Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аргкамітэт сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР праводзіць маратон «Сэлфі незалежнасьці»


Як падае агенцтва БелаАН, маратон пачаўся 3 лютага, за 50 дзён да юбілею абвяшчэньня незалежнасьці БНР (25 сакавіка). Удзельнікі акцыі маюць намер кожны дзень зьбірацца каля дамоў па праспэкце Незалежнасьці — ад нумара 50 на плошчы Якуба Коласа да нумара 1.

3 лютага акцыя пачалася каля ля дому № 50 па праспэкце Незалежнасьці, дзе знаходзіцца Беларуская дзяржаўная філярмонія. Арганізатары мерапрыемства падкрэсьліваюць, што гэта ня вулічнае мерапрыемства, а сумесны здымак, а таму для яго не патрабуецца дазвол сталічных уладаў.

Мерапрыемства, як паведаміў сустаршыня аргкамітэту БХД Павел Севярынец, здымалі пяць супрацоўнікаў міліцыі.

«Нас было 12 удзельнікаў, мы сфатаграфаваліся каля філярмоніі, правялі шоў, на якім задаваліся пытаньні пра гісторыю БНР. Тром пераможцам уручаныя прызы — календары дат, зьвязаных з дзейнасьцю БНР», — сказаў Севярынец.

Затым удзельнікі сфатаграфаваліся на другім баку праспэкту Незалежнасьці, каля помніка Якубу Коласу.

«На наступныя сэлфі мы плянуем запрашаць зорак: дэпутатаў, якія ў 1990-х гадах прагаласавалі за незалежнасьць Беларусі, пісьменьнікаў, музыкантаў, палітыкаў. Сярод іх Зьміцер Дашкевіч, Станіслаў Шушкевіч, Уладзімір Някляеў», — паведаміў Севярынец.

Ці адбудуцца шэсьце і мітынг — пакуль невядома

Заяўка на правядзеньне вулічнай акцыі 25 сакавіка, у Дзень Волі, была пададзеная ў Мінгарвыканкам 25 студзеня. Яе падпісалі прадстаўнікі 13 партый і арганізацый, якія ўваходзяць у аргкамітэт правядзеньня акцыі.

Актывісты апазыцыі просяць Мінгарвыканкам дазволіць правесьці 25 сакавіка ня толькі традыцыйную дэманстрацыю і мітынг, але і канцэрт у цэнтры горада.

Дзень Волі адзначае дэмакратычная грамадзкасьць Беларусі, афіцыйна гэтага сьвята ў краіне няма.

Летась улады жорстка разагналі акцыю на Дзень Волі.

У аргкамітэт сьвяткаваньня 100-годздзя БНР уваходзяць Партыя БНФ, аргкамітэт стварэньня БХД, Аб’яднаная грамадзянская партыя, рух «За Свабоду», рух салідарнасьці «Разам», Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), аргкамітэт стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), аргкамітэт партыі «Беларускі рух», ініцыятыва «Дзея», прафсаюз РЭП, рух «За незалежнасьць і дзяржаўнасьць», кампанія «Эўрапейская Беларусь».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG