Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія паралімпійцы выступяць на Гульнях-2018 пад нэўтральным сьцягам


Стадыён у Пхенчхане.

Расейскіх паралімпійцаў дапусьцілі да ўдзелу ў зімовых Паралімпійскіх гульнях-2018 у Паўднёвай Карэі. Яны выступяць у Пхенчхане пад нэўтральным сьцягам. Аб гэтым паведамляецца на сайце Міжнароднага паралімпійскага камітэту.

Расейскія спартоўцы, якіх дапусьцяць да Гульняў, змогуць выступіць у пяці відах спорту пад пазначэньнем «Нэўтральныя атлеты-паралімпійцы», гаворыцца ў паведамленьні.

У жніўні 2016 году Міжнародны паралімпійскі камітэт адхіліў расейскую зборную ў поўным складзе ад удзелу ў Паралімпіядзе ў Бразыліі. Гэтае рашэньне прынялі ў сувязі з сыстэматычным ужываньнем допінгу ў расейскім спорце, пра якое раней заяўлялі ў Сусьветным антыдопінгавым агенцтве (WADA).

У сьнежні 2017 году адхіленьне паралімпійцаў было падоўжанае. Міжнародны паралімпійскі камітэт патлумачыў сваё рашэньне тым, што Расея ня выканала ўсіх неабходных патрабаваньняў.

На зімовыя Алімпійскія гульні ў Пхенчхане расійскія спартоўцы былі таксама дапушчаныя пад нэўтральным сьцягам як «Алімпійскія атлеты з Расеі». На мінулым тыдні Міжнародны алімпійскі камітэт зацьвердзіў сьпіс з 169 дапушчаных да спаборніцтваў расейцаў. Многія вядомыя спартоўцы ў яго не ўвайшлі.

XS
SM
MD
LG