Сьледчыя ФСБ, якія займаюцца справай аб «тэрарыстычнай суполцы» пад назвай «Сетка», лічаць, што ў яе ўваходзіла і ячэйка зь Беларусі. Пра гэта піша расейскі сайт Republic, журналісты якога азнаёміліся з матэрыяламі справы.
У ФСБ лічаць, што ўдзельнікі «Сеткі» з дапамогай тэрактаў плянавалі «разгайдаць народныя масы для далейшай дэстабілізацыі палітычнай сытуацыі ў краіне». У якасьці ахвяр плянаваліся супрацоўнікі сілавых структур і кіраўнікі мясцовых адміністрацый. Яны нібыта зьбіраліся зладзіць выбухі падчас прэзыдэнцкіх выбараў і чэмпіянату сьвету па футболе ў Расеі, а таксама ўзьняць узброены мяцеж.
У КДБ Беларусі гэтую інфармацыю пакуль не камэнтуюць.
«Пакуль без камэнтароў. Высьвятляем. Магчыма, пазьней будзе камэнтар», — сказаў Свабодзе прэс-сакратар КДБ Дзьмітрый Пабяржын.
ФСБ лічыць, што кіраваньне беларускай ячэйкі ажыцьцяўлялася зь Пензы.