, і замоўчваюцца яны таксама не заўсёды: агучваньне прэтэнзій у патрыярхальных стасунках называецца пілаваньнем (калі гэта робіць жанчына) і тлумачэньнем (калі гэта робіць мужчына). Безумоўна, калі жонка «піліць мозг» — гэта непрымальна, а вось да «тлумачэньняў» мужа трэба абавязкова прыслухоўвацца, бо яму лепш ведаць.

Відавочна, што на шчасьлівае жыцьцё гэта ўсё ніяк не падобна. Але мы часта працягваем верыць, што так і мусяць выглядаць добрыя стасункі, бо ўсе гэтыя непрыемныя зьявы і працэсы нібыта ёсьць праявай каханьня. Калі жанчына кахае — яна дачакаецца прапановы, паклапоціцца пра дом і дзяцей, паступіцца ўласнымі амбіцыямі і заўжды будзе ўсім задаволеная.

У фільме «Блаславіце жанчыну» ёсьць сцэна, дзе галоўная гераіня запытваецца ў мужа пасьля таго, як ён пералічыў усе ягоныя правы, якія ж правы ёсьць у яе. І ён шчыра адказвае: «У цябе ёсьць адно права. Быць каханай. Ці табе гэтага мала?». Гэты выраз стаў клясычным для вельмі трапнага апісаньня жудаснай сутнасьці патрыярхальных стасункаў, але ўсё адно дагэтуль існуе безьліч пар, якія жывуць менавіта па прынцыпе «каханьне важней за ўсё».

Каханьне = дабро — гэта нібыта аксіёма, а як можна ставіць аксіёму пад сумнеў?

Спасылка на каханьне — ідэальны спосаб маніпуляваць. Але цікава і тое, што маніпуляцыі каханьнем вельмі часта працуюць толькі ў адзін бок. Адзін з самых папулярных аргумэнтаў за тое, каб жанчына зьмяняла прозьвішча ў шлюбе — гэта «дэманстрацыя каханьня». І ніхто ня ў стане патлумачыць, чаму каханьне з боку мужа не ставіцца пад сумнеў з той прычыны, што ён застаецца са сваім прозьвішчам. Ад мужчын грамадзтва ўсё яшчэ не чакае кар’ерных ахвяраў дзеля сям’і, і больш за тое, лічыцца, што найлепшае, што мужчына можа зрабіць дзеля родных — гэта быць пасьпяховым прафэсіяналам. А вось ад жанчын чакаюць, што мы ня будзем мець надта моцныя прафэсійныя амбіцыі дзеля каханага і сям’і ўвогуле.

А вось ад жанчын чакаюць, што мы ня будзем мець надта моцныя прафэсійныя амбіцыі дзеля каханага і сям’і ўвогуле.

Калі прыбраць эмоцыі і размовы пра «матылькоў у жываце», дык паўстае пытаньне: чаму тое «каханьне», якое нам упарта навязваюць як самую важную частку жыцьця, аказваецца такім нязручным і нават руйнавальным для жанчыны? Гендэрная дасьледчыца Надзея Гусакоўская неяк расказвала на сваёй лекцыі, што студэнткі і студэнты вельмі балюча рэагуюць на ідэю дэканструкцыі паняцьця «каханьне». Усіх нас з дзяцінства вучылі, што каханьне — гэта штосьці сьветлае, чыстае і нават сьвятое; яно ня можа быць зьвязана ні з чым кепскім. Каханьне = дабро — гэта нібыта аксіёма, а як можна ставіць аксіёму пад сумнеў?

Але праблема не ў пачуцьцях як такіх, а ў тым, якое сымбалічнае значэньне ім надаецца ў культуры. У мінулым каханьнем апраўдвалі разьвязваньне войнаў і эксплёатацыю людзей, сёньня на яго працягваюць спасылацца, калі некаторыя зьявы ня могуць патлумачыць лягічна. Толькі вераць у гэтыя байкі, на шчасьце, усё меней і меней.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG