Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наш двор не для чужых машын!» Пікетоўцаў супраць будаўніцтва паркінгу прыняў чыноўнік


Жыхары Першамайскага раёну сталіцы разам з кандыдатам у дэпутаты гарсавету Юрасём Губарэвічам зладзілі пікет каля раённай адміністрацыі супраць будаўніцтва паркінгу на амаль 150 машынамесцаў і офіснага будынка ў дварах праспэкту Незалежнасьці — Талбухіна — Калініна.

Да пікетоўцаў чыноўнікі выйсьці не адважыліся, назіралі толькі з вокнаў. Але кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёну сталіцы Ігар Кудрэвіч «хадакоў» прыняў і выслухаў.

«Наш двор для дзяцей, а не для чужых машын»

Перад пачаткам пікету старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч рулеткай адмераў адлегласьць у 50 мэтраў ад адміністрацыйнага будынка, каб не парушаць заканадаўства.

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

На пікет выйшла блізу двух дзясяткаў чалавек. Пікет праходзіў пад пільным наглядам як мінімум васьмёх супрацоўнікаў у цывільным з камэрамі і двух мікрааўтобусаў. На плякатах надпісы: «Наш двор для дзяцей, а не для чужых машын», «Мы хочам жыць ва ўтульных дварах», «Чыноўнікі, вы нас чуеце?»

Чыноўнікі назіралі за пікетам з вокнаў. Цяжка сказаць, ці чулі яны праз шклопакеты заклікі спусьціцца са сваіх утульных кабінэтаў да пікетоўцаў, але да людзей ніхто ня выйшаў.

Тады пікетоўцы накіравалі да чыноўнікаў сваіх прадстаўнікоў.

Знайшліся тры адважныя жанчыны, якія безь перашкодаў дайшлі да прыёмнай, што на чацьвёртым паверсе.

Але пільная сакратарка выклікала ахову — міліцыянта, і параіла жанчынам запісацца на прыём.

Нечакана са свайго кабінэту выйшаў кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёну Ігар Кудрэвіч. І запрасіў жанчын на размову.

Кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёну прыняў «хадакоў»

Ігар Кудрэвіч
Ігар Кудрэвіч

Сустрэча доўжылася 40 хвілін. Ігар Кудрэвіч слухаў жанчын уважліва. Адчувалася, што ён у курсе справы, сытуацыяй валодае.

На заяву Галіны Сінілевіч, што грамадзкае абмеркаваньне было арганізавана з парушэньнямі, жыхары пра яго не былі праінфармаваныя, Ігар Кудрэвіч запярэчыў: зьвесткі былі і на сайце раённай адміністрацыі, і ў газэце «Минский курьер». Галіна Сінілевіч адказала, што ў газэце напісана няпраўда, быццам бы нязгодных з будоўляй паркінгу не было. І задала рытарычнае пытаньне: чаму думкі жыхароў раёну ігнаруюцца?

«Пытайцеся ў „Ветру“»

Ігар Кудрэвіч патлумачыў, што ўласьнік спрэчнага ўчастку — сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Вецер», і яно цяпер распараджаецца зямлёй плошчай 0,41 гектара.

«„Вецер“ цяпер фактычна гаспадар участку, зямля аддадзеная яму ў арэнду на 5 гадоў, а пасьля будаўніцтва ўчастак з забудовай цалкам пераходзіць ва ўласнасьць кампаніі», — кажа кіраўнік адміністрацыі і раіць зьвяртацца ў фірму «Вецер».

Жанчыны абурыліся: яны шмат гадоў жывуць у дамах, добраўпарадкавалі двары, пасадзілі шмат дрэваў, а цяпер іхнім дваром распараджаецца «Вецер»! Дакумэнтацыю жыхарам не паказваюць, ад іх утойваюць праўдзівую інфармацыю пра будоўлю. Намесьнік кіраўніка Першамайскай адміністрацыі Васіль Касавец адмовіўся акрэсьліць межы будоўлі — маўляў, «убачыце, калі аб’ект пабудуюць». На ўсе звароты жыхароў у Менгарвыканкам, раённую адміністрацыю, Камітэт архітэктуры прыходзяць фармальныя адпіскі.

Прывялі прыклад: ад старшыні Менгарвыканкаму Андрэя Шорца яны атрымалі адказ, што нічога не парушаецца, дамы знаходзяцца за 25 мэтраў ад меркаванага паркінгу.

«Насамрэч адзін дом будзе знаходзіцца за 13 мэтраў ад паркінгу, калі яго пабудуюць, і жыць мы будзем у „газавым мяшку“. Вы ўяўляеце, што на такім „пятачку“ будуць паркавацца 150 аўтамабіляў? Чаму не прыслухоўваюцца да жыхароў?»

Кіраўнік адміністрацыі суцешыў жанчын, што пакуль яшчэ нічога не парушана, паабяцаў асабіста запатрабаваць дакумэнты на будаўніцтва, экалягічную экспэртызу, заключэньні адмыслоўцаў. Узяў кантакты жанчын і паабяцаў праінфармаваць, калі атрымае адказы. Нават паскардзіўся, што вельмі шмат арганізацый павінны ўзгадніць дазвол на будаўніцтва, што сыстэма вельмі складаная.

«Але мы пратэставаць ня можам. І мераць мэтры ня можам. Ёсьць арганізацыі, якія нясуць за гэта адказнасьць», — сказаў кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёну Ігар Кудрэвіч. І дадаў, што па гэтай будоўлі не падпісаў яшчэ ніводнага дакумэнту.

«Менск-таўн» — кітайскі трамплін у Эўропу. Рэпартаж з будучага кітайскага гораду ў Беларусі

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG