Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калега капітана загінулага расейскага самалёта Ан-148: Я лічу, што гэта тэракт


Супрацоўнікі расейскага МНС працуюць на месцы крушэньня самалёта Ан-148, 11 лютага 2018
Супрацоўнікі расейскага МНС працуюць на месцы крушэньня самалёта Ан-148, 11 лютага 2018

Самалёт Ан-148 «Саратаўскіх авіяліній», які пацярпеў крушэньне 11 лютага, накіроўваўся з маскоўскага аэрапорту Дамадзедава ў Орск Арэнбурскай вобласьці. Ён зьнік з экранаў радараў празь некалькі хвілін пасьля ўзьлёту.

Абломкі самалёта знайшлі ў раёне сяла Сьцяпанаўскае Раменскага раёну Падмаскоўя на плошчы больш за 30 гектараў. На борце быў 71 чалавек, у тым ліку 6 чальцоў экіпажу. Усе яны загінулі.

Супрацоўнікі пошукавых атрадаў знайшлі на месцы крушэньня Ан-148 амаль 500 абломкаў самалёта і каля паўтары тысячы фрагмэнтаў целаў.

Радыё Свабода ўзяло інтэрвію ў пілёта «Саратаўскіх авіяліній», які сам шмат разоў лётаў гэтым маршрутам, у тым ліку разам з загінулым капітанам Валерам Губанавым.

«Я лічу, што гэта тэракт, усе калегі, зь якімі я пагутарыў пасьля трагедыі, таксама да гэтага схіляюцца», — сказаў дасьведчаны лётчык, які папрасіў не называць яго імя ў публікацыі.

Камандзір паветранага судна Валер Губанаў налётаў агулам 5 тысяч гадзін.

— Я шмат разоў лётаў па гэтым маршруце, у ім няма нічога асаблівага, няма нічога складанага. Зусім нядаўна я быў другім пілётам у Валера Губанава, таксама на гэтым маршруце. Валер — дасьведчаны і асьцярожны капітан паветранага судна, я б нават сказаў, скрупулёзны...

— Паведамлялася, што ў лістападзе мінулага году ў «Саратаўскіх авіялініях» праводзілася праверка Растранснагляду і былі выяўленыя парушэньні, у прыватнасьці, што да пэрыядычнасьці замены алівы ў рэдуктарах і прамываньня фільтра паветранага стартэру. Магло няякаснае тэхабслугоўваньне прывесьці да катастрофы?

— Ды нармальна ў нас усё, робяць своечасова, як належыць, па рэглямэнце. Менавіта гэты самалёт, які разьбіўся, зусім нядаўна праходзіў паглыбленыя рэглямэнтныя працы, так званую «цяжкую форму», калі дакладна ўсё разьбіраюць і правяраюць. Самалёт сам па сабе надзейны, мы адпрацоўваем няштатныя сытуацыі і на трэнажорах, і «жыўцом». Напрыклад, пасадку на адным рухавіку пасьля адмовы другога, калі трэба сысьці на другі круг пры рухавіку, які не працуе.

Калі б у іх адмовіў адзін рухавік, яны спакойна б зайшлі на новае кола і селі. У нас усе пілёты кожныя паўгода праходзяць у абавязковым парадку трэнажор і саджаюць самалёт з рухавіком, які не працуе, і ня толькі з аўтапілётам, але і ўручную. Так што я ня веру ні ў памылку пілятаваньня, ні ў тэхнічную вэрсію.

— Якая ў вас вэрсія здарэньня?

— Гэта тэракт, на маю думку. І гэта ня толькі мая вэрсія, але і шматлікіх пілётаў нашай авіякампаніі, зь якімі я паразмаўляў. Ні ад памылкі пілятаваньня, ні ад неапрацоўкі вадкасьцю (калі такое і было) самалёт бы не разваліўся ў паветры, а яго абломкі не раскідала б у радыюсе кілямэтра.

Разумееце, Ан-148 ішоў на вышыні 1800–2000 мэтраў, у гэты час гарыць шыльда «Прышпіліце рамяні», прышпіленыя і сядзяць у крэслах ня толькі пасажыры, але і бортправаднік, і экіпаж. Выключаецца яна толькі на так званым сотым эшалёне, на вышыні 3050 мэтраў, але самалёт яе нават не пасьпеў набраць.

Таксама мы ведаем, што абломкі раскіданыя на кілямэтар, целы немагчыма будзе апазнаць без генэтычных экспэртызаў, пра што сказаў міністар транспарту Максім Сакалоў. Пра што гэта кажа? Калі б самалёт разваліўся ад удару аб зямлю, целы і абломкі ляжалі б побач, кампактна, у такіх выпадках многіх нябожчыкаў знаходзяць у іхніх крэслах. А тут па частках усіх зьбіраюць... Гэта значыць, што на борце быў магутны выбух, інакш бы іх так не разьнесла, — сказаў Радыё Свабода пілёт авіякампаніі «Саратаўскія авіялініі».

Сярод імаверных прычын катастрофы іншыя экспэрты называюць таксама ўзгараньне ў рухавіку, няспраўнасьць датчыка хуткасьці, магчымае абледзяненьне і памылку пілятаваньня.

Экіпаж не пасьпеў паведаміць пра нейкія праблемы дыспэтчарам і не спрабаваў зрабіць аварыйную пасадку. Высновы пра тое, што здарылася, можна будзе зрабіць толькі пасьля агляду абломкаў самалёта і вывучэньня запісаў «чорных скрыняў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG