Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дагестане праходзяць маштабныя ператрусы, арганізаваныя Масквой


Маштабныя ператрусы ў Дагестане праводзяць сьледчыя з Масквы ў рамках так званай працэдуры «дэкрыміналізацыі ўладных структур рэгіёну». Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс».

Выманьне дакумэнтаў, у прыватнасьці, праходзіць у міністэрствах фінансаў, аховы здароўя, адукацыі, а таксама ў МУС і ва ўпраўленьні службы судовых прыставаў. У рэспубліцы цалкам заменены асабовы склад на пасадах дарожна-патрульнай паліцыі. Замест іх паставілі паліцэйскіх і супрацоўнікаў «Росгвардии» зь іншых рэгіёнаў Расеі. Да заканчэньня «дэкрыміналізацыі» высокапастаўленым чыноўнікам Дагестану забаранілі выяжджаць за мяжу.

Восеньню 2017 году на пасаду кіраўніка Дагестану быў прызначаны Ўладзімір Васільеў, які займаў да гэтага пасаду кіраўніка фракцыі «Адзінай Расеі» у Дзярждуме. Пасьля прызначэньня Васільеў паабяцаў правесьці ў рэгіёне праверкі з удзелам маскоўскіх сьледчых. Спэцыяльная камісія з удзелам супрацоўнікаў пракуратуры, МУС і ФСБ прыехала ў рэспубліку ў канцы студзеня.

5 лютага былі затрыманыя часовы кіраўнік урада Дагестану Абдусамад Гамідаў, двое яго намесьнікаў, а таксама экс-міністар адукацыі рэспублікі Шахабас Шахаў. Іх абвінавацілі ў крадзяжы бюджэтных сродкаў і арыштавалі на два месяцы.

Новы прэм'ер Дагестану Арцём Здуноў
Новы прэм'ер Дагестану Арцём Здуноў

Васільеў пасьля затрыманьня чыноўнікаў прапанаваў прызначыць кіраўніком дагестанскага ўраду міністра эканомікі Татарстану Арцёма Здунова. У сераду гэтую прапанову падтрымаў Народны сход рэспублікі. Рашэньне было прынятае нягледзячы на пратэсты саміх жыхароў Дагестану, якія прасілі дэпутатаў не дапусьціць прызначэньня чыноўніка зь іншага рэгіёну.

РБК раней са спасылкай на крыніцы паведамляла, што Васільеў «хоча зьмяніць правілы гульні, паводле якіх павінны жыць эліты» Дагестану, і «моцна арыентуецца [у гэтым пытаньні] на Татарстан», паколькі «якасьць кадраў» у самім Дагестане, паводле Васільева, нізкая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG