Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Непаразуменьне багоў


Зьміцер Бартосік
Зьміцер Бартосік

Гадоў пятнаццаць таму я любіў часам заходзіць у царкву Дома міласэрнасьці. Праз аднаго сьвятара. Высокі, хударлявы, падобны да Пятра Мамонава. Дакадней, да айца Анатолія зь фільма «Востраў» у выкананьні Мамонава.

У царкву я заходзіў не на сьвяты. А ў часы дэпрэсіі й хандры. І, дзіўная рэч, пасьля казаняў «мамонава» ад маёй хандры не заставалася і сьледу. Было адчуваньне, што сьвятар казаў адмыслова для мяне і пра мяне. Ад усіх яго слоў запомнілася толькі гэта: «Думайте, как угодить Богу, а не себе».

Неяк я сустрэў «мамонава» пасьля службы. І вырашыў падзяліцца сваім нацыяналістычным сумам. Адносна будучыні беларускай мовы. І пачуў наступнае: «Сколько прекрасных языков за это время умерло. Латынь ушла. Древнерусский. Древнегреческий. Великие языки! Что уже по белорусскому слёзы лить. Бог дал, Бог взял».

Я паглядзеў у ягоныя вочы і нічога, акрамя спагады, там не заўважыў. Ён ня зьдзекаваўся. Ён сапраўды хацеў суцешыць. Як мог, так і суцешыў. Больш я туды не хадзіў.

А ўспомніў я свайго «мамонава» ў сувязі з сэнтэнцыяй Георгія Панамарова пра розных багоў: «Задача униатов — сказать, что у нас один Бог. Извините, но у нас не один Бог, друзья мои. У вас свой Бог, потому что вы по-другому в Бога верите. Вы по-другому его исповедуете».

Мне стала няёмка за тых суайчыньнікаў, якія пачалі даказваць, які Георгі Панамароў недалёкі і як ён ня мае рацыі. У тым і рэч, што мае. Як і мой даўні «мамонаў».

На руінах Расейскай праваслаўнай царквы па волі таварыша Сталіна ў 1943 годзе была стораная Руская праваслаўная царква. Да рэвалюцыі патрыярхі называліся патрыярхамі «всея России». Але называцца патрыярхам «всея России» ўжо было замала. Бо Расея была толькі РСФСР. А «патрыярх Маскоўскі і ўсяго Савецкага Саюзу» гучала праўдзіва, але анэкдатычна. Вось тады, у 1943-м, і зьявілася афіцыйная «Русь». Вось толькі для незалежнай Беларусі ў гэтым сэнсавым абшары месца папросту няма. Бог Вялікай Русі беларускую мову ня чуе. Гэта Бог Вялікай Дзяржавы. Бог Сталіна. Бог крылатых ракет і атамных падлодак. Грозны, ваяўнічы, прыгожы. Такі ж прыгожы, як экзарх Павел.

Ва ўніяцкіх жа храмах людзі моляцца не за вялікую дзяржаву. Моляцца за родную мову, за шчасьлівы лёс сваёй краіны, за мір. Моляць беларускага Бога пра невялікія рэчы. І Бог гэты падобны хутчэй да гарадзкога інтэлігента-настаўніка, чым да сівабародага адмірала.

Уніяцкі беларускі Бог і Бог маскоўскі адрозьніваюцца, як беларуская «дзяржаўнасьць» адрозьніваецца ад «Державности». Як «вялікасьць» ад «Величия».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG