Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогеры Regnum зрабілі замах на манаполію Аляксандра Лукашэнкі


Аўтары Regnum Юры Паўлавец, Дзьмітры Алімкін, Сяргей Шыптэнка

Фармальна аўтараў агенцтва Regnum судзілі за распальваньне міжнацыянальнай варожасьці. Насамрэч яны пакараныя за тое, што замахнуліся на манаполію Лукашэнкі сябраваць з Расеяй.

2 лютага блогеры расейскага шавіністычнага сайту Regnum Юры Паўлавец, Дзьмітры Алімкін і Сяргей Шыптэнка прызнаныя вінаватымі і асуджаныя на 5 гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 3 гады. За кратамі яны правялі амаль 14 месяцаў. Гэта нават больш, чым «беларускі нацыяналіст» Эдуард Пальчыс, якога судзілі па тым жа артыкуле («за распальваньне міжнацыянальнай варожасьці»). Яго ў 2016 годзе прысудзілі да 1 году і 9 месяцаў без накіраваньня ва ўстановы адкрытага тыпу, за кратамі ён праседзеў 10 месяцаў.

Пра тое, што гэты працэс больш палітычны, чым крымінальны, сьведчыць той факт, што ўсе трое атрымалі аднолькавае пакараньне, хоць ступень віны іх розная. Дый злачынства «ў складзе групы» выклікае сумненьні. Яны сьцьвярджалі, што не былі знаёмыя. Дый якія злачынныя групы могуць быць у блогераў?

Заканамерна, што гэтая незвычайная справа выклікала вострыя дыскусіі ў беларускіх незалежных мэдыях і сацыяльных сетках. Бо, з аднаго боку, свабода слова павінная быць сьвятая і недатыкальная. Невыпадкова падсудных падтрымалі праваабаронцы. А зь іншага боку, перад пагрозай «русского мира» маладая нацыя і дзяржава павінна мець мэханізмы абароны. І досьвед Украіны тут вельмі дарэчы. Паглядзіце, якія законы цяпер прымае такая дэмакратычная краіна, як Польшча.

Згаданыя блогеры выказвалі тое, што доўгі час было мэйнстрымам афіцыйнага ідэалягічнага канструкту

Але ў гэтым судовым працэсе больш цікава выявіць лёгіку ўладаў. Бо да гэтага часу існы рэжым рэпрэсаваў толькі беларускіх нацыяналістаў. А згаданыя блогеры выказвалі тое, што доўгі час было мэйнстрымам афіцыйнага ідэалягічнага канструкту.

Вось праваахоўныя органы закідалі арыштаваным калюмністам тое, што яны дрэнна, крытычна ставяцца да беларускай незалежнасьці і дзяржаўнасьці, адмаўляюць яе.

Але пікантнасьць сытуацыі ў тым, што ў афіцыйным беларускім дыскурсе распад Савецкага Саюзу, у выніку якога ўзьнікла незалежная Беларусь, абвяшчаецца катастрофай. Аляксандар Лукашэнка шмат разоў выказваў шкадаваньне, што СССР разваліўся, называў гэта злачынствам, выхваляўся, што галасаваў супраць Белавескіх пагадненьняў (што няпраўда).

Або вось арыштаваных абвінавачваюць у тым, што яны ставяць пад сумнеў існаваньне беларускай нацыі. Дык Лукашэнка ня раз сьцьвярджаў, што «беларусы і рускія — адзін народ».

Яшчэ гэтым блогерам закідалі тое, што яны дрэнна ставіліся да беларускай мовы. Але вядомыя словы Аляксандра Лукашэнкі, сказаныя 1 сьнежня 1994 году на сэсіі Гомельскага гарсавету: «Людзі, якія гавораць па-беларуску, ня могуць рабіць нічога, акрамя як размаўляць на беларускай мове, таму што па-беларуску нельга выказаць нешта вялікае. Беларуская мова — бедная мова. У сьвеце існуюць толькі дзьве вялікія мовы — руская і ангельская». («Народная газета», 1995, 1 лютага.)

Лукашэнка заўсёды больш хваравіта ўспрымаў сытуацыю, калі беларускія апазыцыянэры атрымлівалі палітычную і матэрыяльную падтрымку з Расеі, хоць на аналягічную падтрымку з Захаду глядзеў больш паблажліва

Справа ня толькі ў тым, што палітычная сытуацыя за часы кіраваньня Лукашэнкі моцна зьмянілася. Сам ён з зацятых інтэгратараў, прыхільнікаў абʼяднаньня з Расеяй ператварыўся амаль што ў «бацьку беларускай незалежнасьці» (ва ўсякім разе, так яго спрабуюць прэзэнтаваць дзяржаўныя мэдыі).

Варта зьвярнуць увагу, што пакараныя блогеры ня проста ўхвалялі «русский мир». Такіх дзеячаў у краіне вельмі шмат. На беларускіх тэлеканалах адэпты «русского мира» (Дзермант, Баравік, Бяляеў) не вылазяць з розных ток-шоў. Але пры гэтым яны хваляць Лукашэнку і дэманструюць вернападданасьць.

А вось арыштаваныя калюмністы якраз абвінавачваюць Лукашэнку ў русафобіі, патураньні беларускаму нацыяналізму, імкненьні адарваць Беларусь ад Расеі, ісьці шляхам Украіны на Захад.

І вось якраз гэта Лукашэнка ўспрымае вельмі хваравіта. Бо ад самага пачатку свайго кіраваньня ён усталяваў сваю манаполію на ўсю сфэру беларуска-расейскіх дачыненьняў, на дружбу з Расеяй. Усе спробы іншых палітычных субʼектаў гуляць на гэтым полі жорстка перапыняліся. Нягледзячы на ўсю кампанію інтэграцыі з Расеяй, якая цягнецца чвэрць стагодзьдзя, у Беларусі няма русафільскіх, панславянскіх партый, якія б выступалі за большую ступень інтэграцыі з РФ, чым прапануе афіцыйны Менск. Як няма і падобнага тыпу газэт. Праэўрапейскія ёсьць, прарасейскіх — няма. Лукашэнка заўсёды больш хваравіта ўспрымаў сытуацыю, калі беларускія апазыцыянэры атрымлівалі палітычную і матэрыяльную падтрымку з Расеі, хоць на аналягічную падтрымку з Захаду глядзеў больш паблажліва.

А вось якраз Юры Паўлавец, Дзьмітры Алімкін і Сяргей Шыптэнка паспрабавалі разбурыць лукашэнкаўскую манаполію. Іх блогі, у якіх яны вінавацяць беларускія ўлады ў нацыяналізьме і русафобіі, былі ўспрынятыя як данос Крамлю на здрадніцтва Лукашэнкі. Такога дараваць было нельга.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG