Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр тэарэтык негвалтоўнага супраціву Джын Шарп. Яму было 90


Джын Шарп
Джын Шарп

Тэарэтык негвалтоўнага супраціву амэрыканец Джын Шарп памёр ва ўласным доме ў Бостане 28 студзеня ва ўзросьце 90 гадоў.

Падручнік Джына Шарпа негвалтоўных рэвалюцый «Ад дыктатуры да дэмакратыі» (From Dictatorship to Democracy) натхняе дысыдэнтаў многіх краінаў. Інструкцыі можна спампаваць у інтэрнэце на 24 мовах, у тым ліку па-беларуску.

Апошнія гады жыцьця Шарп жыў у адным з рабочых раёнаў амэрыканскага гораду Бостан, так і не навучыўся карыстацца інтэрнэтам. Надзвычай сьціплы, ён адмаўляў значнасьць уласных заслугаў.

У маладосьці ўдзельнічаў у акцыях пратэсту супраць расавай дыскрымінацыі і адбыў 9 месяцаў турмы за адмову ісьці на Карэйскую вайну з ідэйных меркаваньняў. Паводле Шарпа, ніякіх кантактаў з эгіпецкімі актывістамі ён ня меў, а за падзеямі сачыў па канале CNN.

Калі пачалася рэвалюцыя ў Эгіпце, ён на просьбу Радыё Свабода пракамэнтаваў тыя падзеі.

«Так, гэта быў вельмі адважны чын, яны прадэманстравалі сваю мужнасьць... У рэпартажах на CNN і ў іншых крыніцах шмат разоў паўтаралася, што людзі страцілі страх і менавіта гэтая акалічнасьць, паводле Гандзі, мае ключавое значэньне. Калі людзі страчваюць страх, справы дыктатуры — дрэнь. Адначасова ў вельмі вялікай ступені людзі здолелі захаваць негвалтоўны характар паводзінаў, нават тады, калі іх атакавалі, яны ўвесь час казалі — мірна, мірна, мірна. І гэта вельмі вялікае дасягненьне ў выпадку дэманстрацыяў, дзе было больш як мільён людзей, і гэта быў ключ да іхнай перамогі».

Адна з галоўных высноваў, да якой прыйшоў Шарп, вывучыўшы вопыт рэвалюцыянэраў тыпу Гандзі, сусьветную практыку барацьбы за грамадзянскія правы, тое, што барацьба за дэмакратыю павінна быць заснаваная на дакладна распрацаванай стратэгіі і добрым плянаваньні.

198 мэтадаў негвалтоўных дзеяньняў

Паводле ягонага перакананьня, мірныя акцыі пратэсту найбольш эфэктыўныя не з маральных меркаваньняў, а таму, што гвалт дае дыктатарам зручную падставу для рэпрэсій.

«Калі вы выкарыстоўваеце гвалтоўныя мэтады, — тлумачыць Шарп, — вы змагаецеся той зброяй, якой ваш вораг валодае лепш за ўсё, і ў выніку вы станеце героем, але мёртвым».

Шарп асабіста наведаў шмат месцаў, дзе людзі загінулі ў выніку масавых пратэстаў ( напрыклад, плошчу ў Вільні). У 1989 годзе ён прыляцеў у Кітай, каб на ўласныя вочы бачыць падзеі на плошчы Цяньаньмэнь. На пачатку дзевяностых прабраўся ў лягер паўстаўцаў у М’янме...

У сваёй кнізе Шарп прывёў 198 мэтадаў негвалтоўных дзеяньняў, якімі грамадзяне супольна могуць змагацца з дыктатурай.

Гэта, напрыклад, публічныя заявы з подпісамі вядомых людзей, вывешваньне сьцягоў і нашэньне сымбаляў, малітвы і богаслужэньні, высьмейваньне або перасьлед афіцыйных асобаў, братаньне з салдатамі, сатырычныя ўзнагароды, газэты і ўлёткі, мітынгі пратэсту ці маўклівыя акцыі, надпісы на зямлі камянямі ці кветкамі, байкот грамадзкіх падзеяў, забастоўкі, паварочваньне сьпінай або галадоўка, спыненьне сяброўства ў грамадзкіх арганізацыях, адмова ад выплаты падаткаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG