Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісту «Новай газэты» Алі Фэрузу дазволілі выехаць з Расеі


Алі Фэруз. Фота Ўлада Докшына («Новая газэта»)

Маскоўскі гарадзкі суд 2 лютага зьмяніў рашэньне Басманнага суду аб выдварэньні з Расеі аўтара «Новай газэты» Алі Фэрузу. Згодна зь сёньняшнім рашэньнем суду, Фэруз можа выехаць у трэцюю краіну, падаўшы хадайніцтва. Да таго часу ён застаецца ў спэцыяльнай установе для замежных грамадзян.

У Фэруза ёсьць праязны дакумэнт, прадстаўлены Чырвоным крыжам, нямецкая віза і квіткі ў Нямеччыну, якія набываліся раней. У гэтай краіне яму гатовыя даць прытулак.

Як патлумачыў адвакат журналіста Данііл Хаймовіч, суд «вырашыў, што ён можа падаць заяву і выехаць». Журналіст са свайго боку сказаў у судзе, што больш не зьбіраецца спрабаваць атрымаць прытулак або статус уцекача ў Расеі.

Хто такі Алі Фэруз

Алі Фэруз (Худаберды Нурматаў) нарадзіўся і скончыў школу на Алтаі, дзе нарадзілася яго маці, але юнацтва правёў ва Ўзбэкістане, дзе быў грамадзкім актывістам. Паводле яго, восем гадоў таму журналіст быў вымушаны пакінуць Узбэкістан, паколькі яго спрабавалі вэрбаваць мясцовыя спэцслужбы.

Узбэцкія ўлады шмат гадоў дамагаліся дэпартацыі журналіста з Расеі на радзіму. На атрыманьне прытулку ў Расеі ён падаў дакумэнты толькі ў 2014 годзе, але ў прытулку яму адмовілі.

Што адбылося з Фэрузам у Расеі

У сакавіку Фэруза затрымалі ў цэнтры Масквы за парушэньне міграцыйнага заканадаўства, а 1 жніўня затрымалі зноў і вырашылі дэпартаваць ва Ўзбэкістан. Ад моманту арышту журналіст знаходзіцца ў адмысловай установе для часовага ўтрыманьня замежных грамадзян. Паводле праваабаронцаў, пры перавозцы ў Цэнтар часовага ўтрыманьня Фэруза зьбілі судовыя прыставы — на сьпіне ў журналіста выявілі гематомы. У лісьце «Новай газэце» Нурматаў таксама заявіў, што да яго ўжывалі электрашокер.

Па словах яго адваката, неўзабаве пасьля арышту журналіст зрабіў спробу суіцыду і сказаў, што «хутчэй за памрэ, чым вернецца ва Ўзбэкістан».

Хто ўступіўся за Фэруза

У абарону журналіста выступілі Прафсаюз журналістаў Расеі, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі «Рэпарцёры безь межаў» і Amnesty International. Савет у правох чалавека Расеі таксама заявіў, што дэпартацыя Фэруза супярэчыць патрабаваньням Канстытуцыі і Эўрапейскай канвэнцыі аб абароне правоў чалавека. Эўрапейскі суд правоў чалавека ў Страсбуры са свайго боку забараніў уладам Расеі дэпартаваць яго ва Ўзбэкістан да вынясеньня рашэньня па скарзе ў гэтым судзе.

Эўрапейскі суд забараніў Расеі дэпартаваць журналіста Алі Фэруза ва Ўзбэкістан

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG