Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызісная Алімпіяда


Алег Дашкевіч

Нечаканы вэрдыкт Міжнароднага арбітражнага суду, які апраўдаў большую частку дыскваліфікаваных расейскіх алімпійцаў, напаліў і без таго гарачую атмасфэру, што да Алімпійскіх гульняў у карэйскім Пхеньчхане.

Справа нават ня ў тым, што гэткі вырак зрабіў скрайне складанай тэхналёгію пасьпяховай рэабілітацыі, аж да ўдзелу апраўданых расейскіх атлетаў у Алімпіядзе, бо надта мала часу й не адпрацаваная сыстэма такой выключна тэрміновай амністыі. Пытаньне ў іншым. Здаецца, што Міжнародны алімпійскі камітэт у прынцыпе не дае сабе рады зразумець сёньняшнюю Расею — што для гэтай краіны значаць вялікія спартовыя форумы, і пагатоў Алімпіяда.

МАК разглядаў і разглядае праблему ўжыванага расейцамі допінгу на мінулай зімовай Алімпіядзе ў Сочы выключна як праблему лякальную, спартовую, але для Расеі пасьпяховыя дасягненьні на Алімпіядзе — задача ўнівэрсальная, якая дазваляе гэтай краіне, дзе складаныя палітычныя, эканамічныя і ідэалягічныя клопаты, на час суцішыць тыя клопаты і працягнуць сваё існаваньне. Бо заваяванымі мэдалямі расейскі рэжым затыкае дзіры ва ўсіх напрамках свае дзейнасьці, зьніжае ўвагу да карупцыі ў краіне, рэтушуе праблему міжнародных санкцый за вайну з Украінай.

Станоўчы вынік ад удзелу й колькасьць здабытых расейскімі спартоўцамі перамог і мэдалёў ёсьць індульгенцыяй расейскаму кіроўнаму рэжыму для далейшага пасьпяховага існаваньня, а народу ў цэлым і маленькаму чалавечку зь якога Таржка ці Разані — тэма для асабістага гонару.

Алімпіяда — пытаньне жыцьця й сьмерці, і таму на Алімпіядзе Расея мусіць быць першай, а калі не, то ў вачох расейскага народу Расея мусіць выглядаць несправядліва пакрыўджанай, бо асабіста несправядліва пакрыўджаным з боку падступнага МАКу адчувае сябе маленькі чалавечак з Таржка ці Разані. На гэта працуе ўся расейская прапаганда, усе расейскія дзяржаўныя інстытуты, СМІ, палітычныя тэхналёгіі. Працуюць сыстэмна, а не час ад часу.

На кану стаіць надта шмат, каб так проста адпусьціць тэму дыскваліфікацыі і няўдзелу ў алімпійскім форуме, які акрэсьлівае жыцьцё краіны, прынамсі на два гады наперад, да летняй Алімпіяды.

Калі ведаеш зь дзейнасьці Газпрому, як дзеля сваіх стратэгічных мэтаў расейскае чынавенства вырашае праблемы з патрэбнымі заходнімі чыноўнікамі, вырак Міжнароднага арбітражнага суду не такі ўжо й нечаканы. Хутчэй за ўсё, і з розных прычын гэты вырак усё ж не дазволіць апраўданым спартоўцам пасьпець заявіцца да ўдзелу ў алімпійскіх спаборніцтвах, але для расейскага рэжыму й для расейскага народу гэта ўжо ня так і важна, бо ў вачох расейцаў вырак дае такі мілы сэрцу расейскага электарату й такі неабходны расейскаму палітычнаму рэжыму імідж несправядліва пакрыўджанага, які трансфармуе незадаволенасьць жыцьцём у нянавісьць да МАК і Захаду ў цэлым.

Расея існуе ў сваёй парадыгме, якая адрозьніваецца ад парадыгмы цывілізаванага сьвету, і ня ўлічваць гэтыя абставіны, значыць, сутыкацца з такімі крызіснымі зьявамі, як гэты допінгавы скандал, які раней ці пазьней прывядзе да сыстэмнага крызісу ва ўсім алімпійскім руху, калі ня выльецца нават у нешта большае.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG