Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская мова ў беларускіх СМІ і вінаградарства


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Можна перайсьці на расейскую мову і наварыць сабе дадатковыя прагляды за кошт праўнука эмігрантаў з Масквы ў сталіцы Парагвая Асунсьёне. Альбо зрабіць добрую справу: распавесьці пра Беларусь хутараніну з Эстоніі і каўкаскаму чабану, якія яшчэ памятаюць расейскую мову, бо разам служылі ў савецкай арміі ў 1974 годзе на беразе Амура.

Тактычна выбар расейскай мовы будзе выйгрышам. Калі вы камэрсант, вы мусіце кіравацца патрабаваньнямі рынку. Тут і цяпер расейская мова дасьць прыбытак у выглядзе клікаў. Але стратэгічна гэта мова, якая пачала свой шлях да зьмяншэньня носьбітаў. Хіпстэрам з Таліну ці Тбілісі расейская мова непатрэбная. А калі вы думаеце пра будучыню сваёй краіны і пра будучыню свайго бізнэсу, вы таксама паспрабуеце жыць без спрыяньня пашырэньню расейскай мовы. Калі вы ўкладаецеся ў будучыню ўнукаў.

Калі вы клерк якой-небудзь дабрачыннай фундацыі зь Нямеччыны, вас такія тэмы пужаюць: «нет ли в вашых словах ксенофобии?». Няма. Я разумею траўмаваных нацызмам немцаў, але я разумею і французаў, якія даўным-даўна пачалі штрафаваць тэле-радыё за празьмерныя англіцызмы. Грошы ня могуць быць галоўным мярылам жыцьця. Гэта вечная праблема: бяз грошай цяжка, але яны не галоўныя.

Нядаўна ў дыскусіі пра расейскую мову ў беларускіх СМІ я напісаў фразу, якая можа камусьці падацца парадаксальнай: «тарашкевіца — фільтар якасьці спажыўца інфармацыі». Камэрсант-тактык вам скажа, што я напісаў глупства, бо кожны клік, кожны заход важны з гледзішча рэклямнага рынку. Але камэрсант-стратэг мяне зразумее.

Я, у сваю чаргу, адкажу, што, напрыклад, бізнэс на вырабе якаснага віна прыносіць свае плады толькі праз 50 гадоў пасьля закладаньня вінаградніку. Менавіта праз такі час новапасаджаная ў зямлю лаза дае прыдатны для працы плод. То бок той, хто садзіў, сам скарыстацца з вынікаў сваёй працы калі і зможа, то нядоўга. Так і са СМІ, і зь беларускай мовай, і зь беларусацэнтрычнай ідэяй.

Тыя, хто на сёньня апошнія 50 гадоў працуюць на беларускую ідэю, яны выніку ўжо не пабачаць. А беларуская ідэя для мяне ня толькі самапавага і павага да мінулых генэрацыяў. Гэта ідэя павагі да асобы як такой. І калі названая ідэя будзе рэалізаваная, нікому ня трэба будзе выбачацца перад клеркам эўрапейскай ці амэрыканскай фундацыі за тое, што мы ня хочам расейскую мову. Бо ўсе будуць паважаць тваю беларускую.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG