Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Reuters: загінулы ў Сырыі генэрал з Расеі ваяваў у Данбасе


Загінулы ў Сырыі расейскі генэрал раней камандаваў сэпаратыстамі на ўсходзе Ўкраіны. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на крыніцы. Гаворка ідзе пра военачальніка з пазыўным «Туман». Знаходзячыся ў Данбасе, ён падпісваў дакумэнты як «генэрал Прымакоў». Але пасьля сьмерці вайскоўца ў Сырыі высьветлілася, што яго імя – Валеры Асапаў.

Агенцтва Reuters сьцьвярджае, што летам 2016-га генэрал Асапаў працаваў пад прыкрыцьцём. Ён нібыта камандаваў ключавым падразьдзяленьнем прарасейскіх сэпаратыстаў у самаабвешчанай Данецкай народнай рэспубліцы. Гэтую інфармацыю агенцтву на ўмовах ананімнасьці пацьвердзілі пяцёра сэпаратыстаў.

Малодшы брат генэрала таксама пацьвердзіў, што Валеры Асапаў быў на ўсходзе Ўкраіны, сьцьвярджае Reuters. Міністэрства абароны Расеі гэтую інфармацыю пакінула без камэнтароў. Фармальна Асапаў у той час, калі ён, як сьцьвярджаецца, знаходзіўся ва Ўкраіне, павінен быў праходзіць службу ў Растове-на-Доне.

Па дадзеных Reuters, Асапаў – не адзіны ваенны, якога прыслалі кіраваць сэпаратыстамі ў Данбасе. Сьцьвярджаецца, што ратацыя расейскіх камандуючых мае сыстэмны характар. Самага Асапава ўкраінскія спэцслужбы лічаць вайсковым злачынцам.

Асапаў загінуў у мінулым годзе ў Сырыі на перадавой падчас абстрэлу. Яму быў 51 год. У канцы верасьня мінулага года генэрала пахавалі пад Масквой з ваеннымі ўшанаваньнямі. На яго магіле знаходзяцца два невялікіх сьцяжка прарасейскіх сэпаратыстаў.

Канфлікт у Данбасе доўжыцца з 2014 года. За гэты час загінулі больш за 10 тысяч чалавек, у іх ліку тры тысячы мірных жыхароў. Кіеў і краіны Захаду абвінавачваюць Расею ва ўзброенай падтрымцы сэпаратыстаў, за што супраць Масквы ўвялі эканамічныя санкцыі. У Крамлі гэтыя абвінавачваньні адмаўляюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG