Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядоўцу «Навальный Live» арыштавалі за трансьляцыю пратэстаў


На акцыі ў Маскве ў падтрымку страйку выбарнікаў, 28 студзеня 2018 году
На акцыі ў Маскве ў падтрымку страйку выбарнікаў, 28 студзеня 2018 году

Сіманаўскі суд Масквы на 8 сутак арыштаваў Руслана Шаведзінава, прэс-сакратара кампаніі расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага і вядучага YouTube-каналу «Навальный Live». Шаведзінава прызналі вінаватым па артыкуле аб парушэньні правілаў правядзеньня мітынгу за асьвятленьне акцыяў у падтрымку страйку выбарнікаў. Пра гэта з залі суду паведаміў карэспандэнт Радыё Свабода.

Шаведзінава арыштавалі, нягледзячы на тое, што ён ня ўдзельнічаў у арганізацыі усерасейскага пратэсту 28 студзеня і не вёў твітэр «Навальный Live», дзе нібыта публікаваліся заклікі да правядзеньня несанкцыянаванай акцыі. Пра гэта заявіў Вячаслаў Гімадзі, адвакат асуджанага. Ён адзначыў, што Шаведзінаў удзельнічаў у відэатрансьляцыі страйку выбарнікаў, знаходзячыся па-за межамі Расеі, а экстэрытарыяльнасьць прымяненьня закону, як выказаўся адвакат, пагражае Расеі міжнародным скандалам.

Шаведзінава затрымалі 30 студзеня ў маскоўскім аэрапорце Шарамецьцева разам з Кірай Ярмыш, прэс-сакратаром апазыцыянэра Аляксея Навальнага, пасьля вяртаньня ў Расею. 28 студзеня Ярмыш і Шаведзінаў вялі на YouTube-канале «Навальный Live» відэатрансьляцыю з акцый у падтрымку страйку выбаршчыкаў. Прамы эфір быў арганізаваны зь іншай краіны, каб яго не сарвалі паліцыянты, як гэта адбывалася падчас папярэдніх акцый пратэсту, арганізаваных Навальным.

Пасьля затрыманьня Ярмыш і Шаведзінаву вылучылі абвінавачваньні па артыкуле аб парушэньні правілаў правядзеньня мітынгу. Прысуд Ярмыш яшчэ не вынесьлі.

Навальны заклікаў да страйку выбарнікаў пасьля таго, як яму адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах у Расеі. Акцыі 28 студзеня прайшлі ў дзесятках расейскіх гарадоў, у іх удзельнічалі тысячы чалавек. Трансьляцыю з пратэстаў паглядзелі больш за паўтара мільёна чалавек. Па ўсёй краіне былі затрыманыя 350 актывістаў. У сераду за пратэст 28 студзеня на 30 сутак таксама быў арыштаваны Дзяніс Міхайлаў, каардынатар штаба Навальнага ў Санкт-Пецярбургу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG