Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры вэрсіі пазачарговых выбараў у Азэрбайджане


Ільхам Аліеў

Сёньня прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў падпісаў распараджэньне пра абвяшчэньне пазачарговых прэзыдэнцкіх выбараў. Яны прызначаныя на 11 красавіка 2018 году, а павінныя былі адбыцца ў кастрычніку сёлета. Чаму Аліеў прысьпешыў выбары на паўгоду?

З такім пытаньнем мы зьвярнуліся да Маўсуна Гаджыева, азэрбайджанскага дасьледчыка і грамадзкага дзеяча ў выгнаньні, кіраўніка Цэнтру рэлігійных і палітычных дасьледаваньняў імя Карла Бэкэра. У 2006-2013 гадах Гаджыеў працаваў карэспандэнтам расейскай газэты «Коммерсант» у Беларусі. З 2013 году жыве ў Бэрліне.

Маўсун Гаджыеў
Маўсун Гаджыеў

— ​ Гэта 8-я прэзыдэнцкія выбары ў Азэрбайджане і раней ніколі такога не было, каб улады самі перанесьлі выбары на больш раньні тэрмін. Чаму гэта было зроблена — на гэты конт існуе некалькі вэрсіяў.

Адна — гэта тое, што Раміз Мехціеў, цяперашні кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі, мае вялікія праблемы са здароўем. Яго называюць «прарабам азэрбайджанскай рэальнасьці», ён сканцэнтраваў у сваіх руках кантроль за ўсімі сілавымі структурамі, ён жа арганізоўваў усе выбарчыя кампаніі.

Раміз Мехціеў
Раміз Мехціеў

Таму, паводле гэтага тлумачэньня, уладам трэба ў тэрміновым парадку правесьці прэзыдэнцкія выбары.

Другая вэрсія, што азэрбайджанскім уладам усё цяжэй устаяць перад патрабаваньнямі Захаду і давядзецца вызваліць палітвязьняў і галоўнага зь іх, лідэра арганізацыі REAL (Рэальная альтэрнатыва) Ільгара Мамедава. І ўладам хацелася б правесьці выбары да яго вызваленьня.

Ільгар Мамедаў
Ільгар Мамедаў

​Але мне асабіста найбольш імавернай падаецца трэцяя вэрсія, згодна зь якой улады зьбіраюцца правесьці чарговую дэвальвацыю маната, нацыянальнай валюты.

Папярэдняя дэвальвацыя была 4 гады таму. У 2014 годзе адзін эўра каштаваў адзін манат, зараз манат каштуе 50 эўрацэнтаў. Папярэдняя дэвальвацыя прывяла да масавых беспарадкаў у краіне, і ня толькі ў Баку, але і ў рэгіёнах. І ўладам хацелася б пазьбегнуць супадзеньня перадвыбарчай кампаніі і падобных беспарадкаў з прычыны новай дэвальвацыі.

— ​ Вы працавалі ў Беларусі журналістам. Напэўна, памятаеце, што ў 2006 годзе Аляксандар Лукашэнка таксама прысьпешыў выбары. Зараз у Беларусі таксама вядуцца размовы аб зьмене тэрмінаў выбараў, ці то парлямэнцкіх, ці то прэзыдэнцкіх. Пра гэта шмат кажа старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. У Казахстане ў 2015 годзе прэзыдэнт Нурсултан Назарбаеў таксама перанёс выбары на больш раньні тэрмін. Ці ёсьць нейкая аналёгія з беларускім і казахстанскім пераносамі, ці ў Азэрбайджане свае прычыны?

— ​Па шчырасьці, у казахстанскіх рэаліях я не абазнаны. А ў Беларусі я сапраўды працаваў 7 гадоў карэспандэнтам «Коммерсанта» і выбары 2006 году былі першымі, на якіх я працаваў.

У гісторыі Азэрбайджана падобных прэцэдэнтаў не было. Бывала рознае, скажам, у 1992 годзе тагачасны прэзыдэнт Аяз Муталібаў падаў у адстаўку, адбыліся датэрміновыя выбары. У 1993 годзе адбыўся дзяржаўны пераварот і выбары, на якіх Гэйдара Аліева абралі прэзыдэнтам, скажам так, таксама адбыліся па-за чаргой.

Але з таго часу тэрміны прэзыдэнцкіх выбараў не парушаліся. У Беларусі ў 2006 годзе гаварылі, што Лукашэнка перанёс выбары, бо не хацеў, каб яны супалі з пасяўной.

Сытуацыі, відаць, розныя, але не выключаю, што ў Баку названыя прэцэдэнты бяруць пад увагу, маўляў, у Менску пераносілі, у Астане пераносілі, а чаму б і нам не перанесьці?

— ​ Ці ня можа быць матывам рашэньня Аліева расейскі фактар? У 2015 годзе, калі Назарбаеў пераносіў выбары, даваліся неафіцыйныя тлумачэньні, што гэта робіцца, каб Пуцін, барані Бог, не паспрабаваў умяшацца ў выбары на хвалі заваёвы Крыму і Данбасу. А датэрміновыя выбары рабілі гэты сцэнар у Казахстане менш імаверным. А ў Азэрбайджане ня можа быць падобных разьлікаў?

— ​ Азэрбайджанская сытуацыя мае адзін чыньнік, які адрозьнівае яе і ад беларускай, і ад казахстанскай. У Азэрбайджане няма прарасейскіх сілаў за межамі ўлады. Перасьцярогі, што Ўладзімер Пуцін захоча замяніць Ілхама Аліева на некага іншага, недарэчныя. У Казахстане ёсьць хаця б вялікая расейская грамада, а дзе Азэрбайджан і дзе «расейскі сьвет»? Гэтая аналёгія для Азэрбайджана неактуальная.

— ​ Наколькі азэрбайджанскія прэзыдэнцкія выбары гэтага году, пройдуць яны ў красавіку ці прайшлі б кастрычніку, на нешта ўплываюць? Наколькі я ведаю, у Азэрбайджане ўсё ў гэтым сэнсе строга, прыкладна як у Беларусі, напішуць тыя лічбы, якія трэба. Ці гэта не зусім так, можа, улада і сапраўды не хацела б, каб народная рэакцыя на магчымую дэвальвацыю азмрочыла выбары?

— ​ Азэрбайджанская рэальнасьць адзін у адзін супадае з беларускай. Апазыцыя маргіналізаваная і абяскроўленая. Апошнія прэзыдэнцкія выбары, на якіх апазыцыя спрабавала супраціўляцца, былі выбары 2013 году, калі апазыцыя здолела абʼяднацца і вылучыць адзінага кандыдата. Тады апазыцыя спрабавала пратэставаць супраць фальсыфікацыяў, але ўсё адбылося па адпрацаваным сцэнары.

Сёлета, наколькі я разумею, выбарчая тэма ў апазыцыйных колах нават не абмяркоўваецца. На гэты год няма нават колькі-небудзь сурʼёзных плянаў. Што ва ўладаў выклікае перасьцярогі, дык гэта небясьпека сацыяльных выступаў, асабліва пасьля «арабскай вясны» і ўкраінскага Эўрамайдану. Варта прыгадаць, што напачатку Эўрамайдану апазыцыя не адыгрывала ў ім аніякай ролі. Там усё пачалося спантанна. І ўлады перасьцерагаюцца менавіта такога, спантаннага сцэнару. Таму яны б хацелі пазьбегнуць супадзеньня выбарчай кампаніі і магчымых пратэстаў з прычыны імавернай дэвальвацыі.

— ​ Хацелі б пазьбегнуць нечага падобнага на пратэсты «недармаедаў» у Беларусі ў лютым-сакавіку летась?

— ​ Хутчэй нечага падобнага на беларускія «маўклівыя пратэсты» 2011 году. Апазыцыя тады таксама не ўзначальвала працэс, наколькі я памятаю.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG